Выбрать главу

Аляксей, зачараваны асенняю тайгою, грызе сухую былку, жмурыцца ад сонца, і, здаецца, сплылі ўсе клопаты i турботы, душу агарнулі спакой i цішыня.

З прыдарожных чаротаў выпырхнуў вялікі цяжкі касач, распусціў ліраю хвост, залопаў крыламі, бліснуў малінавымі завушніцамі, узляцеў на сук сухое бярэзіны. Аляксей схамянуўся, трэба спяшацца, недзе ў райана чакае маладая настаўніца.

А можа, i не маладая? Маладых сюды i пернікам не заманіш. Хутчэй якая-небудзь векавуха ці развядзёнка наважылася схавацца ў гэтай глушыні. Пажыве зіму-другую i ўцячэ, як уцякалі i да яе.

У лесе пачаліся глыбокія выбоіны, закіданыя ператрушчаным хлудам, суччам i хмызам, шырокія каляіны ад цяжкіх грузавікоў, што буксавалі тут у непагадзь, калі па тутэйшых дарогах ні праехаць, ні прайсці. Тлусты, як масла, чарназём нават пасля кароткага дожджыку раскісае і, як смала, наліпае на колы. Пад конскія падковы набіваюцца стаўбуны туга спрасаванай гразі, i бедная скаціна ідзе, як на хадулях; колы перастаюць круціцца, a коні падаюць, як падсечаныя. Тады распрагай i чакай, пакуль падсохне. Абуты i пехатою не пройдзеш — паадлятаюць падэшвы, засмактаныя тваншо, a гразі наліпае столькі, што боты спаўзаюць з ног. Тады разувайся i, коўзаючыся па чарназёме, хапаючыся за кусты, так-сяк дабрыдзеш да суседняга сяла. А да яго ісці не менш як кіламетраў трыццаць, а то i ўсе сорак.

Брукаваць дарогі тут няма чым. Хто звекаваў у гэтым балотным i таежным краі, зроду не бачыў каменя. У асеннія залевы сёлы адрэзаны адно ад аднаго i ад раённага цэнтра. Добра, калі ўдаецца прывезці пошту хоць раз на тыдзень верхам на раскутым кані.

За лета дарога ўсохла, парэпалася i аж блішчыць, толькі засталіся не зараўняныя глыбокія выбоіны. Рыпіць, тузаецца i валюхаедца з боку на бок вазок.

Аляксей прылёг на мяккае сядзенне, грызе травінку, глядзіць на заінелыя гронкі спелых рабін, на бронзавыя зіхатлівыя лістоўніцы, на цёмныя елкі, адлюстраваныя ў заброснелай вадзе прыдарожных канаў. Паміж таежнай гушчэчы прабіваюцца дымныя слупы сонечнага святла; яшчэ не апала, зіхаціць i пераліваецца сінімі i бурштынавымі каралямі раса; недзе цвінькаюць сініцы, па разгатым вывараце прашмыгнуў каланок i шапаціць у сухім чароце. Тайга сцішылася ад летняга птушынага граю, ад гулу i дзынкання вялізных аваднёў i цяжкіх калматых шэршняў, што да крыві зразаюць коней i заядаюць усё жывое. Адзіны ратунак ад ix — намазацца дзёгцем i на аглоблю павесіць кацялок з куродымам.

Легка дыхаецца ранішняй жнівеньекай прахалодай, не трэба хвастацца веццем, абіваць з каня раі аваднёў.

Таму i ўспамінаюцца нейкія дробязі, думаецца нра дарогу, пра ўсё другараднае i неістотнае. А пара б Аляксею падумаць i пра сябе, пра свой далейшы лес, крута яго павярнуць: некаму здаць каня, быкоў, вупраж — словам, школьную гаспадарку — i з'ехаць бліжэй да родных мясцін, не вазіць настаўнікам дровы, а самому вучыць дзяцей. Ён успомніў сваю палескую Ельніцу, далёкае ад бітых шляхоў мястэчка ў квецені веснавых садоў, то прапахлае даспелымі яблыкамі, то прыцішанае i белае пасля начное завірухі. Успомніліся абліччы i прозвішчы вучняў i Ніна. «Ніна, Ніна! Чаму не забраў з сабою ў атрад? Чаму не выратаваў?» Аляксей да болю сціснуў сківіцы, сілячыся праглынуць камяк, што перахапіў горла.

Здалёк ён убачыў пры дарозе маленькую хатку з адным акенцам, канавязь i копку сена каля яе. Значыць, да раёна засталося шаснаццаць кіламетраў. Аляксей хвастануў лейчынаю каня, заляскаталі на выбоінах колы i пакаціліся весялей. Кіламетры ca два грукаталі па няроўнай разбітай грэблі, а там дарога пайшла ўгару, выраўнялася, i конь пайшоў весялей. У спіну прыпякала сонца, за вухам пабег цурочак поту, зліпліся валасы. Аляксей скінуў целагрэйку, ссунуў на патыліцу суконную кепку, скруціў тоўстую цыгарку i ca смакам закурыў.

За грыўкаю пабурэлага чароту з карычневымі кіяшынамі тырчаў гарэлы бярэзнік. Апаленае вецце пасохла i асунулася. Па счарнелых ствалах грукалі дзятлы.