Выбрать главу

– Ты адкуль?

– З Беларусі.

– О-о-о! Я зараз табе сыграю мелодыю беларускую. Пад яе хлапчук рудзенькі спяваў на «Еўрабачанні». Першае месца ён тады заняў.

Арам пачынае граць, і я бачу, як яго зносіць кудысьці далёка. Потым ён распавядзе, што навучыўся граць пасля распаду Саюза. Сам узяў інструмент і навучыўся:

– Ты, Ромка, думаеш, што я тут дзеля грошай граю? Не! Я для цябе граю, для людзей. Мой век хутка скончыцца, я хачу дабро рабіць. Ты думаеш музыка – гэта проста? Гэта складана. Я не магу больш за дзве гадзіны граць. У мяне ўнутры сілаў больш не застаецца.

Гэты стары жывейшы за мяне. У яго блішчаць вочы, ён усё разумее.

Я прыпамінаю, як пару дзён таму, у Батумі, пралез праз дзірку ў плоце на стадыён, дзе праходзіў джаз-фестываль. На сцэне выступалі Лары Грэхам і кампанія. Яны скакалі па пляцоўцы з пустымі вачыма і лічылі сваю музыку сапраўдным джазам. Я сышоў адтуль праз дваццаць хвілін, бо гэтыя старыя пердуны не верылі ў тое, што рабілі. Тады я падумаў, што з гэтага дня буду хадзіць на канцэрты толькі маладых музыкаў, бо яны не сцуць у вушы са сцэны. І вось я сяджу побач з дзедам, які нават не ведае, як называецца яго інструмент, і мяне прадзірае да нутра.

Я запісваю музыку Арама на дыктафон. Праслухаўшы запіс уласнага выканання, ён пачынае хвалявацца:

– Ты ведаеш, я ўпершыню чую збоку, як я граю. Вельмі шмат памылак! Мне патрэбная такая штука, як у цябе, каб адтачыць ігру, – ён паказвае на дыктафон. – Яна, напэўна, дорага каштуе? Так?

– Каля пяцідзесяці даляраў. А можна мне паспрабаваць пайграць?

– Ты не крыўдуй, калі ласка, але так мой інструмент хутчэй сапсуецца. Ён не любіць чужых рук. Я пакуль навучыўся граць, тры такія сапсаваў. А на гэтым ужо больш за дзесяць гадоў граю. Ён наогул дзіцячы. Ведаеш, што мне адзін чалавек сказаў? Не змяняй гэтага інструмента, бо ў ім яшчэ і гумар ёсць.

У нішы савецкага фантана, які ўжо даўно не працуе, жыве жанчына гадоў за семдзесят. Яна не памятае свайго імя і даты нараджэння. У яе няма ніякіх дакументаў і ніводнага роднага чалавека. Яна кажа, што трыццаць гадоў працавала эканамістам, яе гаворка вельмі пісьменная, яна сыпле цытатамі з кніг. І просіць, каб я зайшоў да яе яшчэ. Я кажу, што атрымаецца толькі праз парачку гадоў. Яна ўсміхаецца:

– Напэўна, да таго часу я ўжо пераеду ў новае месца.

Пра якое месца яна казала, я зразумеў ужо ў метро па дарозе дадому.

І нарэшце ў мяне атрымліваецца пагутарыць з чалавекам, у якога я жыву ўвесь гэты час. Уся наша стракатая кампанія сыходзіць у амбасаду Ірана, а мы застаёмся адны на кухні. Артут – радыётэхнік без адукацыі, яму каля дваццаці пяці гадоў. Ён займаецца фатаграфіяй і кіно: ужо зняў адзін поўнаметражны фільм і працуе яшчэ над двума. Ён робіць усё гэта для сябе. Дзве фотакнігі, якія ён выдаў, існуюць у адзіным асобніку на ягонай кніжнай паліцы.

Усё менш хочацца сексу

Я дабіраюся да возера Севан. Пакуль стаіць паўдзённая спёка, я хаваюся ў цені манастыра Севанаванк ды заліпаю на водную роўнядзь. Недалёка ад таго берага праходзіць мяжа з Азербайджанам. Я ляжу на дыванку, падклаўшы пад галаву свае манаткі, і ўглядаюся ў прыбярэжныя лысыя горы. У заплечніку знаходзіцца парачка мятых персікаў. Я адкусваць мякаць, і па руках сцякае ліпкі сок.

Праз пару гадзін я сяджу на падлозе дыліжанскага вакзала. У вялікім памяшканні будынка стаяць толькі стол, крэсла і сейф, пад якім я знаходжу некалькі савецкіх манет. Я карыстаюся адзінай разеткай, каб зарадзіць свой ноўт. У памяшканне ўваходзіць міліцыянт. Ён цікавіцца, дзе я буду жыць. Я кажу, што збіраюся спаць у гарах:

– Навошта ў гарах? Тут спі! Жанчына трэба? Я прывяду, усю ноч кайфаваць будзеш.

Тут гэта норма. Кіроўцы на другой хвіліне знаёмства пачынаюць распытваць пра мой сексуальны досвед:

– А чаго не з сяброўкай?

– Мне падабаецца падарожнічаць аднаму.

– А як ты секс робіш?

– Прабачце?

– Ну сяброўку бы ўзяў і чпокаў яе. Бо ў нас тут у Арменіі складана бабу нармальную знайсці. Я чуў, у вас у Беларусі дзяўчаты прыгожыя.

– Так, здаецца. Але ў вас, у Арменіі, таксама добрыя.

– Калі я прыеду ў Беларусь, ты мяне з нармальнай пазнаёміш?

– Я ў Беларусі буду праз пару гадоў.

– Нічога-нічога! Ну-ка дай свой нумар.

Звычайна такі дыялог адбываецца пад музыку з CD-прымача, на якім граюць па коле адныя і тыя ж дзесяць трэкаў. Гэта можа працягвацца гадзінамі. У такія моманты мне хочацца зладзіць лакальны армянскі генацыд, бо гэтыя паездкі вельмі вымотваюць. Пасля такога я часцей за ўсё пачынаю сумаваць па доме.