Выбрать главу

Лявон маўчаў, бо ня ведаў, кім ён хоча быць. Яму падабалася шпацырыць лесам, зьбіраць грыбы, сядзець ля вогнішча, купацца. Лесьніком? Чытаць кніжкі таксама падабалася. Бібліятэкарам? Бацька хацеў, каб Лявон пайшоў вучыцца на мэдычны інстытут і зрабіўся лекарам. Лявон жа лекарам рабіцца не хацеў. Аднаго разу ён ляжаў у раённым шпіталі з апэндыцытам, і яму не спадабалася агульна ўсё. Доктар быў злосны, прапахлы табаком, і аднойчы недарэчна аблаяў Лявона за незачыненыя дзьверы ў палату. Кармілі зусім прэснай ежай, а соль у сальніцах агідна зьліплася. Сетка ў ложку нязручна правісала. Суседзі гучна храплі і ўсе былі старэчага веку. Сяданкі ўнітазаў былі ў брулях. Вядома, усё гэта мела толькі ўскоснае дачыненьне да мэдыцыны, але Лявон цьвёрда пастанавіў ня быць лекарам. Тады ён яшчэ не адважваўся пярэчыць бацьку і толькі глядзеў безуважна ўбок. Бацька ані ня крыўдзіўся на гэтае маўчаньне, успрымаючы яго як паслухмянасьць; выходзіў і рушыў далей, да пакою Мыколы. Мыкола звычайна хаваўся ў каго зь сяброў, і бацька, адчуваючы абавязак выкананым, ізноў ішоў на кухню. Там яго чакала гарэлка ў халадзільніку і радыёпрымач на падваконьніку. Ён закусваў яблыкам першыя пяцьдзясят і браўся за радыёпадарожжы.

Навінаў ён не любіў і аддаваў перавагу песьням ці рамансам, асабліва пад гітару. Хоць радыёстанцыяў, якія перадавалі песьні пад гітару, было няшмат, і бацька мог бы занатаваць ці запомніць хвалі, ён гэтага не рабіў. Яму падабалася кожны раз нанова блукаць ува эфіры, зноў і зноў радуючыся выпадковаму трапленьню на ўпадабаныя станцыі. Мабыць, думаў Лявон, шыпеньне і пералівы, вымаемыя бацькам з прымача, уяўляюцца яму гульнёй брызу ў ветразях, плёскам хваляў, а сам ён, стоячы на капітанскім мастку ў беласьнежным кіцелі і фуражцы, жмурачыся на сонца і салёныя пырскі, узірае наперад, у гарызонт. У дзіцячыя гады Лявон яшчэ не адчуваў моцнага раздражненьня да бацькі, якое разьвілося пазьней; ў тыя часы ён бадай заўсёды выходзіў на кухню ды садзіўся побач. Бацька паварочваўся да яго і пытаўся, ці не жадае Лявон яечні. Потым працягваў падарожжа па станцыях. Часам Лявон прасіў яго спыніцца і даць яму паслухаць тую ці іншую песьню. Бацька настройваўся дакладней, каб шуму было меньш. Уставаў, запальваў і гучна адрыгіваў. Бацька недзе даведаўся, што адрыгіваць – традыцыйная нямецкая звычка і што анічога дрэннага ці сорамнага ў ёй няма. Яму здавалася, што гэта ўсіх нават забавіць. Але Лявон гідзіўся гэтае гадасьці ўжо тады. Настроіўшы станцыю, бацька пачынаў смажыць яечню і павольна зьядаў яе, праглынаючы яшчэ колькі чарак. У праніклівыя музычныя моманты ён дырыжыраваў відэльцам, наводзячы на Лявона шматзначна-п'яны погляд.

 «Усё ж дзіўна, – разважаў Лявон, мінуючы сінюю скрыню. – Колькі год прайшло, і я ўжо дарослы чалавек, здольны самастойна і разумна разважаць, а дзяцінства па-ранейшаму моцна трымае мяне. Цікава, гэтак усе? Ці толькі я занадта ўражлівы?» Ён спрабаваў зразумець, ці ня шкодзіць усё гэта ягонае мужнасьці, па меншае ў вачох хутаранкі. А часам нешта прымушала яго прыдумляць недарэчныя сцэны, у якіх ён выглядаў сьмешна і жаласна. Прыкладам, быццам ягоны бацька адрыгівае побач з хутаранкай. Лявон дранцавеў з сораму і губляўся, ня ведаючы, як сябе паводзіць. Хоць падобныя думкі наведвалі яго і нячаста, але пасьля кожнага іхнага ўплыву на ўскрайку сьвядомасьці доўга заставаўся каламутны асадак.

Вяртаючыся з унівэрсытэту, Лявон рабіў невялікі крук і заходзіў у прадуктовы аддзел на першым паверсе ЦУМа, каб аднавіць запасы апэльсінавага соку. Прадаўнікі ў аддзеле ніколі не зьмяняліся, даўно ўжо памяталі яго і гатовыя былі ўсьміхацца і вітацца, але Лявон рабіў выгляд, што нікога ня ведае, што ён тутака ўпершыню. Прадаўнікі тады таксама сур’язьнелі, адводзілі погляды і зноў пачыналі гутарку паміж сабою. Лявон аніколі не задумваўся, чаму ён цураецца гэтых любых і зычлівых людзей. Мабыць, ён падсьвядома баяўся, што, пачаўшы вітацца і наблізіўшыся да іх, ён адкрые нейкую сваю таямніцу ды стане ім падуладны. Сокі стаялі ў глыбіні, па-за малочнымі прадуктамі. Кожнага разу Лявон уважліва аглядаў палічкі ў пошуках новых гатункаў: марка, якую ён звычайна піў, ужо надта надакучыла яму, нават сваім вонкавым выглядам. На пакунку былі намаляваныя два апэльсіна, адзін цэлы, другі разрэзаны. «Бязьмежная фантазія», – пасьміхаўся Лявон. Але выбар сокаў заўсёды заставаўся ранейшым, іншага такога ж, натуральнага і бяз цукру, не было. Адначасна ён прыслухоўваўся да прадаўнікоў, іхная гутарка нязьменна круцілася вакол нейкіх ціхіх песень. Вышэйшы прадаўнік, ня дужа стары, але сіваваты, заўсёды вельмі сур'ёзны, тлумачыў калегам нешта пра ўнікоўнасьць. Невысокі і мажны згаджаўся, але з агаворкамі, мабыць ён любіў навуковую дакладнасьць і верыў у аб'ектыўнасьць. Трэці, зусім юнак, у размове ўдзелу ня браў, але часта нягучна напяваў, пазіраючы на Лявона. «Як ім не надакучае пра адно і тое ж? – думаў Лявон. – Што за песьні такія?» Ён браў два-тры літровыя пакункі са сваім сокам і кіраваўся да выйсьця.

У тую пятніцу, зь якой пачынаецца гісторыя, шляхам дадому Лявона апанаваў настрой, які зрэдку авалодваў ім – прага пераменаў і нават нейкага вычыну. У такія хвіліны ён рабіўся непадобны да сябе: погляд загараўся, апускаўся зь нябёсаў, рухі рабіліся рэзкія і дакладныя, зьяўлялася здольнасьць да складнае мовы. Такія настроі былі падобныя да тога імпэту, што некалі падштурхнуў яго размаляваць сінюю скрыню, але мацнейшыя ды сьвятлейшыя. Адкуль яны бяруцца і што зь імі рабіць, ён не разумеў, і толькі паскараў крок, бліскаючы вачыма. Дык вось, у тую пятніцу Лявону прыйшла ў галаву адважная думка – пачаць вітацца з прадаўнікамі ў ЦУМе. І, мажліва, пазнаёміцца. І – хто ведае? – можа нават распытаць іх пра гэтыя ціхія песьні. Ён наважна ўзьбег каменнай лесьвіцай, штурхнуў дзьверы і рушыў да прадуктовага аддзелу, чакаючы ўбачыць накіраваныя на яго з-за прылаўкаў тры пары зычлівых вачэй, і падрыхтаваўшы гучнае прывітаньне. Але, да ягонае прыкрасьці, за касай сядзеў толькі невысокі і мажны, ён нешта пісаў, апусьціўшы галаву. Несупадзеньне пляна з рэчаіснасьцю было такое нечаканае, што калі невысокі і мажны нарэшце падняў на Лявона вочы, той сумеўся і адвёў погляд у бок, не сказаўшы ні слова.

Пасьля сцэны ў краме прага перамен і вычынаў амаль сьціхла, але нейкага, хоць бы невялічкага ўчынку ўсё роўна хацелася. І, калі Лявон дабраўся да хаты, зьмеркаваньне раптам прыйшло: ён пойдзе ў лазьню не ў нядзелю, як звычайна, а ў суботу. І не ў абы-якую, а ў сама далёкую, што ведаў: ружовую Чыжоўскую лазьню. Каб ня проста мыцьцё, а маленькае падарожжа.

2. Хто такі Рыгор

Знаёмцы, суседзі дый проста добрыя людзі ведалі Рыгора  за вольнага аўтасьлесара каля трыццаці, вялікага аматара выпіць і паесьці. Ён меў каржакаватую, моцную, але суладную постаць, крыху сапсаваную сьпераду чэраўцам, якое зрэшты трапна хавалася адзеньнем вольнага летняга стылю. Круглявы і высакалобы твар выжыўляўся насычана-карычневымі вачамі і густымі брывамі, а нізкі, троху падвоены падбародак надаваў яму мужнасьці. Цёмныя валасы з гадамі пачалі саступаць з лобу, і Рыгор зачосваў іх зьлёгку наўскос і рэгулярна састрыгаў. Гэтак жа рэгулярна ды ўважліва ён займаўся ўсім сваім выглядам: ніколі нельга было ўбачыць яго кепска паголеным, ці з валасінкамі ў носе, ці зь цёмнымі палосамі пад пазногцямі, ці з кетчуповай плямай на суколцы.

Тым каштоўнейшай была ягоная акуратнасьць і ахайнасьць, што бадай увесь уласны час ён бавіў у гаражох, рамантуючы аўтамабілі для прыватных кліентаў. Рамонт прыдаваўся яму нядрэнна, найскладанейшыя працы заўсёды ўдаваліся, і Рыгор выславіўся сярод аўтааматараў сапраўдным прафэсіяналам, яго раілі сябрам і сваякам. Дапамагаў яму працаваць таксама і ягоны характар, роўны, нязьменны і надта адказны. Ніколі не забыўся ён ані найменшага абяцанку і ніколі не спазьніўся да ўмоўленага тэрміну. А калі ён казаў, уздыхаючы, што той ці іншы рамонт зрабіць немажліва, дык і ніхто ўва ўсім горадзе ня ўзяўся б за яго. Але з усёй сваёй сур'ёзнасьцю Рыгор зусім ня быў сухаром, ён часта рагатаў, часам хадзіў маркотны, а калі-нікалі нават злаваўся.