Выбрать главу

— Ага, — адгукнуўся Грыня, які пачуваў сябе смялей пасля выпітага. — От, Сямён Карпавіч, Антон Мішчын доўга паміраў. Ногі адняліся, адна рука ледзь варушылася. То што дзеці? Кожную раніцу прыходзілі і заглядвалі: а можа ж ужо памёр? От як…

— Ты ідзі! — нечакана ўладна загадаў Сямён Грыню. — Выпі яшчэ вось, ідзі і забудзь усё, што я табе раней гаварыў, і што ты сёння чуў! Чуеш, забудзь!

Грыня паспешна наліў сабе сам, хутка выпіў, схапіў у руку кавалачак хлеба, вяндліны і выслізнуў з-за стала, асцярожна, нібы шкляныя, зачыніў за сабою дзверы.

Сямён сядзеў нерухома хвілін колькі. Потым выйшаў у сенцы, вярнуўся з новенькай вяроўкай. Сарваў абрус са стала, паляцеў на падлогу посуд, закускі, бутэлькі. Сямён спакойна сеў на канапу і пазіраючы на бэльку і крук у ёй, стаў няспешна вязаць пятлю.

8

Выехалі на шашу, і Надзея кранула Кліма за руку:

— Глядзі, вунь Ванька стаіць з Ленкай сваёй. Прытармазі…

— Там яшчэ жанчына з імі… — Клім прыцішыў ход.

— То фельчарка наша, — пазнала Надзея жанчыну, якая стаяла побач з Ванькам і нешта яму расказвала.

Клім прыпыніў машыну насупраць стаяўшых. Ванька нават не глянуў на аўтамабіль. А Лена спуджана нахілілася да адчыненага акна і выгукнула ў твар Надзеі:

— У вашага бацькі рак!

— Што-о-о? — Надзея хутка адчыніла дзверы, выйшла з машыны. — Дзень добры, Ягораўна, — павіталася з фельчаркай. — Гэта вы сказалі?

— Я, — вінавата кіўнула фельчарка. — Тыдзень таму абследаванне ў вёсцы рабілі. У Сямёна Карпавіча дзве вялізныя, з кулак, гулі пад пахамі. Рак лімфатычных залоз. І хутка прагрэсіруе…

— Яму сказалі?

— Сказалі… Ён і сам здагадаўся. У мінулым годзе ваш сусед памёр ад такой жа хваробы. Чарнобыль адгукаецца. Зона ж… — стала тлумачыць фельчарка. — Уколы раблю вось… Для падтрымкі…

Надзея хвіліну стаяла, маршчынячы лоб у нейкім цяжкім роздуме і раптам скаланулася, кінулася да аўтамабіля з роспачным крыкам:

— Клім! Разварочвай, Клім! Разварочвай!..