Выбрать главу

— Што ты вярзеш? Якія цёмныя справы? — з жалем сказаў ад акна Клім.

— Тыя самыя! Ты — злодзей! Бацька — забойца. Надзька ў смерці сяброўкі вінаватая!

— Ого! Разышоўся… — паблажліва загаварыў Клім. — А хто ты такі, каб усіх судзіць? Не цісне на лоб німб святога? Не? Тады чаго пра Лену сваю забыўся? Праслухаў, што там бацька казаў? Ці не верыш?

— Лена? — спатыкнуўся Іван, разгублена паглядзеў на дзяўчыну, быццам толькі што яе ўбачыў. — Што, ты праўда, рабіла аборт?

Лена сціснулася ля вушака дзвярэй, ціха адказала:

— Паспытала першы раз віна. Ажно дзве шклянкі выпіла… Нічога не памятала… Вось і скарыстаў суседскі хлопец момант. З ім пілі…

— Ты… Ты… — Іван не мог знайсці патрэбнае слова. — Чаму ты маўчала? Чаму не сказала мне?! — закончыў ён адчайным крыкам.

Лена паглядзела на яго ўмольна:

— Але ад таго, ведаеш ты ці не, я ж не раблюся іншай! Я такая, як была да гэтага вечара, гэтых слоў, такая і пасля іх!

— Не, ты не такая… — Іван адмоўна пакруціў галавой. — Ты — ілгала мне. Ты хавала ад мяне праўду!

Лена нечакана ўспыхнула, быццам адважылася на нейкі адчайны крок.

– Ідзі ты к чорту! Ты ў мяне пытаўся пра аборт? Ты пытаўся, дзе і пры якіх абставінах я страціла цноту? Я сказала табе, што было ў мяне ўжо з мужчынам, хоць ты і гэтага не пытаў.

— Але ты павінна… Ты павінна была мне ўсё расказаць! Мы ж збіраліся разам жыць! Нельга жыць, нешта бруднае хаваючы адзін ад другога! — упэўнена казаў Іван, а па шчацэ яго пакацілася адзінокая бліскучая кропля. — Нельга! Ты ілгала мне…

— Ну, ты ўжо зусім! — выгукнуў Клім. — Хочаш ведаць — дык спытай. Чаго яна павінна расказваць табе пра свае дзявочыя праблемы і болі, што даўно забыліся? Каб ты іх калупаў пры зручным выпадку? Мая Зоя з мужчынам год жыла, дык мне ёй допыты наладзіць па кожнай ночы: як было і ці са мной лепш ці з тым?

— Я ў цябе не пытаю! Ты як хочаш жыві, а я буду жыць…

— А ты будзеш жыць праведнікам! — перабіў Клім Івана. — Глядзі, не здужаеш. Не такі лёгкі гэты шлях.

— Я здужаю, — адказаў Іван, з пагардай гледзячы на Кліма. — І вы мяне ў свой бруд не запэцкаеце.

— Цьфу, дурань, — сплюнуў у кут ля печы Клім, дастаў яшчэ адну цыгарэту. — Хто цябе ў што пэцкае?

— Ванька, Ванька, супакойся, — стала ўшчуваць Надзея. — Ну не трэба ж так…

— А ты мяне не вучы! — агрызнуўся Іван. — На тваёй душы — смерць Насці.

Надзея захлюпала носам, паднесла да вачэй насоўку, якую ўжо пастаянна трымала ў руцэ.

Нечакана ад дзвярэй загаварыла Лена. Ціха, але так жа роўна, як і прапаноўвала забіць Сямёна:

— Ваня, а цябе ж сястра ад 13 год глядзела. За маці табе была…

— Ніхто мне маму не заменіць! І нішто вашы душы чорныя не адмые, хоць вы цяпер такімі добранькімі выглядаць хочаце.

– І маю нішто не адмые? І мая душа… чорная? — гэтак жа спакойна спытала Лена.

— Чорная! Ад ілжывасці!

Лена павярнулася, выйшла ў сені. У поўнай цішыні было чутна, як чыркнула запалка, зашыпеў газ, а потым успыхнула полымя.

— Хутка закіпіць, — вярнулася Лена з сянец, прайшла і спакойна села за стол.

Іван нейкі час засяроджана глядзеў у цэнтр стала, потым высока ўзняў галаву і загаварыў надрыўна:

— Нельга такое прабачаць. Не прабачу. І вы яшчэ ўспомніце. З гэтага моманту няма ў мяне больш бацькі, няма брата, няма сёстры, няма нявесты. Запомніце гэта.

— Ну, пакутуй далей, — быццам абыякава зазначыў Клім. — Расстаўся ты з адным болем, знайшоў другі…

Надзея заплакала:

— Божа, ды што жа гэта такое…

Іван, цвёрда ступаючы кароткі адрэзак — ад кута пакоя да дзвярэй — выйшаў у сенцы, потым на двор, прайшоў праз акно. Ішоў, гледзячы толькі прама перад сабой.

Лена стаяла хвіліну ў нерухомасці, закусіўшы вусны, потым схапіла ля стала сваю сумку і кінулася з хаты.

7

Клім усё гэтак жа паліў у акна. Адну цыгарэту за другой. Надзея безуважна сядзела за сталом, падпёршы галаву рукой, ледзьве прыкметна калыхалася.

— Вось, значыць, было ў мяне два сына, а стаў адзін… — загаварыў Сямён.

Ніхто не адклікаўся.

— Так-а… — працягнуў Сямён. — Ну, ён сваю долю атрымаў ужо…

— Ты пра што, бацька? — не паварочваючыся, спытаў Клім.

— Пра долю спадчыны гавару, — адказаў Сямён.

Ён цяжка ўстаў з-за стала, прайшоў у святліцу, вярнуўся праз хвіліну.

— Вось яна, спадчына, — Сямён згроб шырокім махам рукі з боку стала талеркі, відэльцы, паклаў акуратна дзве нятоўстыя пачкі даляраў. — А гэта — вашы долі: твая доля, Клім, твая, Надзька.