Мар’я Антонаўна. Я, праўда-ж, мамулечка, ня ведала…
Ганна Андрэеўна. У цябе вечна нейкі падвей гуляе ў галаве; ты бярэш прыклад із дачок Ляпкіна-Цяпкіна. Што табе глядзець на іх! Ня трэба табе глядзець на іх. Табе ёсьць прыклады іншыя — перад табою маці твая. Вось якія прыклады ты павінна пераймаць.
Хлестакоў (хапае за руку дачку). Ганна Андрэеўна, не спраціўцеся нашай шчаснасьці, багаславіце сталае каханьне!
Ганна Андрэеўна (ізь зьдзіўленьнем). Дык самі ў ёй?
Хлестакоў. Пастанаўляйце — жыцьцё ці сьмерць?
Ганна Андрэеўна. Ну вось бачыш, дурніла, ну вось бачыш: дзеля цябе, гэткае дрэні, госьць меў ласку стаяць на каленах; а ты раптам убегла, як вар’ятка. Ну вось, праўда-ж, варта, каб я знарок адмовіла: ты нягодная гэткага шчасьця.
Мар’я Антонаўна. Ня буду, мамуленька, праўда-ж, наўперад ня буду.
Зьява XV
Гараднічы. Ня буду, ваша дастойнасьць! не загубеце! не загубеце.
Хлестакоў. Што із самімі?
Гараднічы. Там купцы жаліліся вашай дастойнасьці. Гонарам прысягаюся, і на палавіцу няма таго, што яны кажуць. Яны самыя ашукваюць і абмерваюць народ. Унтэр-афіцэрыха наманілі самім, быццам-бы я яе адлупцаваў; яна хлусіць, дальбог, хлусіць. Яна сама сябе адлупцавала.
Хлестакоў. А праваліся скрозьдоньня унтэр-афіцэрыха — мне не да яе!
Гараднічы. Не давайце веры, не давайце веры! Гэта такія хлусы… Ім вось гэткае дзіця ня дасьць веры. Яны ўжо й па цэлым горадзе знаныя за хлусоў. А што да зладзюжніцтва, адважуся далажыць: гэта такія зладзюгі, якіх сьвет не спараджаў.
Ганна Андрэеўна. А ці ведаеш ты, якім гонарам абдорвае нас Іван Аляксандравіч? Ён просіць рукі нашае дачкі.
Гараднічы. Куды! куды! з глузду зьехала, матухна! Майце ласку ня гневацца, ваша дастойнасьць, яна крыху з прыдуркам, гэткасамая была й маці ейная.
Хлестакоў. Але, я запраўды прашу рукі. Я закахаўшыся.
Гараднічы. Не магу даць веры, ваша дастойнасьць.
Ганна Андрэеўна. Ды калі кажуць табе?
Хлестакоў. Я ня жартам самім кажу… Я магу ад каханьня дацца з розуму
Гараднічы. Ня важуся даць веры, ня годны такога гонару.
Хлестакоў. Але, калі самі ня згодзіцеся аддаць рукі Мар’і Антонаўны, дык я, ліха ведае, што гатовы!
Гараднічы. Не магу даць веры: маеце ласку жартаваць, ваша дастойнасьць.
Ганна Андрэеўна. Ах, які боўдзіла запраўды! Ну калі табе тлумачаць.
Гараднічы. Не магу даць веры.
Хлестакоў. Аддайце, аддайце! Я адчайны чалавек, я пушчуся на ўсё: калі застрэлюся, саміх пад суд аддадуць.
Гараднічы. Ах, Божа мой! Я, дальбожачкі, не вінаваты, ні душою, ні целам. Майце ласку ня гневацца! Майце ласку рабіць так, як васкай ласцы ласка! У мяне, праўда-ж, у галаве цяперака… я й сам ня ведаю, што робіцца. Такі дурніла цяпер зрабіўся, якім яшчэ аніколі ня бываў.
Ганна Андрэеўна. Ну, багаслаўляй!
Гараднічы. Хай багаславіць вас Бог, а я не вінаваты.
Гараднічы. Што за ліха! Запраўды! (Працірае вочы). Але, але, цалуюцца! праўда цалуюцца! Як быццам-бы праўда нарачоны! Эхэ! Якое шчасьце наперла! Вось табе маеш![17]
Зьява XVI
Восіп. Коні гатовыя.
Хлестакоў. А, добра… я зараз.
Гараднічы. Маеце ласку ехаць?
Хлестакоў. Але, еду.
Гараднічы. А калі-ж, гэта значыцца… Самі мелі ласку напомніцца што да, здаецца, што да вясельля?
Хлестакоў. А гэта ў мяне раптам, я еду толькі на адзін дзень да дзядзькі — багаты стары; а заўтра-ж і назад.
Гараднічы. Ня важымся ніяк запыньваць, у надзеі шчасьлівага звароту.
Хлестакоў. Як-жаж, як-жаж, я раптам. Бывайце, каханьне маё… не, прост не магу выказаць. Бывайце, сэрцайка! (Цалуець ёй у руку).
17
У арыгінале гэты абзац гучыць так: