Выбрать главу

— Пацюканаўскі,— адказаў немалады ўжо дырэктар у рудым плашчы.— А можа б, i вы да нас надумалі? — спытаў ён у Веры.— З мовазнаўцамі зарэз. Мяне Міхал Міхалавіч не паслухаў, можа б, вы ўгаварылі. Усё весялей было б разам.

— A ў нас хто будзе вучыць рускай мове? — крышку паблажліва спытаў Аляксей,— Каторыя вашы рэчы, Вера Рыгораўна? Трэба ўцякаць, а то яшчэ вас пераманяць.— Ён узяў пукаты, з абшмулянымі бакамі чамадан i ў паласатым чахле мяккі пакунак з пасцеллю. Сяброўкі абняліся. Конь троіцкага дырэктара стаяў у двары, а Вера з Аляксеем пайшлі да канавязі.

Тым часам неба зацягнулі густыя аблокі. Аляксей укінуў Верыны рэчы ў перадок, хуценька падцягнуў церассядзельнік, далікатна памог дзяўчыне сесці ў хадок, сам лёгка ўскочыў на сядзенне, звесіў нагу i з месда пагнаў каня трухою.

Сяло праехалі моўчкі. A калі пад імі загрукатаў i захадзіў насціл моста, Вера загледзелася на шырокую цёмную раку, на пажоўклы ракітнік, на зарэчныя лугі з шаломамі стагоў, на замглёныя таежныя далі.

— Якая дзікая, маўклівая i прыгожая рака. I ўся прырода такая — загадкавая i суровая. A такіх яркіх фарбаў асенняга лесу я зроду не бачыла,— загаварыла настаўніца.

Аляксей памаўчаў, пацмокаў на каня, падварушыў яго дубчыкам i, калі скаціліся з моста, сказаў:

— Кіламетраў за дзвесце адсюль стаіць горад Тара. У ім некалі па дарозе ў Вілюйскі астрог спыняўся Радзішчаў. I, мабыць, таксама любаваўся берагамі гэтай ракі. A ў суседнім з Біязою сяле ў першыя гады рэвалюцыі жыў Павел Бажоў. Бачыце, літаратурная геаграфія побач.

— Прабачце, як вас зваць? Вы адразу не сказалі, а я спытаць не здагадалася.

— Завуць Аляксей, прозвішча Буевіч.

— А па бацьку?

— У нас толькі настаўнікаў ды старых завуць па бацьку. А я проста Аляксей. Так i завіце.

— Не магу,— настойвала Вера.— Ну як? Іванавіч, Пятровіч, Сідаравіч? Можа, Ферапонтавіч — засмяялася яна.— Я ледзь стрымалася ў райана: аднаго пажылога настаўніка звалі Арыстарх Фемістоклавіч.

— Гэта кержак. Ix тут багата. Тут сустрэнеце Флягонта, Аглаю i яшчэ мудрэйшыя імёны.

— Што гэта за кержакі? — павагаўшыся, спытала Вера.

— Памятаеце, у Мельнікава-Пячэрскага апісаны раскольніцкія скіты на Кержанцы? Частка старавераў уцякла ў Сібір. Праўда, цяпер уся моладзь бязбожнікі, але жэняцца толькі са сваімі i бытавыя традыцыі захоўваюць дзедаўскія.

Вера маўчала. Мельнікава-Пячэрскага ні ў школе, ні ў інстытуце яны не праходзілі, пра раскольнікаў i Кержанец нічога не чула, i ёй было няёмка паказваць сваю недасведчанасць. Яна сумелася i з трывогай падумала: калі такі школьны заўхоз, дык які ўжо там дырэктар? I каб толькі не цягнулася няёмкае маўчанне, вярнулася да ранейшага:

— На маё пытанне вы так i не адказалі. Як вас усё ж па бацьку?

— Калі так настойваеце, самае распаўсюджанае: Іванавіч.

Ён хвастануў каня. Хадок заскакаў з выбоіны ў выбоіну, седакоў кідала з боку ў бок, Вера праваю рукою ўхапілаея за драбінку, але ўтрымацца не магла, усё ж прыпіралася да Аляксеевага пляча i адхіналася зноў.

Аляксей раз-поразу азіраўся назад, нібы за ім хто гнаўся. Ён глядзеў на цёмную хмару, што зацягнула паўнеба. Наперадзе дарогу засцілаў сіняваты морак, тайга спахмурнела i заціхла, толькі вялікі крумкач драў глотку на аблузанай сухой асіне.

«Відаць, дажджу не мінуць»,— думаў Аляксей i паганяў цягавітага каня.

Распытваць у новай настаўніцы, адкуль яна, дзе вучылася i жыла, не стаў: лічыў нетактоўным, нават абразлівым адразу «запаўняць анкету». Ён прывык раскрываць незнаёмага чалавека паступова, павесці гаворку так, каб той сам ахвотна расказаў. Любіў назіраць i адкрываць характар збоку. Ды i нецікава дазнавацца пра ўсё адразу. Чалавек заўсёды павінен быць хоць невялічкай загадкай i тайнай.

Аляксей разумеў, што i Веры карціць распытаць пра сяло, пра школу, настаўнікаў, ці ёсць клуб, дзе ёй давядзецца жыць — пра ўсё, што цікавіла б кожнага, хто едзе на новае месца. Але маўчала i яна. Відаць, здарожылася, замаркоцілася i прыціхла.

Хадок то завальваўся ў глыбокія калдобіны — здавалася, вось-вось перакуліцца,— то ўз'язджаў на сухое ламачча, некалі накіданае на дарогу шафёрамі. Вера ўздрыгвала i інстынктыўна хапалася за Аляксееў рукаў, прасіла прабачэння i адхіналася зноў. А ён паглядаў на яе мяккую ружовую ручку з доўгімі кругленькімі пазногцікамі, адгадаванымі для манікюра. Даўно ён не бачыў такіх прыгожых рук, даўно не сядзеў поплеч з такою дзяўчынаю.

У лесе пачало цямнець, змоўк i крумкач на асіне, толькі ў прыдарожных канавах шамацеў падсохлы чарот i на выгарах гайдаўся пабурэлы скрыпень. Аляксей ведаў, што да дажджу ім дамоў не даехаць. На твары ён адчуў першыя кроплі, неўзабаве яны зашлопалі па вадзе ў канавах, пабеглі кругі i паплылі бурбалкі. Вера насунула стрэшкаю хустачку на лоб i падняла каўнер лёгкага светлага палітончыка. Аляксей з перадка выцягнуў цубкі брызентавы плашч i падаў Веры.