Выбрать главу

Рыгор выйшаў у першы гараж і спыніўся перад бліжэйшым да выйсьця стэляжом. Верхняя частка ягоных палічак была занятая пранумараванымі і ўжо каталягізаванымі бляшанкамі і скрынкамі, а ўнізе стаялі некранутыя пакуль што рэсурсы. Ён выцягнуў зьнізу наўзгад бляшанку – трапілася з-пад кавы – сеў за варштат і са звонам і шолахам высыпаў дэталькі. Некаторыя пакаціліся ды ўпалі на падлогу. Абодва сшыткі ляжалі разгорнутыя яшчэ з учора. Рыгор узяў аловак і паглыбіўся ў працу.

Ён доўга і з густам працаваў, рашчыніўшыся ў дэтальках, паказаньнях штангэнцыркуля і запісах у сшытках. Папіваў піва, зьядаў паміж справай каўбаску-другую і пачуваўся цалкам шчасьліва. За колькі гадзін яму ўдалося ўпарадкаваць дзьве вялікія бляшанкі з-пад кавы. Ад справы яго адарваў званок будзільніка на мабілцы: пяць гадзін. Працоўны дзень скончыўся. Рыгор адсунуў сшыткі ўбок, устаў і пацягнуўся. Падняў бутэльку, падыйшоў да брамы і дапіў пару цёплых глыткоў, што засталіся на дне. Сьвятло сонца ўжо рабілася залаціста-вечаровае.

3. Як Лявон ды Рыгор пазнаёміліся

У чыжоўскай лазьні Лявон бываў толькі аднойчы, некалі даўно, і зараз трохчасовы шлях да яе стаўся сапраўднай прыгодай, з тых прыгод, што вылучаюць дзень з роўнай чаргі падобных. Дарогай Лявон уяўляў, быццам ягоныя ногі пакідаюць за сабой паўпразрыстыя сьляды, якія назусім застаюцца на зямной паверхні. Гэта была ўпадабаная Лявонава забаўка падчас шпацыраў новымі мясьцінамі – маляваць у розуме вялікую гарадзкую мапу з пункціравымі траекторыямі ўсіх ягоных шляхоў. Пракладаньне на гэтай мапе новай лініі тым больш задавальняла, чым далей яна знаходзілася ад клубка старых і будзённых ліній, якімі ён рухаўся звычайна. Сёньняшні шлях, з усімі адмысловымі адгалінаваньнямі, спантанавымі зваротамі і колькімі панічнымі імгненьнямі – ў моманты, калі страчваліся арыенціры – гэты шлях, хай і ня ўвесь, але хоць часткай пралягаў празь белыя плямы на мапе. Лявон адчуваў сябе першапраходцам, ягоны настрой няўхільна ўздымўся, і ён наблізіўся да лазьні, размаляванае ружовымі і белымі прастакутнікамі, у найлепшым гуморы.

Суботняя лазьня выявілася значна шматлюднейшая, шумнейшая ды душнейшая за нядзельную. Ён зразумеў гэта адразу, ледзь пераступіўшы парог у распранальню. Але трэба было ісьці мыцца, бо вярнуцца дадому значыла згубіць  паўдня, змарнаваўшы яго на хаду туды-сюды. Адкінуўшы сумневы і стараючыся не думаць пра зьневажальнае становішча індывіда ўва ўмовах цясноты, Лявон накіраваўся ўглыб, куды яму махнуў лазеньнік. Парожнія шафкі адрозьніваліся ад занятых наяўнасьцю зьверху бляшаных тазікаў – з нумарамі, намаляванымі чырвонай фарбай.

Адным з сама прыемных лазьневых уражаньняў для Лявона быў першы ўваход пад душ. Зьняўшы нагавіцы і зачыніўшы шафку, Лявон прайшоў у мыйную залю. На шчасьце, адзін з душаў, адразу ля дзьвярэй, быў незаняты. Выцягнуўшы рукі да круглага вэнтыля-рамонка, ён пусьціў моцную ваду і ўважліва адрэгуляваў тэмпэратуру, не сьпяшаючыся і даючы ёй час устаяцца. Потым разам ступіў пад пругкі гарачы дождж, з радасьцю адчуваючы, як імгненна бракне і цёпла цяжэе кашуля, майткі і шкарпэткі, як вільготна і ласкава тканіна аблеплівае скуру. Лявон зажмурыўся, закінуў галаву тварам да вады, падняў рукі і ўсім целам пацягнуўся ўверх. Ён усьміхаўся, адчуваючы, як тонкія, але моцныя струмені ствараюць вірчыкі ў ягоным носе і вачніцах, пырхаў і напяваў.

Потым Лявон распрануўся, кінуў мокрую адзежу ў тазік і напоўніў яго вадой. Насыпаўшы ў ваду пральнага парашку з адмысловага непрамакальнага пакуначка, ён выпраў сваю бялізну, старанна прапаласкаў яе, адціснуў і акуратна склаў у сіні мяшок «Nivea», каб па вяртаньні дадому разьвесіць на балконе і высушыць. Цяпер надыйшоў час парыцца.

Лявон першым убачыў Рыгора. Калі Лявон увайшоў у парную – пасьля высьветлілася, што трэба казаць «апарня» – ля печы, сьпіной да яго, стаяў сярэдняга росту хлопец у шэрай лямцавай шапцы-будзёнаўцы. Ён асьцярожна плюхаў на распаленыя камяні з коўшыка і пытаўся мужыкоў на верхніх паліцах, ці не занадта ім горача. Мужыкі пагладжвалі венікамі грудзі, плечы, сьцёгны і прасілі яшчэ трошачкі. Лявон не сьпяшаўся падняцца наверх, абвыкаючы. Стоячы за крок ад печы, ён разглядаў Рыгора: ягоны мужную, зьлёгку цяжкаватую постаць, магутную сьпіну, упэўненыя рухі. Каб паддаць пару, Рыгор выцягваў руку з каўшом, паварочваў яе, і пад скурай на перадплеччы пераліваліся доўгія цягліцы. Здаецца, да вады была дададзенае піва, адчуваўся далікатны хлебны водар. Наверсе ўжо пачалі хвастаць сябе венікамі, і нарэшце хтосьці гукнуў: «Хапае!» Гэта азначала, што ўжо досыць горача і больш пару ня трэба.

Рыгор апусьціў коўш у вядро і, адыходзячы ад печы, наступіў на нагу Лявону. «Даруй, браценік», – Рыгор выбачальна дакрануўся да ягонага пляча шырокай далоньню. Лявон ветліва кіўнуў, і яны разам падняліся наверх, на пляцоўку для аматараў парыцца стоячы, вакол якой зьмяшчаліся прыступкі для менш актыўных. Лявон залез на верхнюю прыступку, дзе запал быў наймацнейшы, сеў, падклаўшы пад зад разважліва прынесеную з сабою дошчачку, і заціх. З кожнага руху скуру пякло. Рыгор стаяў побач, спачатку ён махаў венікам перад сабой, спараджаючы хвалі распаленага паветра, а потым ужо і захвастаў сябе, ўсё мацней і мацней. «Аднак любіць паесьці», – адзначыў Лявон ягонае чэраўца. Потым ён прыкрыў вочы і забыўся пра Рыгора, уяўляючы, як чырвона-чорны жар працінае ягонае цела наскрозь.

Папекшыся ў парнай хвілін дзесяць, Лявон зь лёгкай запамарокай выйшаў у мыйную залю і доўга стаяў пад прахалодным душам. Тугія бруі білі з бляшанага конуса, цяжка ціснулі на галаву і на плечы. Лявон цешыўся гэтым цяжарам, гучным плёскатам і шумам вакол, ярка-фруктовым шампунавым пахам і пяшчотнымі бурбалкамі шумы, што паўзьлі ўніз па грудзёх і жываце. Ён ненадоўга вылез з-пад душу, каб пацерці нейкаму дзядзьку тоўстую сьпіну, і, адмовіўшыся ад узаемнасьці і вярнуўшыся пад бруі, назіраў, як той старанна вымывае сабе падпахі і ядры. Усё вакол здавалася Лявону ў вышэйшай ступені слушнае і патрэбнае, ён чарговага разу адчуў салодкую сапрыналежнасьць і суяднаньне з усімі гэтымі мокрымі, мыльнымі целамі.

Стаміўшыся, Лявон выйшаў у прахалодны прылазьнік, апусьціўся на сяданку свае шафкі і накінуў на плечы вялікі зялёны рушнік. Скура ягоная, здавалася, набрыняла і гула, але не балюча, прыемна. Ён паспрабаваў знайсьці слова, якое б падыходзіла да ягонага цяперашняга стану, і спыніўся на «зьнемажэньні». «Душа зьнемагла ў расстаньні», – спамянуўся радок з улюбёнага бацькоўскага рамансу. Лявон заплюшчыў вочы, і думкі звыкла паляцелі над дарогай да хутару, пад аблокамі. Сёньня хутаранка ўбачылася яму здалёку, са сьпіны, яна ішла сьцежкаю паўз залацістых палёў. Чорныя валасы, сабраныя ў тоўсты жмут, пагойдваліся ў тахт ейных крокаў, рукі трымалі нешта ля грудзяў. Ён нагнаў яе і паляцеў побач, амаль дакранаючыся да пляча. Жаўтлява-белая ільняная сукенка пахла сьвежай тканінай. Пяшчотным высокім голасам яна сьпявала чароўную незнаёмую песьню, кожнае слова якой было зразумела, але агульны сэнс вытанчаўся і зьнікаў у паветры.

Прачнуўся Лявон з холаду. Рушнік зваліўся са сьпіны і ляжаў адным канцом на падлозе, мокрай і бруднай. Ён правёў рукой па плячы ў цьвёрдых дрыжыках, потым па галаве. Валасы высахлі – мусіць, праспаў ён каля гадзіны. Лявон выцягнуў зь мяшка чыстыя майткі і шкарпэткі, адзначыўшы, што ў паступовым і даканцовым высыханьні ёсьць свая рацыя: шкарпэткі ня ліплі да скуры і напяліся лёгка. Выцерціся рушніком да такой сухасьці ніколі б не атрымалася. Стоячы нагамі на туфлях, каб не змачыць шкарпэтак, ён павярнуўся да шафцы. Каб надзець нагавіцы ў лазьні, патрабаваўся досьвед і спрытнасьць – крануўшыся падлогі, калашыны б немінуча запэцкаліся, таму іх трэба было пакласьці на сяданку ці трымаць у руках. Па чарзе балансуючы тое на адной назе, тое на другой, Лявон нацягнуў нагавіцы, акуратна разгарнуў сваю ўпадабаную белую кашулю са стаячым каўняром і панюхаў яе. Пахла сьвежа, але зь нейкім прысмакам, і ў смутнай спробе вызначыць яго Лявон наморшчыў лоб. Ён надзеў кашулю, запрануў яе ў нагавіцы, сагнаўшы зморшчыны на сьпіну, і зашпіліў пас.