Выбрать главу

Гэта хтосьці са знаёмцаў аднойчы расказаў яму, што апэльсінавы сок нашмат карысьнейшы за ўсе іншыя сокі спрэс. Сказана гэта было такім упэўненым у сабе і ў соку тонам, што словы ўцяміліся Лявону ў галаву, і ён цалкам перайшоў на апэльсінавы сок, балазе яго было досыць у кожнай краме. А неўзабаве ў адным з часопісаў яму трапіўся артыкул, у якім раілася грэць сок, каб ён лепей засвойваўся арганізмам. З тога часу Лявон абавязкова падцяпляў яго: калі дома, дык у рондальцы, калі на вуліцы, дык пад сонцам ці хоць бы ў далонях. Выпіваў ён каля літру штодня: шклянку ўвечары, шклянку ўранку і астатняе на працягу дня. А часам так смыжыла, што прыходзілася ісьці ў краму па дадатковы маленькі пакунак з трубачкай. Улюбёнай шклянкаю соку была вечаровая; нават шклянка, якая ўжывалася ўвечары, была адмыслова абраная Лявонам і адрозьнівалася ад іншых звычайных: высокая, трохі пашыраная дагары, з празрыстага шкла, з выцісьненым малюнкам вінаграду і вінаграднага лісьця. Піць вечаровы сок належыла седзячы ў фатэле – павольна, уважліва смакуючы дробныя апэльсінавыя валокны на кончыку языку. Прыкладна ў гэты час касэта сканчалася, і Лявон пераварочваў яе на другі бок. Ягоныя думкі ляцелі да хутаранкі. Ровара зараз не патрабавалася, увесь шлях да ейнае хаты мільгаў смутным ценем. І вось яны ўжо стаяць побач на ганку, і яна глядзіць на яго цёмнымі вачыма. Лявон разгарнаў ложак, падсоўваўся пад цяжкую коўдру і мякка церся шчакою аб прахалодную пухоўку, уяўляючы плячо хутаранкі. І тады ўверсе жывата, у сонечным супляценьні, пачынала салодка цягнуць, як бывае, калі высока ўзьлятаеш на арэлях, але бяз боязі зваліцца. Потым ён засынаў.

Ураніцу Лявон быў халодны і горка пакеплівы. Надыходзіў час разважаць. «Як гэта ганебна, – думаў ён, – што выводныя шляхі ў чалавечым арганізме зьяднаныя з ворганамі ўтварэньня і задавальненьня». Спускаючыся лесьвіцай, ён з прыкрасьцю спрабаваў уявіць, чым мусіла кіравацца Боства, ствараючы гэткую недарэчнасьць. Зьдзек дужэйшага над слабейшым? Насьмешка над бездапаможным? Няўдалыя экспэрымэнты? «Калі б я быў Богам, ужо я б намогся нічым не пазмрочыць функцыі расплоджваньня. Патрэбна толькі аднесьці чэлес з похваю далей ад страваводу, і адразу ўсё зьменіцца. Аніякага бруду, аніякіх агідных пахаў, аніякага сораму, аніякага прыніжэньня. Дарэчы, тыя асаблівасьці, што зараз ужываюцца ў нашым арганізме, можна лічыць лепшым довадам існаваньня Бога. Эвалюцыя не магла стварыць гэткай абуральнай супярэчнасьці». Лявон змрочна глядзеў на аблокі, падазраючы іх у саўдзеле. Ці можа яны такія ж нешчасьлівыя стварэньні як і людзі? Ён даставаў з заплечніка сок і рабіў на хаду глыток.

Да ўнівэрсытэту можна было дайсьці рознымі шляхамі, прыкладна аднолькавай даўжыні, аднак Лявон аддаваў перавагу аднаму, які быў не найбліжэйшы, затое праходзіў уздоўж Камсамольскага возера, праз алеі са старымі высокімі дрэвамі. Там гулялі з сабакамі і грэліся на лаўках нешматлікія тутэйшыя жыхары, пераважна сівыя дзядулі з тэрмасамі. Лявону падабалася, як сьвет бліскае праменьчыкамі празь лісьце. Сонечныя коскі пагойдваліся пад нагамі, на камялях, на лаўках, на дзядулях. Горкая пакеплівасьць Лявона патроху выдувалася цёплым ветрам, ён зычліва глядзеў на дзядуляў ды гадаў – што там, ў іхніх тэрмасах?

Зьмеціўшы незанятую лаўку, ён садзіўся і, каб даць волю нагам, напалову высоўваў іх з туфляў. Сьпінкі лаў былі зручныя, высокія, на іх можна было адкінуцца і ўтульна адпачыць, пазіраючы на людзей ды на сабакаў. Гледзячы на чалавека, Лявон часта ўяўляў шкілет, які знаходзіцца ўнутры яго, і забавіўся, выдаляючы ў думках павярхоўную мякаць і пакідаючы толькі сухія белыя косьці. Стаўшы звычным, гэтае разумовае практыкаваньне не складала цяжкасьці, а калі ён аднойчы падрабязна разгледзеў у часопісе пабудову шкілета, выходзіла ўжо без усялякага напружаньня і прыносіла нязьменнае задавальненьне. Асабліва падабалася Лявону разглядаць рэльеф тога ці іншага носу, вызначаючы месца, дзе сканчаецца трохкутны выступ чэрапу і пачынаецца бескасьцёвы храсток, што фармуе кончык.

Сабакі таксама прыцягвалі ўвагу Лявона. Ён дрэнна знаўся на пароды і ня ведаў амаль аніводнае назвы, але некаторыя сабачыя морды памятаў лепей за твары іхніх гаспадароў. Прыкладам, пачварную зубатую са стомлена-разумным позіркам; буйную белую пушыстую з хвастом-колцам, якую хацелася абдымаць; маленечкую карычневую зь віслымі вушамі, што брахала тонкім галаском, толькі паварушыся; магутную старую аўчарку зь цяжкай хадою.

Нагледзеўшыся на мінакоў, Лявон заплюшчываў вочы і ляцеў да хутаранкі. Цяпер ён бачыў, як яна гуляе зь вялікім сабакам, зарываючыся пальцамі ў густую чорную поўсьць, сьмеючыся і жартоўна валтузячы яе. А сабака скакаў, спрабаваў стаць пярэднімі лапамі на грудзі, гучна і часта дыхаў расчыненай пашчаю, быццам сьмеючыся разам з гаспадыняй. Яна нахіляла галаву да сабакі, і ейныя валасы, ператужаныя паніж шыі ў тоўсты жмут, рассыпаліся па поўсьці. Некаторы час таму Лявон яшчэ вагаўся паміж русым і чорным колерам ейных валасоў, але ў нейкі момант даканцова зразумеў, што яны павінныя быць менавіта чорныя. І што яны адліваюць на сонцы драўняна-карычневым. Ці сінім? Лявон прычыняў вочы.

Паспаўшы паўгадзіны, ён аднаўляў шлях, змачыўшы горла сокам. З добрага настрою і добрага самаадчуваньня знутры ўзрастала энэргія, прымушала паскараць крок і штурхаць нагой каменьчыкі. Бліжэй да канчатку алеі, на правым баку, стаяла незразумелага прызначэньня сіняя скрыня на двайной белай ножцы, укапанай у зямлю. Аднаго разу, пахмурнага дню, калі алея была зусім бязьлюдная, Лявон, паддаўшыся нечаканаму імпэту, дастаў з заплечніка флямастар і напісаў збоку на скрыні: ГЕМАРОЙ. Праз боязь, што буйныя літары атрымаюцца няроўнымі і таму сьмешнымі, напіс выйшаў маладушна маленькім. Азірнуўшыся абапал і адыйшоўшы на колькі крокаў, ён зразумеў, што слова амаль неўзаметку з алеі, і трэба яго перапісаць. Але імпэт ужо выдыхнуўся, і Лявон схаваў флямастар. Цяпер, праходзячы ля скрыні, ён з сумесьсю павагі і незадаволенасьці адзначаў свой напіс. Чаму гемарой? Гэта было першае, што прыйшло яму на розум. Паходзіў жа гемарой, вядома, ад бацькі, які часта гаварыў гэтае слова.

Бацька Лявона зь ягоным малодшым братам жылі ў невялічкім мястэчку ў Гомельскай вобласьці. Лявон ужо даўно там не бываў, але гэта зусім яго не засмучала. Усе ўспаміны пра дом былі афарбаваныя раздражненьнем на бацьку – з прычыны ягонае грубасьці, неахайнасьці ды гультайства. Калі бацьку нешта здавалася складанае ці непрыемнае, дык ён моршчыўся і казаў: «які гемарой», «навошта мне гэты гемар». Адвечнымі гемароямі былі працёклая даха, падгнілы ганак, нахілены плот і чатырнаццацігадовы Мыкола, двоечнік і хуліган з такімі клясычнымі атрыбутамі, як сядзеньне па два гады ў адным клясе, цыгарэты, бойкі, гістэрыкі настаўніцы і адведзіны міліцыянтаў. Але ў цэлым бацька здольваў пасьпяхова ўхіляцца ўсіх гемарояў, і жыцьцё цякло звыкла і прыемна.

Вярнуўшыся з працы, бацька здымаў цёмна-сінія нагавіцы, каб не памяліся, у майткох ішоў на кухню і пачынаў есьці наўпрост з халадзільніка. Суцішыўшы першы голад, ён праходжваўся па хаце, муркаў якую мэлёдыю і пачухваў ногі. Калі Лявон яшчэ вучыўся ў школе, да часу вяртаньня бацькі з працы ён ужо пасьпяваў зрабіць урокі і ляжаў на ложку ў дрымоце. Ён чуў, як бацька набліжаўся да ягонага пакою, і рыхтаваўся да традыцыйных роспытаў, заўсёды аднолькавых. Дзьверы адчыняліся; каля хвіліны нічога не адбывалася. Лявон не глядзеў у той бок, але ведаў, што бацька стаіць, прыхіліўшыся да вушака, паціраючы і пагладжваючы ногі. Нарэшце ён ізноў пачынаў свой напеў і набліжаўся да стала. «Ну што, двоечнік?» Прытым, што двоек у Лявона ніколі не было. Лявон анічога не казаў, толькі паводзіў галавой у знак таго, што чуе. «Давай сюды дзёньнік». Лявон падымаўся, корпаўся ў партфэлі і працягваў дзёньнік. Бацька любіў гартаць яго з самага пачатку і перачытываць заўвагі, якія зрэдку пісалі настаўніцы. «Глядзеў у вакно на ўроку, ха-ха! Што гэта ты там убачыў, га?» Калі сёньня ці заўтра быў урок сьпеваў, дык бацька абавязкова цікавіўся, што праходзілі і што задалі. Яшчэ яму падабалася зазірнуць на апошнюю старонку, дзе былі прастаўленыя адзнакі за чвэрць, прааналізаваць схільнасьці Лявона да навук і намаляваць ягоную будучыню. Лепш за ўсё Лявону давалася матэматыка, да якой бацька ставіўся скептоўна. «Матэматыка добрая ў дадатак да чагосьці. А сама сабою яна нічога ня вартая. Хочаш быць настаўнікам у школцы, ці што?»