Выбрать главу

Ганна Андрэеўна. Чаму не! пэўна-ж можна.

Гараднічы. А, ліха матары, слаўна быць за гэнэрала! Кавалераю павесяць табе праз плячо. А якую кавалераю лепш, Ганна Андрэеўна, чырвоную ці блакітную?

Ганна Андрэеўна. Ужо ведама, што блакітную лепш.

Гараднічы. Гэ? бач, чаго захацела! Нішто й чырвоную. Гэта-ж чаму хочацца быць за гэнэрала? таму што здарыцца, паедзеш куды — фельд’егеры й ад’ютанты паскачуць усюды наперад — коняй! і там на станцыях нікому не дадуць, усё чакае: усе гэтыя тытулярныя, капітаны, гараднічыя, а ты сабе й вухам не вядзеш! Абед дзе-небудзь у губарнатара, а там — стой, гараднічы! Хэ, хэ, хэ! (Заліваецца й паміраець ад сьмеху). Вось што, паганства, прынадна!

Ганна Андрэеўна. Табе ўсё гэткае мужыцкае падабаецца. Ты мусіш памятаць, што жыцьцё трэ будзе зусім перайначыць, што твае знаёмыя будуць ня тое, што які судзьдзя-сабакар, зь якім ты езьдзіш ганяць зайцоў, або Земляніка; наадварот, знаёмыя табе будуць із саматонкім абыходжаньнем: графы і ўсе сьвецкія… Толькі я, праўда-ж, баюся за цябе: ты часам вымавіш такое слоўца, якога ў добрым таварысьцьве ніколі не пачуеш.

Гараднічы. Што-ж, дык-жа, слова ня шкодзіць!

Ганна Андрэеўна. Ды добра, калі ты быў за гараднічага; а там-жа жыцьцё зусім інакшае.

Гараднічы. Але! Тамака, кажуць, ёсьць дзьве рыбінкі: рапейка і ўклейка, такія, што толькі сьлінка пацячэць, як пачнеш есьці.

Ганна Андрэеўна. Яму-б усё толькі рыбкі. Я няйначай хачу, каб наш дом быў першы ў сталіцы й каб у мяне ў пакоі такое было амбрэ, каб нельга было ўвайсьці й каб толькі гэтак заплюшчыць вочы. (Заплюшчвае вочы й нюхае). Ах, якое хараство!

Зьява ІІ

Тыя самыя й купцы.

Гараднічы. Га! Здаровы, саколікі!

Купцы (кланяючыся). Здароўя зычым, бацюхна!

Гараднічы. Што, галубочкі, як маецеся? Як тавар ідзе ваш? Што, самаварнікі, аршыньнікі, жаліцца? Арцыгіцлі, протагадзіны, абакулы морскія[19], жаліцца? Што, багата выскуралі? «Восьдзе, — думаюць, — гэтак у турму яго й запратораць!» А ці ведаеце вы, сем чартоў і адна ведзьма вам у зубы, што…

Ганна Андрэеўна. Ах, Божа мой! Якія ты, Антоська, словы вымаўляеш!

Гараднічы (зь незадаволеньнем). Га, не да словаў цяперака! Ці ведаеце вы, што той самы чыноўнік, якому вы жаліліся, цяперака жэніцца з маёй дачкою? Што? га? што цяперака вы скажаце? Цяпер я вас!.. ашукваеце народ! Зробіш кантракт ізь дзяржаваю, на сто тысячаў нагрэеш яе, пастачыўшы гнілога сукна, ды пасьля ахвяруеш дваццаць аршынаў, дый давай яшчэ табе нагароду за гэта! Ды каб ведалі, дык бы табе… І пуза пхае наперад: ён — купец, яго ня руш; «мы, — кажа, — і дваранам не паддадзёмся». Ды дваранін… ах ты, лычак! дваранін вучыцца навукаў: яго хоць і лупцуюць у школе, ды за справу, каб ён знаў карысьці. А ты што? пачынаеш ад махеркаў, цябе гаспадар б’е за тое, што ня ўмееш ашукваць. Яшчэ хлапчуком, «Войча наш» ня ведаеш, а ўжо абмерваеш; а як разапрэ табе чэрава ды напхаеш сабе кішаню, дык і заважніўся! Цьфу ты, якая небач! із таго, што ты шаснаццаць самавараў выдуньдзіш на дзень, дык із таго і важнішся! Ды я плюваць на тваю голаў і на тваю важніцу!

Купцы (кланяючыся). Вінаватыя, Антоне Антонавічу!

Гараднічы. Жаліцца! А хто табе дапамог змахляваць, калі ты будаваў мост і напісаў дрэва на дваццаць тысячаў, а тымчасам яго й на сто рублёў ня было? Я дапамог, казловая барада! Ты забыўся на гэна? Я, паказаўшы гэта на цябе, мог бы цябе таксама спраторыць у Сібір. Што скажаш, га?

Адзін із купцоў. Богу вінаватыя, Антоне Антонавічу, нячысьцік аблытаў! І заракомся наўперад жаліцца. Ужо які хоч задавол — ня гнеўся толькі!

Гараднічы. Ня гнеўся! Вось ты цяпер качаешся ля ног маіх. А чаму? — а таму, што маё ўзяло; а было-б хоць крышку на тваім баку, дык ты-б мяне, рыштанюга, утаптаў-бы ў самое балота, яшчэ-б і бервяном наверх наваліў-бы.

Купцы (кланяюцца да ног). Не загубі, Антоне Антонавічу!

Гараднічы. «Не загубі, — цяперака: — не загубі!» А раней што? Я-б вас… (Махнуўшы рукою). Ну, бы Бог даруе! годзе! Я не злапомны; адно цяперака глядзі, вайстры вуха! Я выдаю дачку не за якога простага двараніна; каб віншаваньне было… разумееш? ня тое, каб адбаярыцца якім балычком ці галавою цукру… Ну, пайшоў з Богам!

вернуться

19

У Гогаля — «мирские», а не «морские».