Выбрать главу
ПЕСНЯ ПЯТАЯ
Прыйшоў я ў сад свой у задуменні, Як ва ўспаміне, Сястра мая, маладая княгіня. Набраў міра свайго з сваімі духменямі. Наеўся з сотаў сваіх мёду, а ў насалоду, Напіўся з сваім малаком віна, а дап’яна. Бярэце дары, сябры пагуканыя, Піце й сыцьцеся, укаханыя. Я сплю, а сэрца маё чуняе, гоніць сон; Во голас майго каханага, гукае ён: «Адчыні мне, сястра мая, мая каханая, Мая галубка, мая беззаганная, Бо галава мая ўся ў расе, У начное валозе сукры ўсе». Скінула я хітон з плячэй сваіх, Як жа маю ізноў надзець? Ногі вымыла на паглядзь, Як жа мне пэцкаць іх? Каханы руку сваю працягнуў праз шчалугу І ў нутры маім развярэдзіў тугу. І ўстала рахмана я, каб адамкнуць каханаму. І з рук маіх міра крапліста спадала, І з кстоў маіх міра на клямку замка сцякала. Адамкнула каханаму, а мой каханы Павярнуўся й счэз нечакана. Душа мая сябе не пазнала, Калі казаў ён. Яго я шукала, Ішла за голасам наўздагон І не знаходзіла, яго гукала, Ды не адгукаўся ён. Пераўстрэлі мяне вартаўнікі, Што места абходзілі нацямкі, Збілі, зранілі, кіямі пеставалі, Не маючы жалю. Ахінала з мяне знялі Тыя, што сцены меставыя вартавалі, І пакінулі на зямлі. Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, Калі далёка ці блізка Сустрэнеце майго каханага, Што яму скажаце па весялосці? Што я знемаглася з мілосці. «Твой каханы за іншых ляпейшы чым, Найпраўкраснейшая з жанчын? Чым каханы за іншых ляпейшы якраз, Што ты так заклінаеш нас?» Мой каханы белы й румяны, Ад дзесяцёх тысячаў іншых Ляпейшы ён, бо чаканы. Галава ягоная – шчырае золата, Што сонцам мілуецца ўсё лета. Хвалююцца ягоныя сукры няўзнач, Чорныя, як крумкач. Вочы ягоныя – як галубы Пры загонах водаў, Што купаюцца ў малацэ, ацененыя лагодай. Шчокі ягоныя – духмяны кветнік уцехі, Пахучых расцінаў лехі. Ягоныя вусны – лілеі, На якіх разліваецца міра й само хмялее. Рукі ягоныя – круглякі залатыя, Не абшурпачаныя ганьбамі ды абразамі, Круглякі з усаджанымі тапазамі. Жывот ягоны – як выдаўбень са слановае косці, Абкладзены сапфірамі млосці. Галёнкі ягоныя – слупы мармуровыя, Пастаўленыя на залатых подах. Не зрушыць іх і ўраганны подых. Выгляд ягоны падабраў падабенькі ў Лібана, Вусны ягоныя – соладзь, І ўвесь ён поўніцца любатой. Гэта й ёсць сябра мой, дочкі Ерусалімскія!
ПЕСНЯ ШОСТАЯ
Куды пайшоў твой каханы, Найпраўкраснейшая з жанчын? Куды ён падаўся, ахінуты журбою, Мы пашукаем яго з табою. У сад свой пайшоў мой каханы, У кветнікі духмяныя, Каб пасвіць у садох і лілеі Збіраць, покуль ліст не засох, не спазніцца. Я належу каханаму, як званіца звону, А каханы – мне, як званіцы звон, Бо смутак знадзеяў, Пасвіць ён спаміж лілеяў. Чароўная ты, як Фірца, мая каханая, Любая, як Ерусалім, грозная сваімі чарамі, Як паводка палкоў са штандарамі. Ухілі ад мяне вочы свае – Пестуны вясны,– Бо хвалююць мяне яны. Валасы твае – як козаў чародка, Што з Галаада скоўзваюцца таропка. Зубы твае – як авец астрыжаных статак, Што выходзіць з купельні. А ў кожнай авечкі двойца ягнятак, А бясплоднай між іх няма-такі. Як палавінкі яблыка гранатавага – Шчокі твае пад кудзёркамі, А яны нягоркія. Ёсць шэсцьдзесят царыцаў І восемдзесят належных наложніцаў, І дзяўчынная безліч множыцца. Ды адзіная яна, галубка мая беззаганная, Адзіная ў матулі яна адна, Адрозная ў нарадзівіцы сваёй яна. Пабачылі яе дзяўчыністыя – І ўзвысілі аблачыніста. Царыцы й наложніцы ўбачылі І, ўслаўляючы яе, сябе зыначылі. Хто гэта зіхоткая, як дзянніца, Праўкрасная, як поўната, Што ў нябёсы пяшчотай патонута, Светлая, як сонца, Што грэе жыццёвае ўлонца, Грозная сваімі чарамі, Як паводка палкоў са штандарамі. Я спусцілася ў сад, дзе лушчэлі ляшчыны, Падзівіцца з зеляніны даліны, Паглядзець, ці распусцілася лаза вінагарадная, Ці ўзрадавана Гранатовыя яблыні расцвілі і калі? Не ведаю, як дамкнула мяне Душа мая, цуду ў дагоду, Да калясніцаў славутаў майго народу.