Выбрать главу

Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька! Гэта-ж ён мне казаў.

Ганна Андрэеўна. Пакінь, ты анічога ня ведаеш і не ў сваё не мяшайся! «Я, Ганна Андрэеўна, дзівуюся». У такіх лёсткіх рассыпаўся словах… і калі я хацела сказаць: «Мы ніяк ня важыліся спадзявацца на гэткі гонар», ён раптам шаснуў на калены й гэткім самадабрароднейшым парадкам: «Ганна Андрэеўна! Не зрабеце няшчасьнейшым! згадзецеся адказваць маім пачуцьцям, а не — дык я сьмерцяй скончу жыцьцё сваё».

Мар’я Антонаўна. Праўда-ж, мамуленька, ён пра мяне гэта казаў.

Ганна Андрэеўна. Але, пэўна-ж… і пра цябе было, я нічога гэтага не адкідаю.

Гараднічы. І гэтак нат напалохаў: кажа, што застрэліцца. «Застрэлюся, застрэлюся!» — кажа.

Шмат хто з гасьцей. Скажэце, на ласку!

Амос Хведаравіч. Гэнкая штука!

Лукаш Лукашовіч. Вось запраўды доля ўжо гэтак вяла.

Арцём Піліпавіч. Ня доля, бацюхна, доля — індычка: заслугі прывялі да таго. (Набок). Гэткай сьвіньні прэцца заўсёды ў зяпу шчасьце!

Амос Хведаравіч. Я, бадай, Антоне Антонавічу, прадам самім таго шчанючка, што таргавалі.

Гараднічы. Не, мне цяперака не да шчанюкоў!

Амос Хведаравіч. Ну, ня хочаце, на іншым сабаку сыйдземся.

Каробкінава жонка. Ах, як, Ганна Андрэеўна, я радая саміх шчасьцю! Самі ня можаце сабе ўявіць.

Каробкін. Дзе-ж цяпер, дазвольце даведацца, знаходзіцца вяльможны госьць? Я чуў, што ён паехаўшы па штосьці.

Гараднічы. Але-ж, ён падаўся на адзін дзень, у вельмі важнай справе.

Ганна Андрэеўна. Да свайго дзядзькі, каб узпрасіць багаславенства.

Гараднічы. Узпрасіць багаславенства, але заўтра-ж… (Чхае).

Паздароўі зьліваюцца ў вадзін гул.

Вельмі дзякую! але заўтра-ж і назад… (Чхае).

Паздароўны гул; больш за іншых чуваць галасы:

Прыстава. Здароўя зычым, ваша высокачэсьць!

Бобчынскага. Сто год і куль чырванцоў!

Добчынскага. Дай, Божа, на сорак саракоў!

Арцёма Піліпавіча. Каб ты спрах!

Каробкінавай жонкі. На цябе ліха!

Гараднічы. Шчыра дзякую! І вам таго самага жадаю.

Ганна Андрэеўна. Мы цяперака ў Пецярбургу манімся жыць. А тутака, прызнаюся, такое паветра… селавое ўжо занадта!.. прызнаюся, вялікая прыкрасьць… Вось і муж мой… ён там атрымае гэнэральскі чын.

Гараднічы. Але, прызнаюся, спадары, я, ліхенька, вельмі хачу быць гэнэралам.

Лукаш Лукашовіч. І дай Божа мець!

Растакоўскі. Ад чалавека немагчыма, а ад Бога ўсё магчыма.

Амос Хведаравіч. Вялікаму караблю — вялікае плаваньне.

Арцём Піліпавіч. Як заслужыцца, так і учціцца.

Амос Хведаравіч (набок). Во выкіне штуку, калі запраўды зробіцца гэнэралам! Во ўжо каму пасуе гэнэральства, як карове сядло! Не, да гэтага йшчэ далёкая песьня. Тутака й мудрэй за цябе ёсьць, а дасюль яшчэ не гэнэралы.

Арцём Піліпавіч (набок). Гэнак, ліха матары, ужо і ў гэнэралы прэцца. Чаго добрага, можа й будзе гэнэралам. То-ж у яго важнасьці, на яго-б ліхенька, ня купіць! (Зварачаючыся да яго). Тады, Антоне Антонавічу, і на нас не забудзьцеся.

Амос Хведаравіч. І калі што здарыцца, прыкладам, якая патрэба ў справах, не пакіньце апекаю!

Каробкін. Налета павязу сынка ў сталіцу на карысьць дзяржавы, дык, зрабеце ласку, прыўдзяліце яму свае пратэкцыі, месца бацькава заступеце сірацінку.

Гараднічы. Я гатовы, із свайго боку, гатовы старацца.

Ганна Андрэеўна. Ты, Антоська, заўсёды гатовы дакляраваць. Па-першае, табе ня будзе часу думаць пра гэта. І як можна, і зь якое рацыі сябе абцяжваць гэткімі дакляраваньнямі?

Гараднічы. Чаму-ж, сэрца маё? часам можна!

Ганна Андрэеўна. Можна, пэўна-ж, ды ня кожнай-жа драбязой апекавацца.

Каробкінава жонка. Самі чулі, як яна трактуе нас?

Госьця. Але-ж, яна гэткая заўсёды была; я яе ведаю: пасадзі як за стол, яна й з нагамі сваймі…

Зьява VIII

Тыя самыя й паштмайстар, хапаючыся, з расьпячатаным лістом у руцэ.