Выбрать главу

— Для мяне цыганскае сонца болей не свеціць,— не раз чуў я ад Панасюка.— Хопіць, наездзіўся, наглядзеўся. Пяць гадоў на адным месцы — гэта ўжо аседласць. Мяне цяпер нават усе сабакі ведаюць. Не брэшуць і не кусаюцца. Добра, брат, жыць на адным месцы...

Панасюк наважыў будаваць хату. Сваю, уласную. Мяне гэтая вестка спачатку неяк нават абразіла. Як гэта — рэдактар і раптам пабудуе хату, абжывецца гаспадаркай? Не, у рамкі майго ідэальнага героя такі чалавек не ўмяшчаўся. Далёка яму да сапраўднага ідэальнага героя. Ён жа цягнецца да спакою, да нейкага абыватальскага, мяшчанскага жыцця.

Але Панасюк быў добрым чалавекам, і я праз некаторы час зрабіў яму невялікую скідку. Правёў я на скрыпучай рэдакцыйнай канапе многа начэй, і ні разу Панасюк не пакінуў мяне без падушкі. Такім добрачынным ён быў не толькі ў адносінах да мяне. Карэспандэнты рэспубліканскіх газет, радыё, тэлеграфнага агенцтва, нашай газеты — усе разам мы ўсё глыбей праціскалі старую рэдакцыйную канапу. Бярэзнікі якраз былі раёнам, што ляжаў на шляху да іншых цікавых раёнаў, і недахопу ў карэспандэнтах тут ніколі не адчувалася. Але ні разу не чуў я, каб Панасюк наракаў на тое, што яго рэдакцыя стала перавалачнай базай. У яго пазычалі грошы, званілі па рэдакцыйнаму тэлефону, начавалі — усё гэта рэдактар лічыў звычайнай справай.

Сямя ж Панасюка жыла не ў асаблівай раскошы. Яна займала невялікі пакойчык у самой рэдакцыі. У гэтым пакойчыку пахла друкарскай фарбай, сюды даносіўся той шматгалосы тлум, якім кожны дзень жыла рэдакцыя.

Старэйшы панасюкоў сын Пятрок хадзіў ужо ў другі клас. Сядзець дома ён не любіў, бо трэба было няньчыць малодшых братоў Івана і Колю, таму ён увесь свой час праводзіў на вуліцы. Можа па гэтай прычыне ён так рана абраў сабе прафесію, якой вырашыў прысвяціць жыццё. Пятрок цвёрда наважыў стаць футбалістам. Вучыўся ён не дужа добра, бо лічыў, што для футбаліста лішняя навука не патрэбна.

Па рэдакцыі свабодна расхаджваў і сярэдні панасюкоў сын — пяцігадовы Іван. Гэта быў чалавек больш спакойны і ўроўнаважаны, які, тым не менш, выяўляў пэўны нахіл да газетнай работы. Калі ў рэдактарскім кабінеце не было бацькі і званіў тэлефон, Іван браў трубку і нязменна адказваў, што «тата ў лайкоме».

Аднойчы ён, прабраўшыся ў друкарскі цэх, дацягнуўся да наборнай касы і прысвоіў поўную жменю літар. Іван праглынуў тады тры літары «I», у чым прызнаўся толькі на трэці дзень. Медыцынскае ўмяшанне не патрабавалася. Хлопец без ніякай шкоды для здароўя пераварыў шрыфт.

Самы малодшы, Коля, ніякіх талентаў пакуль што не выявіў. Ён ляжаў у плеценай лазовай калысцы і часцей за ўсё смяяўся бяззубым ротам. Навакольны свет яму, відаць, падабаўся...

Панасюк любіў сваіх сыноў і ганарыўся імі. Пазней ужо да мяне дайшло, што, мабыць, і пабудову хаты ён задумаў дзеля іх. Проста варта было даць большую прастору гэтым тром малайцам, якія мелі вострую патрэбу паболей бегаць і крычаць...

— Брат, сам не заўважыў, што аднаўляю дом Раманавых,— любіў жартаваць Панасюк,— Пятро, Іван, Нікалай — гэта-ж усё рускія самадзержцы. Нехапае толькі Екацярыны і Елізаветы...

— Без тваёй Кацярыны хоць вушы затыкай,— умешвалася ў размову панасюкова жонка, маленькая і спакойная ў рухах жанчына.— Дый няхай не хваліцца — які ён бацька. Я ж усіх дзяцей без яго нарадзіла. Першым хадзіла — ён на фінляндскай вайне быў. Іван нарадзіўся ў лесе, у партызанах, яго тады ў брыгаду нечага выклікалі, толькі праз тры дні вярнуўся. Коля ўжо цяпер пасля вайны нарадзіўся, а яго таксама дома не было. На курсы паслалі. Тэлеграму мне прыслаў...

— Хлопцы маіх крывей, нічога,— адбіваў жончын націск Панасюк.— Гэта добра, што сваімі сіламі на свет прабіваюцца.

Панасюкі жылі згодна...

Хутка Панасюку, як удзельніку вайны, далі лесу на хату. Выдзелілі яму і ўчастак на ўскраіне Бярэзнікаў. Участак быў добры — адсюль адкрываўся від на шырокую лугавіну, якая цягнулася да самага бору. Неяк так здарылася, што ў той дзень, калі Панасюку перавозілі лес, у Бярэзніках сабралося аж трое нас, карэспандэнтаў. Быў тут карэспандэнт рэспубліканскай газеты, карэспандэнт тэлеграфнага агенцтва і я. Усе мы карысталіся рэдакцыйнай канапай, не раз сядзелі і за сталом у Панасюка, а пагэтаму палічылі кроўным сваім абавязкам дапамагчы рэдактару. Быў абяўлен суботнік, і мы ўтраіх дружна рушылі на ўчастак, дзе згружаўся лес. Панасюк узрадаваўся, убачыўшы нас. У той дзень мы яму-такі дапамаглі: разгрузчыкаў наймаць было не трэба.

— Для вас, браткі, цэлы пакой у сваёй пяцісценцы адвяду,— частуючы нас вечарам, зычыў Панасюк.— Нават стол пастаўлю. Сядзіце сабе і пішыце. Хопіць нашаму брату па гасцініцах ацірацца...