Выбрать главу

Частка 1. Рабаваньне

1. Хто такі Лявон

Калі б Лявона спатрэбілася апісаць адным словам, дык гэтае слова – летуценьнік. Але пакуль што ніякіх абмежаваньняў на словы дый нават на старонкі няма, і можна расказаць пра яго падрабязна. У час нашага знаёмства я працаваў наладнікам на адной зь менскіх тэлефонных станцый, а Лявона, студэнта, даслалі да мяне на практыку. Хоць за гэтыя два тыдні мы ня надта шмат гутарылі, разгледзець яго я пасьпеў як сьлед. Сярэдняга росту і складу юнак: шэра-блакітныя вочы паволі лупалі, зьлёгку хвалістыя цёмна-русыя воласы былі коратка састрыжаныя і тырчалі вожыкам на патыліцы, мяккія рысы яшчэ памяталі дзяцінства. На ягоных вуснах заўжды блукала паўсьмешка, а калі яму даводзілася гаварыць з кімсьці тварам да твару, дык ён крыху паварочваў галаву і пазіраў у вочы скосу, нібы ўнікаючы адкрытага погляду.

Апранаўся Лявон па-свойму выразна: сьветлая, пераважна белая кашуля з кароткім рукавом кантраставала з абавязковымі чорнымі нагавіцамі і чорнымі туфлямі. Кашуля запраналася ў нагавіцы, зморшчыны зганяліся за сьпіну, строгі скураны пас моцна стужаўся. Нагавіцы ледзь прыкметна блішчэлі – на адпрасаваных стрэлках, на азадку і збоку, на кішэні, дзе Лявон хаваў ключы да кватэры. Мяккія туфлі з круглымі насамі былі густа наваксаваныя, але бліскацелі не заўсёды – Лявон, хоць і насіў з сабою падарожную шчотку, часта аб ей забываўся.

Але сама незвычайныя ў ягоным выглядзе былі жэсты і хада – запаволеныя і млявыя, яны нагадвалі рух вадалазаў, што перадольваюць супраціў водных тоўшчаў. Ясны погляд Лявона рухаўся яшчэ павольней і падоўгу спыняўся на тых ці іншых рэчах альбо пунктах па-над гарызонтам. Нягледзячы на гэтае дзівацтва, гаворка Лявона прыемна зьдзіўляла складнасьцю і разважлівасьцю, а голас – выразнасьцю. Калі яму даводзілася апавядаць пра сябе, прыкладам новаму знаёмаму, Лявон зьніжаў на яго вочы дый ціха і нетаропка казаў, што вучыцца на ўнівэрсытэце, жыве ў цётачкі на Жудро, любіць музыку і чытаньне. Знаёмага гэта цалкам задавальняла; ён цікавіўся, якую менавіта музыку любіць Лявон, ці чытаў ён такое, ці да смаку яму гэткае, ну і далей, як звычайна адбываецца ў моладзі. Але наогул сябраў у Лявона вадзілася няшмат, зносінаў ён не шукаў і часта нават унікаў іх. Большасьць аднагодкаў таксама цураліся яго – ён здаваўся ім дзіваком, чужынцам з прычыны маруднасьці, задуменнасьці і звычкі выдаляцца ўвагай ад суразмоўцы ў вакно, да дрэў, далёкіх дамоў і нябёсаў.

Лявонава жыцьцё складалася з трох асноваў: летуценьняў, разважаньняў і неба. Лявон летуцеў і марыў заўсёды і ўсюды – раніцай на ложку, дарогаю на ўнівэрсытэт, на лекцыях, на перапынках, кожны вечар і ўсе выходныя запар. Асабліва добра яму марылася гледзячы ў неба. На вуліцы гэта прыводзіла да спатыканьняў і спазьненьняў, а ў памяшканьні Лявона нібы магнітам цягнула да вакна. У адчыненае вакно ён высоўваўся, абапіраючыся локцямі на падваконьнік, а да зачыненага набліжаў твар амаль усутыч, так, што ад подыху на шкле зьяўлялася вільготная пляма. Летуценьні і мары былі смутныя, нявызначаныя – пра бязьмежную будучыню, пра сьветлыя зьдзяйсьненьні. Часам ён бачыў сябе ў прасторным матэматычным кабінэце, дзе ён зь мімалётнай усьмешкай вырашаў значныя навуковыя задачы, часам – на залітым сонцам узьбярэжжы, дзе шырокім жэстам паказваў камусьці, у якім месцы трэба будаваць новы жытловы масіў.

Часам мары пакідалі будучыню, набліжаліся да сучаснасьці і ўтвараліся ў прыгожых дзяўчын, якія маглі б яму сустрэцца на вуліцы ці ўва ўнівэрсытэцкіх калідорах. Іхныя абрысы, лёткія, паўпразрыстыя, адначасна ўзбударажвалі яго і прыводзілі ў прыемны сум. А зрэдку мары згушчаліся ў спартовы ровар, і Лявон імчаў на ім прахалоднай, роснай ранішняй шашою. Міма праплывалі лёгкія летнія гаі, зьверху яго суправаджалі прыязныя вялізарныя аблокі. Стаміўшыся круціць понажы, Лявон элегантава тармазіў побач з хутарам, які паслужліва зьяўляўся ля дарогі. Аблокі спыняліся. Зь сенцаў усхвалявана выходзіла хутаранка, цудоўная, чорнавалосая. Ружовая са зьбянтэжанасьці, яна давала яму напіцца вады з коўшыка. Лявон нязмушана даставаў мабільны тэлефон (яшчэ адна слабая матэрыяльная мара), запісваў ейны нумар і зараз жа кранаўся далей, каб не змутняць мары банальнай размовай.

Зрэдку Лявону здаралася глядзець у вакно разам з кімсьці яшчэ, тады ён скоса пазіраў на суседа і бязмыльна вызначаў, ці існуе паміж імі душэўная сваяцтва, і колькі яго: калі той апускаў вочы ўніз, да вуліцы і мінакоў, дык адразу атрымоўваў нізкую адзнаку. Да суседзяў, якія назіралі на аблокі разам зь ім, Лявон адчуваў падабаньне, але і тут былі свае нюансы. Калі чалавек пачынаў прыдумляць, да чога падобнае тое ці іншае воблака, Лявон моршчыўся. Неба – яно заўсёды выдатнае, у сваёй плыўнай велічнай зьмене; параўнаньні аблокаў да зямных рэчаў прыніжалі нябёсы і сьведчылі аб занадта практычным розуме наглядальніка. I, бо практыкамі аказваліся бадай што ўсё, Лявон зь некаторага часу аддаваўся нябеснаму сузіраньню пераважна ў адзіноце, каб лішняга разу не расчароўвацца ў знаёмых. Аднойчы яму ў галаву прыйшла думка, што і цудоўная хутаранка, гледзячы на аблокі, хутчэй за ўсё пачала б радавацца на іхную падобнасьць да львоў, кітоў, чалавечых галоў, а то і горай – апусьціла б погляд, пазяхнула ў вузкую далоньку дый сказала, што ёй сумна і хочацца на танцы. Сваёй сілы ейны вобраз з гэтага ані ня страціў, нават наадварот, але з тых часоў Лявон праязджаў міма ейнае хаты пасьля заходу, калі неба ўжо зьнікала.

Позьнія вечары Лявон звычайна праводзіў у сваім пакоі, на некаторы час адрываючыся ад летуценьняў, каб пагартаць часопісы ці паслухаць магнітафон. Магнітафон быў часткай музцэнтра, старога, але надзвычайна дыхтоўнага, мяркуючы на колькасьць клявішаў, круцёлак і лямпачак на ягонай пярэдняй панэлі. Каб усталяваць касэту, трэба было націснуць пэўнае месца на панэлі – і тады ейная частка павольна адкідвалася, адкрываючы погляду электронныя вантробы з пахам цёплае плястмасы. Устаўляючы касэту, ён заўжды ўважліва прыслухоўваўся да асаблівых, далікатна-шурпатых адчуваньняў на кончыках пальцаў, калі касэта сьлізгала ў магнітафонавую зяпу – чорны плястык аб шэры плястык. Зяпа зачынялася зь мяккай пстрычкай, пачыналі рух ціхія маторыкі, і Лявон уяўляў, як музыка выцякае з магнітафона праз правады. Правады ад музцэнтра цягнуліся да чорных дынамікаў, з намаляваным на кожным шчарбатым графікам частотаў. Графік выклікаў у Лявона вялікую павагу – Лявон лічыў, што стваральнікі дынамікаў і магнітафона, якія аддалі столькі сілаў на іхнае вынаходзтва і абдумваньне, проста не маглі не дасягнуць абсалютнае дасканаласьці.

Касэты да магнітафона захоўваліся ў кніжнай шафе, на верхняй палічцы, а ніжэйшыя, за шклянымі дзьверкамі, былі запоўненыя старымі кніжкамі. Колькі разоў Лявон браў наўздагад адну зь іх і разгарнаў. Было відаць, што раней за яго гэтага не рабіў ніхто: чыстыя і зьляжалыя старонкі пахлі пылам і сухасьцю. Гаворка ўва ўсіх кнігах чамусьці кожнага разу ішла пра нейкіх князёў і нейкія ваенныя падзеі. Лявон нават усумніўся аднойчы, а ці не дастае ён заўсёды адзін і той жа том? Аднак узгадаць, якога колеру вокладка трапілася яму ўчора, не выходзіла. Назвы гэтых кніг таксама імгненна зьнікалі з галавы. Але ўва ўсякім выпадку, думка, што можна сапраўды чытаць нешта пра князёў, выклікала ў Лявона зьдзіўленьне – гісторыя не цікавіла яго.

Пад кнігамі, у самым нізе, зьмяшчаліся ягоныя ўпадабаныя часопісы: «Навука і жыцьцё», «Папулярная мэханіка», «Навука і рэлігія». Лявон выцягваў выпадковы часопіс і клаўся на ложак. Больш за ўсё яму падабаліся аповяды пра незвычайныя вынаходзтвы. Прыкладам, артыкул з малюнкамі пра прынцыпова новы водаправодны кран, распрацаваны нямецкім інжынэрам, прыносіў Лявону шчырае задавальненьне. Ён усьміхаўся, апускаў галаву на руку і разважаў, як добра было б абсталяваць усе дамы гэтым рэвалюцыйным кранам… І засынаў.

Прачынаўся праз колькі гадзін, з самлелымі рукамі і шыяй. Магнітафон даўно маўчаў. Лявон перакладаўся на сьпіну і цярпліва чакаў, калі непрыемныя адчуваньні пройдуць. Спрабуючы ўзгадаць, што яму сьнілася, ён падоўгу пакідаў погляд на розных месцах у пакоі, на рэчах. Прыкладам, на лямпе пад стольлю. Калі гарэла сьвятло, у пляфоне бачыліся тры сухія мухі, і аднойчы ўвечары ўвага Лявона засяродзілася на мухах. «Апошні раз я мыў лямпу каля паўгода таму», – напружыўшыся, успомніў Лявон. Ён прыкладна вылічыў абыймо і вывеў, што пляфон месьціць 36000 мух і можа запоўніцца імі цалкам праз шэсьць тысяч гадоў. Гэтая думка ўсхвалявала яго. «Значыцца, у канцы майго жыцьця ў пляфоне апынецца ўсяго толькі зь дзьвесьце мухаў...» Лявон узьняўся і заходзіў туды-сюды. «А ці залежыць колькасьць мухаў, што трапілі ў пляфон, ад працягласьці гарэньня сьвету? Яны ж павінныя ляцець на сьвятло», – прыйшла яму ў галаву яшчэ адна думка. Тут ён злавіў сябе на тым, што думае нейкую лухту. Лявон паставіў новую касэту, узмацніў гук і пайшоў на кухню па сок.