Выбрать главу
Маўчаць Дзяды, Маўчаць, як аблачыны, Што мусілі праліцца цішынёй. І прыцемкаў забытых Пух качыны Змятаецца нябачнай даланёй.
Траецкі дождж Паволі любіць ліцца. Чакаў, Калі прыйшла пара касіць.
Стараецца дарэмна бліскавіца Сама сябе за локаць укусіць.
ДОЎГА
Свежую дошку трымаць, Як малога. Думаць, Што новая ляжа падлога. Чуць шчабятанне ўнучкі, Якая Сябе вярцікруцяю называе. Доўга збіраць яшчэ Грошы на плату За дошкі на безваконную хату...
А ТАМ...
Жыву не тут, Дзе пражываю дні, А там, дзе дні мае раслі са мною, Атуленыя шчырай гаманою Расчуленай зялёнай цішыні.
Імкнецца ўсё маё штодня туды, Дзе зябне ў ноч завейную Падпечнік. Дзе Хатнік Свой бярозавы падсвечнік Нясе на кут, каб бачылі Дзяды,
Што ў хаце ён — руплівы гаспадар. Чакае. Не спяшаецца. Трывае. Тут халадаецца душа жывая, Забыць баіцца нетутэйшы сквар.
Тут мамін сум глядзіць яе вачыма. Тут дні ў нябыт ідуць, Каб па вясне Нанова зарунець, Але не мне, А на мяне падобнаму, Магчыма...
КАБ НЕ РАЗМІНУЦЦА...
Мама чула голас даўніны. Як свая З паганскімі багамі Снедала й вячэрала. Яны Давяралі крыўду й радасць маме.
Крыўдавалі, Што на іх жывых Забываюцца на гэтым свеце. Маладзелі ад вачэй сваіх, Каб гарэла маладзець прыкмеце.
Мама ўдзячная была жыццю, Немачы магла пазычыць сілу, Спажываць багатую куццю Клікала Ярылу й Маразілу.
Сцежку саступала ёй імгла. Заікаўся пан Пярун на ўзгрыме. З печы ўзяўшы вугалёк, Пайшла, Каб не размінуцца са сваімі...
ТРЫПЦІХ
Памяці Васіля Быкава
І. Талент – гэта праклён Паласатага д’ябла. Намагаецца плён, Каб душа не азябла. Талент – гэта палон, Не ўцякаюць з якога. Б’ецца ў краты вакон Маладзік крутарога. Талент – гэта амбон, Дзе хацела б вініцца За бязмозгліцу дзён Старасць – смерці двайніца.
Талент – ранішні сон, І яго прачынацца Не прыспешвае кон, Покуль рупіцца праца…
ІІ. Людства – Рэха светлай даўніны. Літасць – Стомленая лютасць змроку. Цяжка чуцца ціхаму прароку На гандлёвішчы глухой маны. Хоць прарок Даваў сабе зарок Абыходзіць вір знявер’я бокам, Цяжка На зямлю сысці прарокам. Грэх ступае следам Крок у крок. Людства – Памяць маладой віны. Літасць – Спадкаемніца папроку. І чуваць далёкаму далёку Патаемнай кайнасці званы.
ІІІ. Душою не крывілі крывічы, Бо крэўнасць з небадолам адчувалі. І валуны, спыніўшыся на ўзваллі, Нікуды не спяшаліся ўцячы. Пярун – вястун вясны – Аб валуны Вайстрыў маланак вывістыя стрэлы. Лясун, і аўдавелы, й астарэлы, Сніў сон, Як восеньскі туман, ляны. На ўскрайку вечнасці Крывіцкі край Абжыты быў паганскімі багамі. І гурбы снегу белымі стагамі Пагрэцца запрашалі зорны грай. Прагаліны сарок Зарокам зім Ратаяў ратных гоняў прывячалі. На гэты свет з’явіцца крывічамі Нябёсы дазвалялі, А не ўсім…
ЗАГАЙДАНАЯ
Вусаты вугор у зябкім цяньку, Як шкарпэтка вывернутая, Пагойдваецца ціха. Гэта шкарпэтку звязала Вадзяніку З ціны цёмнае Загайданая Вадзянічыха...
ДЫМ
Хоць дым умее гаварыць, Не скажа, што яму гарыць. Агонь глядзіць вачмі рудымі. Дым спавівае небакрай, Дарогу ў пекла, Сцежку ў рай. Цяплей дрыжыцца Зорцы ў дыме.