Выбрать главу

– But, what are you gonna do there?

– Actually, I don't know. Put a tent somewhere.

Так я знаёмлюся з Мэры Джэйн. На велізарным бацькоўскім пікапе мы гонім на ўскраіну горада. Мэры пытаецца, ці не хачу я паехаць да яе сяброў на вечарынку. Настрой дурацкі, але я згаджаюся.

– Let's go!

У клубе, які больш падобны на ангар для сушкі збожжа, процьма народу. Кампаніі маладых людзей жлукцяць тутэйшае піва Lao. Ніхто не танцуе, нягледзячы на старанні нейкага мясцовага бэнда. Хочацца таксама напіцца, але нешта не лезе. Я адчуваю сябе ніяк і нідзе. Кажу Мэры, што мне дрэнна, і прашу вывезці на трасу. Яна пагаджаецца. Мы скачам у машыну і з’язджаем.

На выездзе з горада мая новая сяброўка рэзка адмаўляецца пакідаць мяне аднаго ў цёмным лесе. Яна кажа, што зніме мне пакойчык у гатэлі. Я не моцна супраціўляюся.

Спыняемся каля ўваходу ў нейкі заняпалы гестхаўз. Мэры дамаўляецца з сонным уладальнікам і аплачвае нумар. Я заходжу ў апартаменты, кідаю рэчы і адразу бягу ў душ. Калі чысценькі і задаволены, прамокваючы ручнічком падпахі, я вяртаюся назад, на ложку ў пакоі знаходжу абсалютна голую Мэры.

– Do you have experience with the ladyboy?

Ад нечаканасці я заходжуся ў кашлі.

– Sorry? You mean that you are ladyboy?!

– Mmm. Yes, I am.

Я прыпадаю да сцяны. Упершыню ў жыцці я тварам да твару сустракаюся з транссексуалам. Тым больш у сваім ложку. Праз хвіліну я бяру сябе ў рукі і вырашаю расставіць усе кропкі над «і». Мы дамаўляемся застацца вернымі сябрамі.

Я прашу Мэры расказаць пра тое, як яна зрабілася трансам. Дзяўчына запэўнівае мяне, што з псіхалагічнага боку трансамі не робяцца, а нараджаюцца, а вось з біялагічнага – усё крыху складаней. Свае грудзі яна зрабіла некалькі гадоў таму ў Тайландзе за тысячу баксаў – кажа, што гэта вельмі танна. За тое, каб пазбавіцца «апошняга мужчынскага», прыйшлося выкласці яшчэ пару тысяч. Цяпер у яе ёсць нешта накшталт вагіны. Праўда, сапраўднага аргазму яна не адчувае. Хутчэй, гэта псіхалагічная асалода.

Мэры распавядае, што ў яе ёсць муж. Ён амерыканец і ўсё ведае, але ніякіх праблем на гэтай глебе ў іх няма. Яшчэ яна лічыць сябе самай прыгожай сярод канкурэнтак у Лаосе, дзяўчынка працуе гідам па сексуальным турызме Ўенцьяна і менавіта таму павінна добра выглядаць і добра размаўляе па-англійску.

Ужо сёмая гадзіна раніцы, і Мэры пара адвозіць бацькоўскую машыну. Як толькі яна перасякае парог, я адрубаюся.

Пад канвоем з мігалкамі

Перасекчы наступную мяжу вырашаю ў раёне горада Паксэ. Да яго каля сямісот кіламетраў. Усю дарогу мне даводзіцца з цяжкасцю тлумачыць сваю грашовую праблему. Прыкладна палова кіроўцаў, зразумеўшы, пра што ідзе гаворка, адмаўляецца мяне падвозіць. Але сустракаюцца і добрыя людзі. Адзін падкідвае мяне да неапазнанай вёскі. Я брыду ўздоўж трасы і натыкаюся на мост, побач з якім тырчаць старыя палі. Спускаюся ўніз да ракі, каб зрабіць пару здымкаў. За мной увязваецца група мужыкоў. Яны махаюць рукамі, нешта крычаць і жэстамі паказваюць, каб я схаваў камеру. Я не звяртаю на іх увагі і раблю сваю справу.

Мужыкі акружаюць мяне і валакуць за сабою. Спачатку я адбіваюся, але потым разумею, што асаблівага выбару ў мяне няма. Толькі праз дзесяць хвілін пачынаю дарубаць, што маю справу з лаоскай арміяй – фішка ў тым, што мясцовыя салдаты не маюць ваеннай формы. А можа, яны проста забываюць яе апрануць. Урэшце за мной высылаюць ваенны грузавік і пад канвоем вывозяць на пяцьдзясят кіламетраў назад у раённы міліцэйскі ўчастак. Там знаходзіцца адзіны ваенны чалавек, які, відаць, некалі вучыў сетку англійскіх няправільных дзеясловаў, але вучыў сяк-так. Я разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне папросяць выдаліць кадры з фотаапарата. Не тое каб гэты мост быў вельмі маляўнічы, але я вырашаю ісці да канца і хаваю флэшку ў шкарпэтку.

На пытанне, куды падзеліся фатаграфіі, якія я рабіў, я адказваю, што ўжо знішчыў іх. Міліцыянт вырашае праверыць маю хлусню і просіць аддаць яму флэшку. Я вывальваю горкай усе карткі памяці, якія ляжаць у маіх кішэнях. Потым пішу тлумачальны ліст на рускай мове, у якім праліваю святло на прычыну, чаму лазіў пад мостам, і даю слова пацана, што больш пад мост не палезу. Тым часам афіцэр строіць салдатаў і загадвае падганяць транспарт, каб перакінуць мяне ў зыходную кропку. І мы зноў бадзёра імчым з мігалкамі па лаоскай трасе ў кабіне чагосьці вельмі падобнага на беларускі аўтазак.

Ноч. Мяне высаджваюць роўна на тым месцы, дзе я быў узяты цёпленькім паўдня таму. Я даходжу да бліжэйшага жылога будынка, ламлюся ў дзверы і прашу гаспадара даць мне начлег. Ён дазваляе ўлегчыся на бамбукавым ложку каля ўваходу. Я прымаю прапанову.

Да ночы наступнага дня я нарэшце дабіраюся да лаоска-тайскай мяжы. Па шчырасці, я гэтаму вельмі рады. Падыходжу да акенца памежнага кантролю і працягваю пашпарт. Афіцэр глядзіць на мой дакумент і прамаўляе магічныя «фіфці саўзанд» – яму вельмі хочацца ўзяць з мяне грошы за выязны штамп. Стомленымі жэстамі прашу яго паклікаць галоўнага афіцэра заставы. Ён незадаволена ўздыхае, ставіць штамп і прамаўляе: «See you again in Lao PDR!»