Выбрать главу

Роўна ў прызначаны час мы прыбываем на галоўныя могілкі выспы, адкуль арганізаваная дастаўка людзей у матывацыйны цэнтр. Не паспяваем з Вольгай як след развітацца, як нас адразу ж разводзяць па розных карпусах: «М» і «Ж». Далей нас чакае толькі медытацыя.

Пасля курсу медытацыі мы не можам нагаварыцца. За дзесяць дзён у нас назапашваецца столькі энергіі, што хоць пешшу ў Куала-Лумпур ідзі. Дзесяць дзён я маўчаў разам з класнымі хлопцамі. Дзіма і Даніла калясяць аўтаспынам па Азіі, прычым Даніла паспеў ужо паганяць і па Аўстраліі. Яшчэ паўдня мы разам бадзяемся па выспе і травім дарожныя байкі. Хлопцы хочуць за некалькі дзён дабрацца да Тая і засяліцца на які-небудзь бязлюдны востраў. Праз месяц я даведаюся, што ў іх усё атрымалася – яны спяць пад самаробным падстрэшкам і ловяць рыбу з дапамогай астрогі. Я бачу, як унутры іх гарыць агонь, упэўнены, яны гэтак жа наскрозь бачаць мяне. Далей нам у розныя бакі.

Самалёт сядае ў Шанхаі. Паўгода я ехаў адсюль да Куала-Лумпура, а вярнуўся назад за шэсць гадзін. Я думаю, што наўрад ці змагу палюбіць самалёты – усё ўнутры мяне пратэстуе супраць паветранага чытэрства.

Я стаю ў чарзе на пасадку ў самалёт, які панясе мяне праз акіян. Азіраючыся на мінулыя месяцы, я маю адчуванне, быццам усё, што са мной адбывалася, насамрэч проста гульня маёй свядомасці. Быццам зацяжны сон. Можа, я сяджу зараз за партай ва ўніверсітэце і проста прыкрыў вочы?

Празвініць званок, пара скончыцца, я схаплю свой шасцідзесяцілітровы заплечнік і спушчуся на першы паверх, дзе расце пахучы хвойны лес. У тумане, па сцежцы сярод сухога чароту, я прайду да возера, дзе знайду іржавую лодку. Будзе моцна шумець вецер. Я сцісну зубы да пульсацыі ў вушах і вазьмуся за вясло. Я пераплыву халодны сіні Берангаў праліў і знясілена сыду на зямлю ля драўлянай брамы, якая служыць уваходам у стэп. Ссохлы адхон брамы пакрыты цёмна-чырвонай патрэсканай фарбай. Я прайду праз браму на раўніну і буду пастаянна азірацца, пакуль брама зусім не знікне з вачэй. Я буду ісці, пакуль не апынуся ў абсалютнай пустаце.

Праз сотню гадоў нікога з нас не застанецца. Як выдатна, што мы тут так ненадоўга. Баяцца няма чаго – усяму адзін канец. Мы зліёмся ў адзіную плынь, каб усё забыць і нарадзіцца нанова. Мы вецер, нашы словы проста гульня.

Самалёт набірае вышыню, у навушніках грае Michael Pitt – That Day. Я шчаслівы і кажу «бывай».