Выбрать главу

Час на ўзбярэжжы бяжыць павольна – мы ямо рыс з «сі-фудам», гартаем кніжкі і качаемся на хвалях. Генеральным спонсарам інтэрнэт-шпацыраў выступае прыбярэжная кафэха, а свежую садавіну пастаўляе парачка мангавых дрэваў. Але хутка сябрам ужо трэба ірваць далей, у Малайзію. Мы разам даязджаем да Патаі, і тут нашы шляхі разыходзяцца – Верасень і Жэня рушаць на поўдзень, а я паварочваю ў горад.

2556 год

Многія вандроўнікі не спраўляюцца з цяжкасцямі самотнага існавання і пасля некалькіх месяцаў дарогі вяртаюцца дадому. Бытавыя бязладзіцы насамрэч пераносяцца лягчэй за адзіноту. Дваццаць чатыры гадзіны на дзень быць адказным за тое, што адбываецца, размаўляць з людзьмі толькі фармальнымі фразамі, на якіх базуюцца выпадковыя знаёмствы, не мець магчымасці дэлегаваць хоць што-небудзь каму-небудзь – вось што цяжка. Я ўпэўнены, што кожны, хто жыў у дарозе, у першую чаргу навучыўся шанаваць блізкіх і проста сваіх. Вось і цяпер, развітваючыся з Вераснем і Жэняй, я дакладна ведаю, што наперадзе зноў тая самая сцяна, аб якую разбіўся не адзін вандроўнік.

У Патаі шмат рускіх, таму мне можа пашчасціць з нейкай падпрацоўкай у турыстычнай сферы, каб зарабіць на квіток праз акіян. Як толькі я збочваю з трасы ў горад, да маіх вушэй даносіцца любімая музыка дальнабояў і таксістаў. Шматлікія кафэхі Патаі маюць у штаце артыстаў, якія па замове могуць выканаць «чо-ніць нармальнае», «каб за душу» або «ты яе ведаеш, як у тым фільме».

Я блукаю па цэнтральных вуліцах і з першых хвілін разумею, што адсюль трэба вельмі хутка валіць. Тлустыя пераспелыя самкі, мабыць, з кіёскаў на рынку «Хмяльніцкі», выгульваюць сінтэтычныя сукенкі азіяцкіх куцюр’е ў чырвона-чорную палосачку з надпісам Rich са стразаў, што абсыпаюцца, нібы зоркі з неба. Іх кавалеры, у таніраваных да абсалютнай імглы акулярах, шортах маркі Adidas, аранжавых майках-сетках без рукавоў і, вядома, з нязменнымі в’етнамкамі на нагах, пацягваюць халодны півас. Я ўжо бачу, як мне давядзецца падносіць экзатычныя напоі гэтым айчынным турыстам. Унутры ўсё перакручваецца.

Я збягаю з Патаі праз дзень. Красачы, здабытыя ў Шанхаі, прыходзяць у мёртвы стан пасля кітайска-лаоскіх прыгод, і па дарозе на трасу я прыкупляю сабе б/у красоўкі на апошнія дзесяць баксаў.

Ад Патаі да Бангкока ўсяго пара сотняў кіламетраў. Машыну прыходзіцца чакаць не больш за тры хвіліны. Часцей за ўсё спыняюцца пікапы – напэўна, гэта адна з нешматлікіх краінаў, дзе дазволена ездзіць у задніку такой машыны. Я заскокваю ўнутр і кладуся на дно кузава. Мінералка без газу ратуе ад спякоты, якую прыносіць неба без хмар.

У Бангкок я заязджаю на старой «Таёце». Мяне падвозіць сям’я з малым дзіцём, якога за адсутнасцю месца садзяць мне на калені. Па дарозе да сталіцы Тайланда мяне некалькі разоў кормяць і ўручаюць нешта каля сямідзесяці даляраў. Здаецца, падарожжа аўтаспынам па гэтай краіне – вельмі прыбытковая справа.

Бангкок – горад гіганцкіх памераў з даволі бязглуздай сеткай грамадскага транспарту. Метро ёсць далёка не ва ўсіх частках горада, і праезд у ім даволі дарагі паводле мясцовых мерак. Аўтобусы належаць прыватным кампаніям і, мабыць, таму не маюць ніякага раскладу. Спрабаваць зарыентавацца тут па Google Maps – абсалютна бессэнсоўная справа: часцяком транспарт, які выдае Google, ужо даўно не ходзіць або ходзіць не туды. Мясцовыя таксісты, такія ж фокуснікі, як і ўсюды ў Азіі, могуць смела накруціць пару колаў або адвезці ў месца Х за плату, памножаную на N. Словам, з транспартам тут бяда. Здаецца, самы хуткі і рэгулярны рэйс – гэта лодка па рацэ Чаўпхрая, на ёй няма коркаў і дзякуючы моцнай звілістасці яна аплятае большую частку горада.

Здабытыя грошы я спускаю на жытло і ежу. Знаходжу ў нэце самы танны хостэл горада, які больш нагадвае берлінскі сквот. Усе сцены, уключаючы ўнутранае ўбранне нумароў, распісаныя пад графіці, п’янаватыя еўрапейцы бегаюць з паверха на паверх – паўсюль вісіць устойлівы шмон марыхуаны. На носе 2556 год паводле будысцкага календара. У гэты дзень у Таі звычайна абліваюць адзін аднаго вадой і вымазваюць глінай – усе крамы заваленыя вадзянымі пісталетамі. Здаецца, мяне чакае знатная разня!

Гаспадар хостэла, француз ізраільскага паходжання з дрэдамі да пупа, аснашчае кожнага свайго пастаяльца выдатнай пушкай, і ў прызначаны дзень з самай раніцы бойня пачынаецца. Спачатку мы ва ўсіх сэнсах мочым адзін аднаго разам з більярдным сталом і пляцоўкай для выступу рок-бэндаў, а потым вялікім інтэрнацыянальным натоўпам кідаемся на вуліцу, каб ужо там заваліць усё жывое. Дарэчы, пакідаючы будынак, ты адразу робішся лёгкай мішэнню. Вораг можа з’явіцца адусюль! Работнік крамы хавае ствол пад прылаўкам і, як толькі ты паварочваешся да яго спінай, не задумваючыся пранізвае цябе струменем вады, спецыяльна астуджанай у маразільніку. Падла можа хавацца ў пікапе або аўтобусе, што праязджаюць міма, можа страляць з даху або акна. У любы момант ты рызыкуеш трапіць пад перакрыжаваны абстрэл!