Выбрать главу

— Калі супакоіліся, адкажу на вашы пытанні,— стрымана i нават суха загаварыў Аляксей.— Хатка гэта ўсіх i нічыя. Стаіць яна на паўдарозе ад Тарска. У завіруху ці ў такую непагадзь тут i ратуюцца падарожнікі, як мы з вамі. Бачыце, сухія дровы. Мы ix спалім, a раніцаю трэба накалоць новых i пакласці на месца, калі заўтра некага загоніць нягода, каб было чым адагрэць душу. Вось так, паважаная... Вера Рыгораўна. Такі закон тайгі... I людзі тут суровыя i адкрытыя... як гэтая хатка.

Вера хуценька распранулася, i адразу зрабілася ўтульна i цёпла. Па страсе бубнеў дождж, звінеў цурок за дзвярыма, чутно было, як тупае i пазвоньвае цуглямі конь. А тут ціха, суха i цёпла, Зырка ўспыхнулі ў печы смалякі i залілі хатку густым хісткім бляскам. Аляксей упраўляўся, як добрая гаспадыня ў сваім доме: апаласнуў закураны вялікі чайнік, наліў повен вадою, паставіў у печ, дастаў з палічкі пучок сухога малінніку i шыпшыны, чыркнуў запалку i зазірнуў пад палок.

— Вы не супроць гарачай бульбы? — трошкі мякчэй спытаў Аляксей i выграб на хату некалькі вялікіх бульбін. Вера адчувала сябе вінаватай, i ей хацелася хутчэй згладзіць няёмкасць, што раптам узнікла між імі. I толькі па яе віне. Калі б ён ведаў, што яна надумала пра яго некалькі хвілін назад!

— А нож у вас ёсць? — ускочыла яна з услончыка.

— Тут усё ёсць,— Аляксей намацаў на палічцы ножык, насаджаны на драўляную калодачку, выцягнуў з-пад лавы чыгунок i хацеў пачаць абіраць бульбу.

— Дайце мне. Гэта не мужчынская работа,— пацягнулася, каб узяць у Аляксея ножык.

— Цяпер у рабоце сцерліся традыцыйныя грані,— запярэчыў Аляксей.— Тут кожная жанчына косіць, арэ i пілуе дровы, а любы мужчына ўмее падаіць карову. Ці варта вам пэцкаць рукі? Паслязаўтра ваш першы ўрок. А бульба адмываецца кепска.

— Ну, дайце, прашу вас.— Узяла ножык i пачала здымаць тоненькую шалупінку. Полымя з печы асвяціла яе твар, заіскрыўся залацісты пушок над верхняю губою, зардзеліся шчокі. Яна адчула сябе ў нейкім другім, неверагодным свеце, нібы трапіла ў казку. Усе, што было так нядаўна, здавалася, засталося недзе далёка-далёка, за цемраю гэтай ночы; з'явілася такое адчуванне, што ёсць толькі гэтая лясная закураная хацінка, ноч i дождж, што шуміць па даху i сцяне. I яна збоку, як у кіно, глядзіць на сябе i на ўсё, што вакол яе. I не верыць, што гэта яна, што недзе ёсць залітыя агнямі вялікія гарады, людзі, мітусня, шумныя вакзалы, сябры, з якімі развітвалася на выпускным вечары. А што наперадзе? Ці прывыкне да гэтага суровага i глухога краю? Колькі прабудзе тут? Як складзецца яе дзявочы лёс?

Аляксей выйшаў паглядзець каня, унёс i павесіў на печ дзяружку з сядзення. Чыгунок ужо булькаў на вуголлі, з рыльца адсунутага на прыпечак чайніка струменьчыкам пыхкала пара. Вера сядзела на ўслончыку каля печы, сашчапіўшы тонкія пальчыкі, i задуменна глядзела на агонь. Аляксей прывык тут бачыць калматых, прапахлых жывіцаю i потам таежных лесарубаў i паляўнічых, гаманкіх шафёраў i трактарыстаў у блішчастых ад мазуту целагрэйках. А такой чысціні, прыгажосці, як гэтая дзяўчына, ніколі тут не было. Ён глушыў захапленне, хацеў здавацца абыякавым, суровым i афіцыйным, але нешта трымцела i тахкала ў грудзях, a ў скронях звінелі маленькія малаточкі.

— О-о, у гаспадыні ўсё гатова! Толькі трэба пакласці заварку.— Узяў пучок сухога малінніку i некалькі зморшчаных ягад шыпшыны i ўкінуў у чайнік. Змёў далонню стол, апаласнуў рукі i пачаў развязваць торбачку. Разам з адсырэлым хлебам дастаў шклянку з маслам i сам здзівіўся.

— Ну i маладзец мая Дзяменцеўна! Нібы ведала, чым пачаставаць госцю.— Твар яго палагаднеў i засвяціўся добрай усмешкай.

— Гэта вы жонку завяце Дзяменцеўна? — ажывілася Вера.

— Жонкі ў мяне, на жаль, няма, а гаспадыня, бачыце, здагадлівая i добрая.

— A хіба вы не тутэйшы?

— Не, не тутэйшы. Наезджы, як кажуць. Бульбу я выцягну сам, а вас прашу за стол.— Ён кароткаю качаргою выцягнуў чыгунок, адцадзіў i паставіў на стол, накроіў хлеба, каля Веры паклаў свой сцізорык, дастаў з палічкі. газету, разаслаў на стале.

— За сервіроўку прабачце, будзем абыходзіцца як ёсць.— Ён ножыкам абскрабаў гарэлікі, прысольваў, намазваў маслам. У яго сапраўды з раніцы, апрача куфля піва, i макавае расінкі ў роце не было.

У печы выгарала, i ад гарачага вуголля на сцяне дрыжала толькі малінавая пляма, а кволы агеньчык каганца ледзь асвятляў стол. Зрабілася цёпла i ўтульна. А за сцяною шумеў дождж i шоргала па страсе вецце старое елкі; чуваць было, як мякка тупае i ўздыхае прыпнуты конь.