Выбрать главу

Служка. Толечкі.

Хлестакоў. Во дурніна якая! я гэтага ня прыймаю. Ты скажы яму, што гэта запраўды такое? гэтага мала.

Служка. Не, гаспадар кажа, што йшчэ зашмат.

Хлестакоў. А падліўкі чаму няма?

Служка. Падліўкі няма.

Хлестакоў. Чаму-ж няма? Я сам бачыў, ідучы паўз кухню, там шмат гатавалася. І ў страўні сяньня раніцою два нейкія кароценькія чалавечкі елі сёмгу й яшчэ шмат сяго-таго.

Служка. Дык-жа яно й ёсьць, бадай, ды няма.

Хлестакоў. Як няма?

Служка. Ды ўжо-ж нямашака.

Хлестакоў. А сёмга, а рыба, а катлеты?

Служка. Ды гэта для тых, што мудрэй.

Хлестакоў. Ах ты, дурніла!

Служка. Але-ж.

Хлестакоў. Парасё ты паганае… Як-жа-ж, яны ядуць, а я ня ем? Чаму-ж я, ліха матары, не магу таксама? Хіба яны ня гэткія праежджыя, як і я?

Служка. Ды ўжо-ж, ведама, што ня гэткія.

Хлестакоў. А якія-ж?

Служка. Зазвычна, якія! Яны ўжо, пэўна што: яны грошы плацяць.

Хлестакоў. Я з табою, дурніла, ня хочу распраўляць. (Налівае булён і есьць). Што гэта за булён? Ты проста вады наліў у міску: аніякага смаку няма, толькі сьмярдзіць. Я ня хочу гэткага булёну, дай мне іншага.

Служка. Дык мы прыймем. Гаспадар сказаў: якся ня хочаце, дык і ня трэба.

Хлестакоў (баронячы рукою страву). Ну, ну, ну! Пакінь, дурніла! Ты звык там абыходзіцца каля іншых: я, браце, ня гэткага роду! Каля мяне ня раю… (Есьць). Божа мой, які булён! (Есьць далей). Я думаю, яшчэ аніводзін чалавек на сьвеце ня еў такога булёну: нейкае пер’е плавае заміж скалак! (Кроіць курыцу). Ай, ай, ай, якая курыца! Дай другое! Там булёну крыху засталося, Восіп, вазьмі сабе. (Кроіць другое). Што гэта за другое? Гэта не другое.

Служка. Ды што-ж такое?

Хлестакоў. Ліха яго ведае, што такое, толькі ня другое. Гэта сякера, усмажаная заміж ялавічаў. (Есьць). Зладзюгі, гіцлі, чым яны кормяць? І сківіцы забаляць, калі зьесьці адзін такі кусок. (Калупае пальцам у зубах). Падлюгі! Зусім як кара ад дрэва — анічым выцягці нельга, і зубы ўчарнеюць пасьля гэткіх страваў, рыштанцюжыны! (Выцірае губы сарвэткай). Болей нічога няма?

Служка. Няма.

Хлестакоў. Гіцлі! падлюгі! і навет хоць-бы якая падліўка ці цестачка! Дзяньгубы! Зьдзіраюць толькі з праежджых!

Служка прыбірае й выносіць талеркі разам із Восіпам.

Зьява VII

Хлестакоў, пасьля Восіп.

Хлестакоў. Праўда-ж, як быццам і ня еў; толькі сама разахвоціўся. Каб дробязь, паслаць бы на рынак і купіць хоць кухан.

Восіп (уваходзячы). Там чагосьці гараднічы прыехаўшы, даведваецца й дапытваецца пра саміх.

Хлестакоў (спалохаўшыся). Вось табе маеш! Гэткая гадава пара гаспадар, управіўся ўжо нажаліцца! Што, калі й запраўды ён патурыць мяне ў турму? Што-ж, калі дабрародным парадкам, я, бадай… Не, не, ня хочу! Тамака ў горадзе цягаюцца афіцэры й народ, а я, бы знарок, задаў тону й перамігнуўся з аднэй купецкай дачкою… Не, ня хочу… Ды што ён, як ён важыцца, запраўды? Што я яму, хіба купец ці рамесьнік? (Чапурыцца й выпростваецца). Ды я яму проста скажу: «Як самі…» (У дзьвярах круціцца ручка; Хлестакоў бялее ў твары й стуляецца).

Зьява VIII

Хлестакоў, гараднічы й Добчынскі. Гараднічы, увайшоўшы, спыняецца. Абодва ў сполаху пазіраюць колькі часінаў адзін на аднаго, вырачыўшы вочы.

Гараднічы (крыху ачуняўшы й працягнуўшы рукі па швох). Зычу здаровейка!

Хлестакоў (кланяецца). Маё шанаваньне!

Гараднічы. Прабачце!

Хлестакоў. Дарма…

Гараднічы. Павіннасьць мая, як гараданачальніка тутэйшага гораду, рупіцца аб тое, каб праежджым і ўсім дабрародным людзям яніякіх уціскаў…

Хлестакоў (спачатку крыху заікліва, але пад канец моцна). Ды што-ж рабіць?.. Я не вінаваты… Я, дапраўды-ж, заплачу… Мне прышлюць із двара.

Бобчынскі выглядае з-за дзьвярэй.

Ён больш вінаваты: ялавічыну мне падае такую цьвярдую, як бервяно; а булён — ён ліха ведае чаго лінуў туды, я мусіў выкінуць яго за вакно. Ён мяне голадам цэлымі днямі… Гарбата такая дзіўная, сьмярдзіць рыбаю, а не гарбатай. Завошта-ж я… Во навіна!

Гараднічы (таропеючы). Прабачце, я, праўда-ж, не вінаваты. На рынку ў мяне ялавічы заўсёды добрыя. Прывозяць халмагорскія купцы, людзі цьвярозыя й закону добрага. Я ўжо й ня ведаю, адкуль ён бярэ такія. А калі што ня гэтак, дык… Дазвольце мне запрапанаваць самім перабрацца са мною на іншую гасподу.