Выбрать главу

Дзядзька Міхась сур'ёзна глядзеў на яго. Рыгор абяцаў пачытаць. Дзядзька Васіль у гэты момант састроіў грымасу агіды, прыадчыніўшы рот і прыжмурыўшы вочы, быццам кажучы, што ані ня варта чытаць «Вайну і мір», калі ня хочаш выпрабаваць ванітавага рэфлексу. Раптам Рыгор чмыхнуў – у яго нарадзіўся анэкдот:

– Слухайце, бацькі! Прыходзіць Талстой у аптэку і кажа – дайце мне пакунак начэпнікаў, сама вялікіх і з пупышкамі. Аптэкарка кажа – Леў Мікалаевіч! карыстацца начэпнікамі амаральна! бо павінны нараджацца дзеці! Талстой адказвае – дурніца! гэта ня мне, а Дастаеўскаму, ён сам купляць саромеецца, – і Рыгор зарагатаў.

Дзядзька Васіль і дзядзька Міхась разам скрывіліся. Дзядзька Міхась нават плюнуў з прыкрасьці, а дзядзька Васіль сказаў:

– Што за гідота, Рыгору! Ты нібы шкаляр, далібог. Аніякага густу!

Але пакрыўдзіць Рыгора было немажліва. Ён толькі ўсьміхнуўся ў адказ, разьвітаўся, паправіў торбу на плячы і рушыў. Ён яшчэ чуў, як дзядзька Васіль выказаў здагадку, што сапраўдна вялікім пісьменьнікам быў бы той, хто напісаў бы захапляючую кнігу, не абапіраючыся ні на якія інстынкты. Яшчэ колькі мэтраў, і іхныя галасы патухлі.

Рыгор любіў хадзіць і хадзіў шпарка. Ён выйшаў з двароў, перасёк вуліцу, зрэзаў рог парку і разагнаўся да сваёй звычайнай хуткасьці. Ягоны шлях ляжаў спачатку ўздоўж працяглага Чыжоўскага парку, потым мастом праз вадасховішча, потым паўз ружовае прастакутнае лазьні, потым Партызанскім праспэктам, потым празь лесапарк, трамвайнымі рэйкамі. У лесапарку Рыгор бавіў крок, спыняўся і ненадоўга сядаў на схіле з выгаралай на сонцы траўкай – адпачыць і перакусіць. Зьядаў два-тры бутэрброды з маслам і сырам, слухаючы ветрык у галінах над галавою і ціўкат птушак. За паркам праглядаўся белы плот Трактарнага завода, дзе працаваў поварам Рыгораў знаёмец. Знаёмец даўно запрашаў яго на завод у госьці, “па сумленныя працоўныя бліны”, як ён казаў. Але Рыгор так ані разу не зайшоў – ураніцу ён сьпяшаўся на працу, а ўвечары знаёмы ўжо сыходзіў дадому, ён сканчаў зьмену ці тое а чацьвёртай, ці тое а пятай гадзіне... Адпачыўшы і аднавіўшы сілы, Рыгор наважна падымаўся і ішоў наперад уздоўж трамвайных рэек ці нават па ім. Цяпер ён ужо ўваходзіў у стан, калі хацелася ісьці далей і далей, хутчэй і хутчэй. Цэнтар горада ён перасякаў на ўсю моц, а пад сканчэньне шляху, перад плошчай Бангалор, ужо трохі стамляўся. Але больш не адпачываў, бо заставалася ўжо няшмат: прайшоўшы краем парку і абмінуўшы невялікую ладную царкву, ён збочваў направа ды трапляў на фінішную прамую, вуліцу са старымі цаглянымі дамамі.

У адным з вокнаў апошняга дома, белага дзевяціпавярховіка, напалову схаванага лісьцем высокіх каштанаў, ён аднаго разу, кінуўшы выпадковы погляд, заўважыў бледны старэчы твар пад сабранымі назад сівымі валасамі. Бабулька нерухома сумавала і глядзела на дарогу, на Рыгора. Праз колькі дзён ён заўважыў яе зноў, потым яшчэ і яшчэ. Спачатку ён адчуваў лёгкае раздражненьне да бабульцы, яму не падабалася быць пад ейным наглядам і кантролем, хай і нікчэмна малым. Але пакрысе бледны твар у вакне зрабіўся яму звыклы і нават сяброўскі; калі ў некаторыя дні яго не было відаць, Рыгор смутна непакоіўся. Сёньня, задаволена адзначыўшы наяўнасьць бабулькі, Рыгор коратка і дзелавіта паглядзеў у ейны бок і кіўнуў. Зь некаторага часу, будучы ў гуморы, ён вітаў яе, хоць яна ніколі не адказвала.

Яму засталося прайсьці жоўтую тралейбусную станцыю, атачоную кругавой дарогай з суплётамі правадоў над ёю, а за станцыяй ужо пачыналася тэрыторыя гаражоў. Гаражы займалі значную плошчу і падзяляліся на сэктары, якія належылі розным таварыствам. Сэктар Рыгора меў назву «Гаражны кааператыў» і пачынаўся з двух пышных каштанаў, паміж якімі ўтульна прыбудавалася хатка ахоўніка зь белае цэглы і доўгі, тонкі, выгнуты пад сваім цяжарам шлягбаўм у чырвона-белую паласу.

Рыгор валодаў двума сумежнымі гаражамі ў канцы «гаражнага кааператыву», у цяністым тупіку. Іхныя жалезныя брамы былі памаляваныя ў цёмна-вохрысты колер, які хаваў бруд і ржу. Усярэдзіне абодва гаражы злучаліся праходам, самачынна і нелегальна прарэзаным Рыгорам. У першым гаражы, які ён называў кухняй, зьмяшчаліся стэляжы са мноствам прылад, варштат з магутнымі абцугамі, невялікі сьвідравальны станок, гонар Рыгора, стары-замшэлы халадзільнік з абцякальнымі формамі ў стылі пяцідзясятых і фатэль-качалка «для кліентаў». Запаліўшы сьвятло – асьвятляліся гаражы простымі лямпачкамі, якія зьвісалі з даху на касічках правадоў – Рыгор сеў у фатэль і адчыніў халадзільнік. Пяць бутэлек піва, тры бляшанкі з тушонкай, вэнджаныя каўбаскі, спагеці, аліўкі, аўсянае печыва. Рыгор застаўся задаволены аглядам. Пад варштатам у яго захоўвалася электраплітка і рондаль, ён дастаў іх, увамкнуў плітку ў разэтку і адразу ж вымкнуў, успомніўшы, што вада ўчора скончылася.

Ісьці ў краму па пітную ваду было лянота, і Рыгор, узяўшы пустую пяцілітровую бутлю, рушыў да водакалёнкі, што ўпэўнена і незалежна сінела побач са шлягбаўмам. Рыгор падставіў пад кран бутлю і націснуў на рычаг. Пачулася падземнае сіпеньне, руцэ перадалася лёгкая дрыготка, і неўзабаве палілася вада, тоўстым празрыстым струмянём. Пакуль бутля гула і булькала, Рыгор наблізіў твар да вакна і зазірнуў праз шкло ў хатку ахоўніка. Хатка зараз пуставала, дзядзька Геня зьяўляўся на месцы не раней абеду. На запыленым стале ляжала газэта і аловак, пэўна, ён учора адгадваў крыжаванку. Тым часам бутля поўнілася і гук у ёй рабіўся ўсё цішэйшы і танчэйшы. Рыгор паспрабаваў адпусьціць рычаг менавіта ў той момант, калі бутля напоўніцца роўна даверху, але на імгненьне спазьніўся і вада плюхнула праз рыльца. Зноў запанавала цішыня. Сонца прасьвечвала лістоту клёнаў, цьвіркалі вераб'і. Удалечыні зьявіўся і зьнік мінак.

Вярнуўшыся ў гараж, Рыгор паставіў ваду кіпяціцца. Хацелася піць. Ён дастаў зь лядоўні піва, зрабіў колькі глыткоў і прайшоў у другі гараж, названы ім пакоем. Гэты гараж быў асабістай тэрыторыяй Рыгора, куды кліенты не дапускаліся. Там было аскетоўна пуста: цьвёрдая кушэтка са сьпінкай, высокі круглы столік, а насупраць – тумба з прайгральнікамі і ўзмацняльнікамі. Побач з тумбай стаялі вялізныя акустычныя калёнкі. Рыгор, акрамя любові да музыцы, быў аўдыёфілам, знаўцам чыстага і празрыстага гуку. Каб палепшыць акустыку ў гаражы, ён абцягнуў сьцены і столь старымі дыванамі, а на падлогу паклаў кавалак тоўстага лямцу. У кутку за правай калёнкай зьмяшчаўся стэляж з кружэлкамі і кампакт-дыскамі. Паставіўшы бутэльку на калёнку, Рыгор пачаў вадзіць пальцам па тарцох дыскаў, выбіраючы, што б такога паслухаць. Усё было пераслухана ўжо трыста раз, фонатэка даўно мела патрэбу ў папаўненьні.

З кухні пачуўся шып, гэта закіпела вада. Рыгор хутка выцягнуў адзін са сваіх улюбёных дыскаў, Італьянскую сымфонію Мэндэльсона з Караянам, зрабіў грамчэй і пабег да рондалю. Вада булькала і выплюхвалася на плітку. Ён сунуў у рондаль пук спагеці і пачаў ціснуць на іх, каб сагнуць і цалкам пагрузіць пад ваду. Мэндэльсон уваходзіў у сілу. Нарэшце спагеці паддаліся, і Рыгор уладкаваўся на кушэтцы, адпіваючы піва і ўважаючы імклівае моцы аркестру. Калі першая частка канцэрту скончылася, ён спыніў прайгральнік і заняўся нарэшце абедам. Гэта было да прыемнасьці нескладана: зьліць ваду са спагеці, адкрыць адмысловым нажом бляшанку, выгрузіць тушонку ў рондаль ды ўсё перамяшаць. Атрыманую страву Рыгор наклаў у плястыкавую талерку, колькі ўлезла, зачыніў што засталося ў рондалі накрыўкай, узяў відэлец і пагасіў сьвятло. Рыгору падабалася слухаць музыку ў прыцемку. З уздыхам задавальненьня ён сеў на кушэтку і націснуў гузік на пульце. Пачалася другая частка канцэрту.

Да канца сымфоніі Рыгор ужо даеў спагеці, пасядзеў на канапе, цешачыся пачуцьцём сытасьці і спакою, а потым прыняўся за справу, якой займаўся ўжо не першы тыдзень. Гэта была глябальная каталягізацыя ўсіх дэталяў і запчастак, якія захоўваліся ў ягоных гаражох. Некаторы час таму яму прыйшла ў галаву ідэя, што можна значна паскорыць пошук усякіх дробных дэталькаў, калі ведаць дакладна, дзе кожная зь іх ляжыць. Ён завёў сабе два вялікіх тоўстых сшыткі ў клетачку, у першым зь якіх зрабіў альфабэтавыя выразы на правым краю кожнае старонкі, як бывае ў тэлефонавых кніжках. У гэты сшытак Рыгор запісваў назвы дэталяў па альфабэту, з пазнакай памераў, матэрыялаў, асаблівасьцяў канструкцыі, а таксама нумар палічкі на стэляжы і нумар скрынкі. Прыкладам, «вінт дыямэтрам 5 мм, даўжынёй 20 мм, сталь, шасьцігранная галоўка, 3 адзінкі, палічка №1, скрыня №1». У другі сшытак занасіліся тыя ж дэталі, але прынцып сартаваньня быў іншы: спачатку ішлі нумар паліцы і нумар скрынкі, а потым пэдантоўна пералічвалася зьмесьціва.