Выбрать главу

Я. Тышкевіч звяртаўся да сваіх калег з просьбай «аб зборы купальскіх песень не ў адной толькі мясцовасці», а ў шырэйшай акрузё, што можа быць карысным для даследавання ўсяго абраду, таму што купальская паэзія своеасаблівая, вельмі спецыфічная і часта не мае аналагаў у земляробчым календары беларуса. Даследчык тут прытрымліваўся пашыранай ужо ў яго час думкі, што Купала — багіня плёну. Усе пазнейшыя вучоныя толькі пацвердзілі, якое значэнне надаваў беларускі селянін гэтаму так хораша распрацаванаму тэатралізаванаму святкаванню{37}.

Я. Тышкевіч адзін з першых узяўся за запіс легендаў, звязаных з рознымі зёлкамі, пераважна абрадавага ці лекавага прызначэння. Цяжка сказаць, калі ён распачаў сваю работу. У рукапісным сшытку «Зельнік Барысаўскага павета»{38} мы знаходзім розныя назвы зёлак і чым яны цікавыя. Хутчэй за ўсё, гэтая праца так і не была завершана. Часткова яна змешчана ў «Апісанні Барысаўскага павета». «Зельнік…» складзены ў алфавітным парадку, кожнай расліне даецца характарыстыка. Вось як, напрыклад, апісваецца барвенак звычайны: «Агародная расліна, лісце цвёрдае, заўсёды зялёнае, нават зімой пад снегам. Славіцца ў народзе і ў медыцыне вывядзеннем каўтуна. Таму яго ўжываюць не толькі для дэкору, а і для мыцця галавы, для зняцця каўтуна…» Найлепей апісана папараць. Акрамя медыцынскіх лекавых вартасцяў, аўтар падае легенду пра яе сімвалічнасць на Купалле, калі спраўляліся старажытныя абрады «язычнікаў-ліцьвінаў». Хто знойдзе кветку папараць, той самы шчаслівы чалавек, перад ім адкрываюцца ўсе скарбы зямлі, як бы глыбока яны ні былі закапаныя.

Я. Тышкевіч адзін з першых у беларускай фалькларыстыцы і этнаграфіі даў на прыкладзе Барысаўскага павета ўвесь гаспадарча-гадавы каляндар селяніна. З дасведчанасцю этнографа Я. Тышкевіч падрабязна апісвае апрацоўку лёну, ўборку і захаванне гародніны: буракоў, капусты, агуркоў, рэпы, бручкі, цыбулі, морквы і інш. Напрыклад, агуркі соляць «у бочках розным спосабам з кропам, дубовым, вішнёвым, лаўровым лісцем. Пасля шчыльнага закрыцця і асмалення бочкі апускаюць у ваду, дзе ўсё добра захоўваецца аж да ўжывання». Аўтар піша пра ўборку бульбы, а таксама пра капцы, скляпы, дзе яе хаваюць, каб не згніла і не памерзла. Уборка бульбы — адна з самых цяжкіх сельскіх работ, бо трэба выкапаць кожны куст «рыдлам».

Сярод многіх задач, якія ставіў перад сабой даследчык, была і такая: прасачыць ход вяселля і паказаць маральна-этычныя карані ў складанні новай сям'і барысаўскіх беларусаў. Ён імкнуўся растлумачыць сувязь язычніцкіх абрадаў, элементы якіх замацаваліся ў хрысціянскіх вераваннях, і прадэманстраваў гэта на прыкладзе ўшанавання дзядоў, абрадаў прыкладзін, святкавання Купалля, Калядаў і іншых святаў. Кожную з адметных з'яў народнага жыцця Я. Тышкевіч сілай свайго таленту змог разгледзець у рэчышчы ўсёй культуры краю.

Расказваючы пра абрад вяселля, Я. Тышкевіч пачынае з апісання традыцыйнай першай сустрэчы двух бакоў — маладога і маладой, якая носіць народную назву «запоіны». Пышнасць гэтага застолля, зрэшты як і ўсяго вяселля, залежыць ад заможнасці бацькоў. Галоўная дзейная асоба на запоінах — старшы сват, звычайна чалавек вопытны, вясёлы, гутарлівы, дарадчы, паважаны ў наваколлі. Прыбывае сват з гарэлкай ва ўмоўлены час. Дзяўчына збірае сябровак. На запоіны запрашаюць таксама хрэсных і крэўных. Калі ўсе ў зборы, дзяўчаты суправаджаюць да стала маладую наступным спевам, які звернуты да свата:

Ото ж табе, Васілька,

Увядзёнка Агатка,

Калі яе любіш, дай пірог,

Калі ня любіш, то вон за парог.

Я. Тышкевіч змясціў дзевяць песень для ілюстрацыі першага акта вясельнай урачыстасці і кожны з іх — ёмістае вершаванае апавяданне з вялікім зместам і нават падтэкстам.

Яўстах Тышкевіч вельмі дакладны ў апісанні змовін. Ён перадае змест абраду з такой глыбокай праўдзівасцю, быццам сам не раз удзельнічаў у гэтай урачыстасці. Напрыклад, адносна вясельнага поезда маладога сказана, што ён «складаецца звычайна з трох свах (старшая свацця — хросная матка, дзве малодшыя — сёстры або бліжэйшыя сваячкі), двух дружкоў, столькі ж намеснікаў і хроснага бацькі, які вязе сваццяў і якога там завуць вазіла…».

Пры сватанні гаворка ішла і пра пасаг і пра гаспадарку маладога, бо тут, як зазначае Тышкевіч, абмяркоўвалася і матэрыяльная трываласць будучай сям'і. Лічыцца, што элемент куплі-продажу ў вясельным абрадзе даволі старажытны, «існаваў у эпоху распаду родавага ладу… вяселле ў патрыярхальнай сям'і з'яўлялася перш за ўсё гаспадарчым пагадненнем, што звязвалася са стварэннем новай эканамічнай адзінкі»{39}. А.М.Нікольскі таксама лічыць, што гэты абрад вельмі старажытны і «адносіцца да родаплемянной эпохі»{40}.