Выбрать главу

Светлыя, крышачку рыжаватыя валасы звешваліся са стала злямчаным закарэлым каўтуном. Каса была велічэзная, і канец яе кранаўся падлогі.

Паркалёвая спадніца была ўшчэнт падрана, і кроў на ёй рознага колеру — пляма рудая, пляма тлустая, пунсовая. Святло «маланкі» здалося мне жоўтым і жывым, а яе твар папяровым, белым; нос завостраны.

На белым твары ў яе, як гіпсавае, нерухомае, патухала папраўдзе найрадчэйшае хараство. Не заўсёды, не часта сустрэнеш такі твар.

У аперацыйнай хвілін з дзесяць было паўнюткае маўчанне, але за зачыненымі дзвярыма чутно было, як глуха выкрыкваў нехта і бухаў, усё бухаў галавою.

«Крануўся розумам, — думаў я, — а сядзелкі, відаць, яго адпойваюць… Чаму такая красуня? Але ж і ў яго правільныя рысы твару… Відаць, маці была прыгожая… Ён удавец…»

— Ён удавец? — машынальна шапнуў я.

— Удавец, — ціха адказала Пелагея Іванаўна.

Тут Дзям'ян Лукіч рэзкім, як бы злосным махам, ад краю да верху, разарваў спадніцу і адразу яе адкрыў. Я зірнуў, і тое, што ўбачыў, было звыш майго ўяўлення. Левай нагі, проста кажучы, не было. Пачынаючы ад раструшчанага калена, ляжалі крывавыя ашмёткі, чырвоныя пажмаканыя мышцы, і востра ва ўсе бакі тырчалі белыя раструшчаныя косці. Правая нага была пераломана ў галёнцы так, што абедзве косці канцамі выскачылі наверх, прабіўшы скуру. Ад гэтага ступня яе знежывела, як бы асобна ляжала, павярнуўшыся набок.

— Н-але, — ціха сказаў фельчар і нічога больш не дадаў.

Тут я выйшаў са здранцвення і ўзяўся за яе пульс. У халоднай руцэ яго не было. Толькі пасля некалькіх секунд знайшоў я ледзьве чутную рэдкую хвалю. Яна прайшла… пасля была паўза, за час якой я паспеў зірнуць на пасінелыя крылы носа і белыя губы… Хацеў ужо сказаць: канец, але шчасліва ўстрымаўся… Зноў прайшла нітачкаю хваля.

«Вось як патухае раскрамсаны чалавек, — падумаў я. — Тут ужо нічога не зробіш…»

Але раптам сурова сказаў, не пазнаючы свайго голасу:

— Камфары.

Тут Ганна Мікалаеўна схілілася да майго вуха і шапнула:

— Навошта, доктар? Не мучце. Навошта яшчэ калоць? Зараз сканае… Не выратуеце.

Я злосна і строга азірнуўся на яе і сказаў:

— Папрашу камфары…

Ганна Мікалаеўна з зачырванелым, пакрыўджаным тварам зараз жа кінулася да століка і зламала ампулу.

Фельчар таксама, відаць, не ўхвальваў камфары. Тым не менш ён спрытна і скоранька ўзяўся за шпрыц, і жоўтая аліва пайшла пад скуру пляча.

«Памірай, памірай хутчэй, — падумаў я, — памірай. А то што ж я буду рабіць з табою?»

— Зараз памрэ, — як бы ўгадаўшы маю думку, шапнуў фельчар. Ён пакасіўся на прасціну, але, відаць, раздумаў: шкада было крывавіць прасціну. Аднак праз некалькі секунд ёю прыйшлося прыкрыць. Яна ляжала, як труп, але яна не памерла. У галаве маёй раптам стала светла, як пад шкляною столлю нашага далёкага анатамічнага тэатра.

— Камфары яшчэ, — хрыпла сказаў я.

І зноў пакорліва фельчар упырснуў аліву.

«Няўжо ж не памрэ?.. — з адчаем падумаў я. — Няўжо давядзецца…»

Усё святлела ў галаве, і раптам без усялякіх падручнікаў, без парад, без дапамогі я зразумеў — упэўненасць, што зразумеў, была жалезная, — што зараз мне давядзецца першы раз у жыцці на непрытомным рабіць ампутацыю. І чалавек гэты памрэ пад нажом. Ах, пад нажом памрэ! У яе ж няма крыві! За дзесяць вёрст выцекла ўсё цераз раструшчаныя ногі, і невядома нават, ці адчувае яна што-небудзь цяпер, ці чуе. Яна маўчыць. Ах, чаму яна не памірае? Што скажа мне звар'яцелы бацька?

— Рыхтуйце ампутацыю, — сказаў я фельчару чужым голасам.

Акушэрка паглядзела на мяне дзіка, але ў фельчара мільганула іскра спачування ў вачах, і ён забегаў каля інструментаў. Пад рукамі ў яго зароў прымус…

Прайшла чвэртка гадзіны. З богабаязным жахам я ўзіраўся ў патухлае вока, прыпадымаючы халоднае павека. Нічога не разумею. Як можа жыць чалавек, што стаў, па сутнасці, трупам? Кроплі поту бесперастанку беглі ў мяне па лбе з-пад белага каўпака, і марляю Пелагея Іванаўна выцірала іх. У астатках крыві ў жылах у дзяўчыны цяпер плаваў і кафеін. Трэба было яго ўпырскваць ці не? На сцёгнах Ганна Мікалаеўна ледзьве чутным дакрананнем гладзіла выпукліны, што паўздымаліся ад фізіялагічнага раствору. А дзяўчына жыла.

Я ўзяў нож, стараючыся быць падобным (раз у жыцці ва ўніверсітэце я бачыў ампутацыю) да некага… Я ўмольваў цяпер лёс, каб у бліжэйшыя паўгадзіны яна не памерла. «Няхай памрэ ў палаце, калі я скончу аперацыю…»

За мяне працаваў толькі мой здаровы сэнс, падагнаны незвычайнасцю абставін. Я наўкруга і са спрытам, як спрактыкаваны мяснік, ваструсенькім нажом краянуў сцягно, і скура разышлася, не даўшы ні адной расінкі крыві. «Сасуды пачнуць крывавіцца, што я буду рабіць?» — думаў я і, як воўк, касавурыўся на кучу тарзіённых пінцэтаў. Я зрэзаў вялізны кусок мяса і адзін з сасудаў — ён быў падобны на белаватую трубачку, — але ні адной кроплі крыві не выступіла з яго. Я заціснуў яго тарзіённым пінцэтам і пайшоў далей. Я панатыкаў гэтых тарзіённых пінцэтаў усюды, дзе меліся быць сасуды… «Arteria… Arteria… як, чорт, яе завуць?..» У аперацыйнай стала падобна на клініку. Тарзіённыя пінцэты віселі гронкамі. Іх марляй адцягнулі ўгору разам з мясам, і я пачаў драбназубаю, ярка-блішчастаю пілою пілаваць круглую косць. «Чаму не памірае?.. Проста дзіва… ох, які жывучы чалавек!»