Выбрать главу

Некаторыя гісторыкі прыпісваюць Альгерду будаўніцтва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і іншых гарадах Княства. Ды, верагодна, з ягоным імем звязаны найперш Крэўскі замак. Тут Альгерд жыў з 1338 да 1345 года. Аднак яму не давалі спакою лаўры першага чалавека ў дзяржаве. Калі ў 1341 годзе Гедымін загінуў у бітве з крыжакамі, вялікім князем стаў адзін з яго сыноў Яўнут. Ды не спадабалася гэта Кейстуту і Альгерду. На гэтай аснове яны зблізіліся і наважыліся адабраць вялікакняскі пасад у брата. Улада, аказваецца, бывае вельмі спакуслівай, у барацьбе за яе не лічыліся нават са сваяцкімі, роднаснымі повязямі. У выніку вайсковага выступу супраць Яўнута вялікім князем літоўскім у 1345 годзе стаў Альгерд. Кейстут высакародна саступіў яму высокі пасад як старэйшаму брату і свайму надзейнаму паплечніку. У сувязі з гэтым Альгерд з’ехаў з Крэўскага замка. Ажно 32 гады стаяў ён на чале вялікай дзяржавы.

За гэты час узвысіліся магутнасць і слава Вялікага княства, удвая павялічылася яго тэрыторыя. Па заслугах перад Княствам з ім мог паспаборнічаць хіба што пазнейшы вялікі князь літоўскі Вітаўт, якога сучаснікі яшчэ пры жыцці назвалі Вялікім. Вядомы рускі гісторык В.О. Ключэўскі адзначаў, што пасля Крэўскай уніі 1385 года “ў пачатку ХV стагоддзя рускія вобласці, якія ўвайшлі ў склад Літоўскага княства, землі Падольская, Валынская, Кіеўская, Северская, Смаленская і іншыя, як па тэрыторыі, так і па колькасці насельніцтва значна пераўзыходзілі скарыўшую іх Літоўскую дзяржаву”.

Працягваючы традыцыі свайго бацькі слыннага князя Гедыміна, Альгерд нястомна клапаціўся пра абарону ўладанняў. На гэта было скіравана нават далучэнне да Княства новых зямель – каб далей адсунуць варожую небяспеку. Перамогі над татарамі, якія рабілі частыя набегі на вялікалітоўскія землі, сведчанне неабходнасці і абгрунтаванасці такога клопату. Мо менавіта з той пары запачаткавалася традыцыя сяліць палонных татараў каля гарадскіх сцен вялікалітоўскіх гарадоў, якая доўжылася цэлых 600 гадоў. Так было каля Крэва, Новагародка, Менска, каля шмат якіх іншых гарадоў Княства. Аселыя татары не толькі займаліся сельскай гаспадаркай, сведчаннем чаго, напрыклад, сталі Татарскія агароды ля старога Менскага замчышча, але і павінны былі несці вайсковую павіннасць, браць удзел ва ўзвядзенні абарончых збудаванняў. Служылі татары сумленна, шчыра абаранялі інтарэсы Вялікага княства. Вядомы факт, што яшчэ пры княжанні Гедыміна, у час ягонай бітвы ў 1319 годзе з Тэўтонскім ордэнам, татары складалі перадавое княскае войска.

Нават у знакамітай бітве 15 ліпеня 1410 года на Грунвальдскім полі, дзе аб’яднаныя войскі Вялікага княства і Польскага каралеўства пры самым дзейсным і непасрэдным арганізатарскім ўдзеле таленавітага вайсковага водцы Вітаўта атрымалі доўгачаканую перамогу над крыжакамі, разам з беларускімі харугвамі бралі чынны ўдзел шматлікія татарскія воіны.

Вялікі князь Альгерд ніколі не забываўся пра свой Крэўскі замак. Ён дбаў пра яго магутнасць, клапаціўся пра падтрыманне на належным узроўні абарончых здольнасцей. Гэтыя якасці запачаткаваліся яшчэ падчас узвядзення замка.

КРЭЎСКІЯ ВОЛАТЫ-БУДАЎНІКІ

Галоўным будаўнічым матэрыялам для замка служылі велізарныя валуны. У тутэйшых ваколіцах іх было не злічыць. З даўняй гісторыі вядома, што па нашай зямлі шмат тысячагоддзяў таму не адзін раз прасоўваліся леднікі. Яны як вялікім прасам прасавалі зямлю, дзе раўнялі яе, а дзе насоўвалі пагоркі, узвышшы. Леднікоў было шмат. І кожны з іх пакінуў свой след. Тое самае зрабіў і апошні, які адыходзіў з беларускай зямлі каля 15 тысяч гадоў таму. Пасля яго ў многіх месцах засталіся цэлыя россыпы валуноў, прынесеных велізарнай ледзяной тоўшчай са Скандынаўскіх гор. У ваколіцах Крэва іх і дагэтуль захавалася нямала. Вось чаму амаль сем стагоддзяў таму для ўзвядзення замка скарысталі найперш гэты зручны і бясплатны будаўнічы матэрыял.

Але каб сабраць іх і звезці ў адно месца, колькі патрабавалася вазоў, коней, колькі чалавечых высілкаў пакласці! Каб справіцца з магутнымі валунамі як з будаўнічым матэрыялам, трэба было валодаць неверагоднай сілай. Таму пра будаўнікоў Крэўскага замка засталося шмат легенд. Адна з іх апавядае, што замак узводзілі сапраўдныя волаты. Іншая дадае, што ім дапамагалі самі багі, ва ўсякім выпадку апекаваліся імі.

Так ці інакш, а будаўнікі замка і на самай справе вызначаліся сваёй кемнасцю і дужасцю. Крэўскі замак паўставаў адначасова з Медніцкім, які знаходзіўся за сем міляў (гэта больш як 10 кіламетраў) ад Крэва. Калі медніцкім майстрам патрэбен быў мулярскі молат, яны гукалі крэўскім дойлідам, і тыя перакідвалі яго ў паветры з Крэва. Самі валуны, вага якіх дасягала некалькі соцень кілаграмаў, шчыльна, адзін да аднаго ўкладзены ў сцены на вышыню да 4 метраў. Вышэй за гэтую адзнаку да іх дадаецца цэгла. Сапраўды, без волатаўскай сілы зрабіць гэта немагчыма. Будаўніцтва ішло цяжка, пакутліва, доўга. Тысячы сялян змушаны былі браць удзел у збіранні камянёў і падвозцы іх да месца будоўлі. Таму з той даўняй пары застаўся сярод людзей праклён нядобраму чалавеку: “Каб ты на Крэўскі замак валуны цягаў”.