Выбрать главу

Беларускія замкі па самой сваёй будаўнічай сутнасці практычна амаль ніколі не былі невыразнымі, бязлікімі, аднастайнымі, змрочна насупленымі. Як дазвалялі час, грошы і густ галоўнага фундатара, у такой ступені замкі станавіліся адметнымі архітэктурнымі збудаваннямі, часта ўяўлялі сапраўдныя ўзоры нацыянальнага ваеннага дойлідства. І служылі яны не толькі для абароны. Гэта былі па-сутнасці рэзідэнцыі іхніх знаных і багатых гаспадароў. Там падтрымліваліся і развіваліся, а часта ствараліся новыя культурна-бытавыя традыцыі, там збіраліся і захоўваліся гістарычныя і культурныя памяткі, духоўныя і матэрыяльныя скарбы. І гэта, безумоўна, накладвала адбітак на ўвесь уклад замкавага побыту, а таксама ўплывала на жыццё месцічаў альбо пазазамкавых жыхароў, спрыяла руху наперад не толькі ў чыста тэхнічным напрамку, але і інтэлектуальным, духоўным, культурным. Тыя, хто абслугоўваў замак ці працаваў на ягоныя патрэбы, мелі ўжо адрозны, часам значна, погляд на рэчы, больш развіты светапогляд, у іх развіваўся іншы разумовы ўзровень.

А гаспадары замкаў хацелі яшчэ, каб ён вылучаўся сярод іншых, сведчыў пра густы і магутнасць уладальніка. Таму яшчэ на стадыі задумы, пасля праектавання, а затым і ўзвядзення клапаціліся і пра гэты аспект. Таму тыя, хто меў сродкі і магчымасць, запрашаў для ўзвядзення замкаў вядомых айчынных а то і замежных спецыялістаў, нават з Італіі.

Беларускія замкі, як і аналагічныя збудаванні ў іншых краінах, прайшлі працяглы шлях развіцця. Узніклі яны як умацаванае жыллё феадалаў. Часта пачыналіся з галоўнай вежы, пра што гаварылася вышэй, якая называлася данжонам. Паступова вакол яе ўзводзіліся іншыя ўмацаванні. Для абароны самой вежы насыпалі высокі земляны вал, акружалі выкапаным ровам, узводзілі магутныя сцены. Так паступова ўзнікаў той замак, да якога мы сёння прызвычаіліся.

На самым далёкім пачатку замкі, натуральна, былі найперш ваяўнічымі, а таму і выглядалі суровымі, нават панурымі. Але ўжо з ХІІ стагоддзя знешні выгляд іх мяняецца, набывае большую вабнасць, дабрэе іхні характар, больш свабоднай і зручнай становіцца планіроўка. У ХІІІ–ХІV стагоддзях замкі нагадваюць ужо цэлыя комплексы пабудоў, прызначаных для поўнага задавальнення патрэб іхніх жыхароў. У гэты час яны пачалі выконваць і іншыя – адрозныя ад абарончых функцыі, станавіліся рэзідэнцыяй, разлічанай на магчымасць утульна і бяспечна жыць, з неабходным шыкам прымаць замежных гасцей, нават здзіўляць іх тутэйшай побытавай адметнасцю, якая, што праўда, не заўсёды адпавядала выкшталцоным еўрапейсікм манерам, але затое надоўга запаміналася гасцям і станавілася прадметам шматлікіх размоў, такім чынам разносячы па еўрапейскіх прасторах інфармацыю пра нашы паселішчы, побыт тутэйшага люду і пра саму нашу зямлю. Часам гэтыя страшныя показкі станавіліся дадатковай перашкодай для заваёўнікаў, адбівалі ў іх ахвоту безаглядна кідацца на “дзікія”, як яны лічылі, землі і гэткіх жа самых іхніх насельнікаў.

Але аздабленне замкаў працягвалася, аж пакуль нарэшце яны не ператварыліся ў шыкоўныя і велічныя, багата ўдэкараваныя палацавыя ансамблі. На замкавых дварах сталі будаваць жылыя і гаспадарчыя памяшканні, цэрквы, студні, ставы, узводзілі стайні. Не абыходзілася, вядома, і без катоўняў, вязніц. Адным словам, за замкавымі сценамі месцілася ўсё, што патрэбна чалавеку, найперш гасападару гэтай пабудовы, у звычайным жыцці. Толькі з папраўкай на надзейную абарону даброт гэткага жыцця.

Вядома, што замкавыя лёхі ніколі не пуставалі. У турэмных падзямеллях адбывалі пакаранне не толькі просталюдзіны. Часам сюды траплялі асобы высокіх званняў і пасад, калі жылі не ў суладдзі з сумленнем, траплялі і па нечыйму злому намеру, нагавору. Аднак і ў гэтай непрыемнай справе існавалі свае правілы. Вязняў рассылалі па замках у залежнасці ад іхняй правіны, суровасці пакарання і ўмоў утрымання: кожнаму вінаватаму – сваё.

Вось што, напрыклад, згадвае ў сваім Дыярыушы віленскі ваявода, гетман Вялікага княства Літоўскага князь Міхаіл Казімір Радзівіл. У жніўні 1749 года ён спыніўся ў Нясвіжы. А 6 жніўня, “па абедзе судзіў суды гетманскія і асудзіў п. Касіцкага… і п. Пласкоўскага… Першаму – на замку Трокскім, другому – на замку Новагародскім, кожнаму па 6 тыдняў сядзець; пачтовых двох, аднаго непрысутнага, другога прысутнага Андрэя Савечынскага на расстралянне, дзевяцёх жа на сядзенне асудзіў у ланцугох у замку Мірскім, па колькідзесят тыдняў”. І звестак такіх па летапісах, у даўніх архіўных справах і мемуарнай літаратуры рассыпана процьма.