Выбрать главу

У выніку беларусы скрозь і заўсёды мусілі ўзводзіць абарончыя збудаванні. Даследчыкі сведчаць, што ў Сярэднявеччы на ўсіх землях Вялікага княства Літоўскага падарожнікаў сустракалі каменныя сцены, вежы, замкі, крэпасці, частакол, валы, акопы, рагаткі, равы… Нават млыны, якія лічыліся асабліва важнымі аб’ектамі, акружалі сценамі, узводзілі ля іх вежы. Вежы ахоўвалі масты. А памежныя масты былі з абодвух канцоў перагароджаны тоўстымі ланцугамі. Абарончы характар набывалі нават цэрквы і касцёлы. Да сённяшняга дня на беларускай зямлі захаваліся Сынковіцкая царква-крэпасць, Маламажэйкаўская царква-крэпасць. Як бачна, нават у саму назву святынь уключана гэтае нязвыклае для іх слова – крэпасць. Жыццё вымагала абараняцца ад ворагаў любым чынам і за любымі надзейнымі сценамі. А па-сутнасці гэтыя святыні станавіліся не толькі крэпасцямі ў фізічным значэнні гэтага слова, але і крэпасцямі духу, абаронцамі духоўнасці, веры і хрысціянства.

Яшчэ ў часы вялікага князя літоўскага Ягайлы (а жыў ён у 1351 – 1434 гадах) багатыя ўладары двароў, якія былі звычайна драўлянымі, узводзілі мураваныя вежы. У якасці ўмацаванняў кемлівыя продкі выкарыстоўвалі ўсё, што магло б дадаць абарончай здольгасці. У тым ліку прыродныя аб’екты. Нават дрэвы. Яны з’яўляліся самым надзейным сродкам для назірання: ты ўсіх бачыш, цябе – ніхто. Дарэчы, захавалася цікавае сведчанне даследчыкаў. У даўнія часы ў Мазовіі (гістарычная вобласць Польшчы ў сярэднім цячэнні Віслы і ніжнім цячэнні Нарава і Буга) раслі вялікія і старадаўнія хвойныя і цісавыя лясы. А дрэвы у іх – не меншыя за сапраўдных веліканаў. Не рэдкасцю былі нават 500-гадовыя дубы. Можаце ўявіць: іхняе дупло – як сапраўдны баявы дот альбо вежа, ці мо гэткая своеасаблівая аднаасобная крэпасць. Але чаму аднаасобная, калі ў такім дупле свабодна мог змясціцца коннік, часам і не адзін. На сабе такія дрэвы маглі трымалі цэлыя вежы з воінамі. І трымалі. Бо людзі і праўда ладзілі на такіх дрэвах схоўныя вежы, збудаваныя проста на дрэвах, сярод магутных галін. У дакументах згадваецца, што нават вядомы замак мечаносцаў Фогельзанг быў таксама збудаваны на галінах дуба. Уяўляеце – замак! Праўда гэта ці не, але ўжо адно тое, што падобная пагалоска хадзіла па зямлі, павінна было ствараць адпаведны настрой пра ўладальнікаў такіх збудаванняў.

Балоты каля замкаў і крэпасцяў і тыя станавіліся непрыступнымі абарончымі сродкамі. Нават без дадатковых затрат і намаганняў. Як прыклад можна прывесці Менскі замак. Цікавая адна папярэдняя дэталь: гэты замак будаваўся ў адпаведнасці з рашэннем полацкага князя Усяслава Чарадзея – з мэтай забяспечыць надзейную абарону межам Полацкага княства з паўднёвага боку. Значыць, моц і значэнне Менскага замка не былі першаснымі перад больш старадаўнім Полацкам, тады яны мелі галоўнае значэнне для абароны менавіта Полацка. І толькі пазней Менскі замак набыў іншыя функцыі.

Збудаваны ў развілцы Нямігі, якая двумя рукавамі ўпадала ў Свіслач, замак меў неблагую дадатковую абарону ў выглядзе балота што акружала яго, асабліва з боку цяперашняга Палаца спорту, дзе пазней былі татарскія агароды. Акрамя таго сам замак, а дакладней дзядзінец ранняга Менска, быў цалкам абнесены высокім і шырокім земляным валам, які ў падножжы меў да 25 метраў, а ўвышкі дасягаў дзесяці метраў. Для яшчэ большай надзейнасці на ўсім вале ўзвышалася высокая драўляная сцяна, унізе стаяла вада ў глыбокім рове. Таму замак сапраўды нагадваў добра абароненую крэпасць – як і належыць пабудове, што з’яўлялася рэзідэнцыяй намесніка вялікага князя літоўскага. А сама замкавая гара (такой яна тады лічылася), на якой знаходзіўся першы Менскі замак, была раскапана ў 1950-ыя гады, зямля з яе вывезена за межы горада.

Нашы далёкія продкі рабілі ўсё дзеля таго, каб надзейна абараніць сябе і сваю будучыню. Ці не таму здавён-даўна павялося, што кожны беларускі горад, кожнае значнае паселішча пачыналася з узвядзення замка. Пасля ўжо, калі на замкавым дзядзінцы станавілася так цесна, што і хаціны не паставіць, пачыналася актыўнае і размаітае жыццё вакол яго.

Прадуманасць і надзейнасць абароны патрабавала не адзінкавых збудаванняў, а цэлых сістэм, што складаліся не толькі з замка ці крэпасці. Для вялікіх абшараў гэтага было замала. Таму даводзілася адасобленыя збудаванні аб’ядноўваць агульнай абарончай задачай, а кожнаму з іх надаваць сваю, толькі яму ўласцівую функцыю. Напрыклад, вялікі князь літоўскі Гедымін, заснавальнік слаўнага сваёй гісторыяй Вялікага княства Літоўскага, першы і адзіны літоўскі кароль, мусіў абнесці землі свайго гаспадарства замкамі і ўмацаванымі гарадамі, каб бараніцца ад крыжакоў і іншых знешніх заваёўнікаў.