Выбрать главу

Сямён скончыў ціха, нават сумна і цяжка сеў.

Цішыню парушыў Іван:

— Дзякуй, вочы мне адкрыў. Так, я баязлівец. Колькі часу я ў сабе гэтую страшную таямніцу нашу, зжыўся з ёй, як… Часткай маёй яна стала.

— А ты падзяліся, падзяліся часткай сваёй! А потым адкажы — чаго дзеля чапляўся за яе? — падахвоціў яго Сямён, нібы наперад ведаючы, аб чым будзе гаварыць яго сын. — Я табе падкажу — шкадаваў ты сам сябе. Пакутаваў і любіў сябе за свае пакуты. Ах, я штосьці ведаю, страшнае ведаю, але такі я добры, такі добры, што нікому не скажу, адзін пакутаваць буду. Шкадуйце мяне!

— Скажу… — не зусім упэўнена пачаў Іван, потым голас яго пасмялеў: — Паслухайце, ты брат, і ты сястра. Маці тады не спатыкнулася. Бацька… Ён быў тады дома. У яе парвалася сукенка, агалілася нага. Ён ашалеў, як убачыў. І стукнуў нагой па лесвіцы… Лесвіца калыхнулася, прыступка трэснула…

Усё маўчалі.

— Што ж вы… маўчыце? Ён — забойца! — разгублена закрычаў Іван.

— Ведала я гэта, Іван, — ціха загаварыла Надзея. — Пасля пахаванняў бацька ўсё расказаў. І Клім ведае.

– І вы маўчалі?!

— Па твайму, трэба было бацьку ў турму? — спытаў Клім і сам адказаў: — А завошта? Ён што, жадаў яе забіваць? Маці ў зямлі, а бацьку — у турму… А мы потым куды? Па дзіцячых дамах?

— Словамі вінаваць, душой апраўданне шукай, — падтрымала Кліма Надзея. — І так усё наперакасяк, чаго самім сябе ў труну заганяць? І потым: бацька што — хацеў? Ці ён тую прыступку зламаў? Кліма вучыць трэба было… Цябе вось на ногі ставіць. Адна я змагла б?

— Вось вырас Клім — вучоны! — выгукнуў Іван адчайна. — Навучыўся красці!

— Вырас… вучоны… — Клім пацягнуўся было да гарэлкі, але піць не стаў, узняўся за сталом. — Ты, тата, і на самой справе той самы чорны бок. Толькі не бывае нічога чорнага, у чым не было б белага, гэта я табе ўжо як вучоны кажу. Многа ты ведаеш, ды не ўсё. Украў я ідэю — няхай так! Па вялікаму рахунку — украў. А што яна — ідэя? Нуль. Пустое месца. Гук у паветры. Колькі яшчэ начэй я на яе патраціў, пакуль яна з голай дзеўкі царэўнай стала? А Сяргей без мяне па начах спіўся. Усё закінуў, ніякіх разлікаў не рабіў. Усе пражэкты будаваў: што ды як атрымаецца, як ён праславіцца, як прэмію атрымліваць будзе. А трэба было сядзець, лічыць, лічыць і лічыць да пацямнення ў вачах. Ён паклікаў мяне ў сааўтары, я пагадзіўся. І ўсе гэтыя чортавы разлікі рабіў. Дзень за днём, месяц за месяцам. Паўгода амаль. Ён прыязджаў, правяраў іх з большага, потым даставаў бутэльку… Так, я патэлефанаваў тады той дзяўчыне. Каб прыбраўся ён, п'яны, з пакоя. Не мог я яго бачыць такога: самаўлюбёнага генія, паблажліва пахлопваючага мяне па плячы: лічы Клімыч, лічы. Ён зваў мяне толькі так — Клімыч… Я ў яго чорнарабочы быў. Але не было ў мяне думкі той, што можа ён разбіцца. Не было! І не жадаў я яго смерці… І, не хацелася мне тут апраўдвацца, але ведалі ў акадэміі, чыя ідэя, хто якую ролю выконваў. Дарэчы, прэмію за работу цалкам маці Сяргея атрымала…

— Апраўдаўся, брацік! — з адчаем і нянавісцю выгукнуў Іван. — Дык ты святы! І што ажаніўся на жанчыне, цябе старэйшай, дзеля прапіскі сталічнай — святая справа!

Клім горка ўсміхнуўся.

— Дай Бог так другім жыць, як мы з Зояй жывем. Хай і тое праўда, што жаніліся мы па дамове: я каб прапіску атрымаць, яна — грошы. Ды бачыш — не разводзімся. І ў маёй кватэры новай разам цяпер жывем. Не прыгажуня яна, і за мяне старэйшая. А дзіця мы чакаем. Нашае дзіця. Зоя шчаслівая, што дзіця нарэшце народзіць. І я шчаслівы, што яно будзе…

— Зусім анёл! — пляснуў у далоні Іван. — Крыльцы намалюй сабе!

Клім нічога не адказаў, моўчкі выйшаў з-за стала, памацаў па кішэнях, выцягнуў цыгарэты і адышоў да адчыненага ў сад акна. Там закурыў.

— Трэба, пэўна, чайнік паставіць, — нечакана будзённа прагаварыла Надзея. — Схадзі, Леначка, там газпліта ў сенцах і чайнік на ёй. Кавы мо хто пап’е.

Лена паслухмяна ўстала з-за стала, пайшла, але прыпынілася на парозе пры першых словах Івана.

Ён загаварыў напачатку разгублена, потым закрычаў:

— Я не разумею… Я не разумею! Як жа вы так можаце! Каву зараз распіваць будзем? Ён забіў маці, ён гатовы зараз растаптаць нашы жыцці, зрабіць невыносным наша існаванне, а вы… Вы — спакойныя!

Яму ніхто не адказаў, і ён закрычаў далей, ужо са слязьмі ў голасе:

— Думаеце, я вас зразумею? Не жадаю. Разумець не жадаю, бо зразумець — напалову прабачыць. Прабачаць не жадаю. Ні цябе, — тыцнуў ён пальцам у Сямёна. — Ні цябе, Клім. Ні цябе, Надзька. Не прабачу вам за маці. Вы яе прадалі. Вы бацьку баіцеся. Вы баіцеся, што спакой ваш парушыцца, што нехта яшчэ даведаецца пра вашы цёмныя справы.