Выбрать главу

Заснавальнікам жа лагойскай лініі роду з'яўляецца Васіль Тышкевіч (Цішкевіч), што з ласкі вялікага князя Жыгімонта II Старога ў 1516 годзе атрымаў тытул графа і стаў ваяводам смаленскім, пазней — старастам менскім і пінскім. Пад канец жыцця лёс закінуў яго ў Супрасль, дзе ён і памёр у 1571 годзе. Сын Васіля Астафей пасяліўся ў Лагойску і з 1528 года становіцца ўладальнікам гэтага горада і маёнтка. Адсюль і пайшла дынастыя Тышкевічаў. У яго разгалінаваным родзе можна знайсці людзей самага рознага занятку: дзяржаўныя і ваенныя дзеячы, святары, суддзі, літаратары і інш.

У адносінах да рэлігіі Тышкевічы заставаліся даволі талерантнымі. Іх прыналежнасць да той ці іншай канфесіі часта дыктавалася найперш палітычнай сітуацыяй у краіне, а не ўласнымі глыбокімі перакананнямі. Тут трывалай сямейнай традыцыі не існавала. Спачатку яны вызнавалі праваслаўе, а адзін з шаснаццаці сыноў Юрыя Тышкевіча — Аляксандар — у 1609 годзе прыняў каталіцызм. Прыкладна ў гэты ж час Януш Тышкевіч (1570–1643) актыўна падтрымліваў Берасцейскую царкоўную вунію, і ў яго знайшлося нямала паслядоўнікаў. Былі ў гэтым родзе яшчэ і лютэране. Цяжка сёння вызначыць, якой царкве Тышкевічы аддавалі перавагу.

Рэдка якая палітычная, ваенная ці рэлігійная акцыя заставалася па-за ўвагай Тышкевічаў. Адзін з іх — Януш — яшчэ ў XVII стагоддзі вызначыўся ў баталіях з туркамі пад Хоцінам, быў паранены, але поля бою не пакінуў. Удзельнік вайны 1812 года Тадэвуш Тышкевіч меў чын генерала. Тышкевічы ўплывалі на ход вядомай Таргавіцкай канфедэрацыі (1792), як выявілася, выгаднай расейскаму царызму, а таксама засядалі на сейме ў Горадні, удзельнічалі ў іншых палітычных акцыях.

Роду Тышкевічаў у розны час на тэрыторыі Беларусі належалі Валожын, Маладэчна, Доры, Косіна, Астрашыцкі Гарадок… У некаторых уладаннях захоўваліся музейныя калекцыі (Астрашыцкі Гарадок, Вялае, Красны Двор, Ізабеліна). Шмат адораных людзей даў беларускай зямлі род Тышкевічаў: сярод іх былі эканамісты, архітэктары, мемуарысты, інжынеры, музыкі… Самы ж прыкметны след у духоўным жыцці беларускага народа пакінула лагойская лінія Тышкевічаў, а найперш браты Яўстах і Кастусь.

Рэкордам даўгавечнасці ў гэтым родзе вызначыўся Піус Тышкевіч (1756–1858), бацька вучоных. Атрымаўшы добрае хатняе выхаванне і скончыўшы менскую школу, ён прысвяціў сябе гаспадарчай дзейнасці, умацаванню эканамічнай рэнтабельнасці свайго графства. Поруч з клопатамі эканамічнага парадку П. Тышкевіч шмат рабіў дзеля адраджэння і памнажэння культурнай спадчыны ў родавым Лагойску. Гаспадар графства працягваў пісаць сямейную хроніку, істотна папоўніў хатнюю мастацкую галерэю, а таксама і без таго немалую бібліятэку. Спраўна вёўся архіў графства. Адораны музычна, ён арганізоўваў своеасаблівыя камерныя канцэрты. Бацька вучоных гожа іграў на скрыпцы і нават мог даць сольны канцэрт на папулярнай тады нямецкай файцы.

На гэтым захапленні графа не канчаліся. Будучы аматарам мастацтва, Піус Тышкевіч часта браў у рукі разец і падоўгу карпеў над драўлянай балванкай, пакуль яго спрактыкаваныя рукі не наносілі апошнюю рыску. Гэта мог быць нейкі бажок або мядзведзік ці козачка, словам, цацка дзецям для пацехі. Акрамя таго, граф умеў адмыслова інкруставаць столік, зрабіць прыгожую рамку для карціны з хатняй галерэі.

П. Тышкевіч вёў сямейны дзённік. Дарэчы, гэта стане прыкладам для пераймання яго сынам Кастусю і Яўстаху. Дбаў гаспадар лагойскай рэзідэнцыі, каб хораша глядзеўся не толькі інтэр'ер палаца, але і наваколле. Даводзіў да ладу стары парк, абнаўляў яго, абстаўляў неабходнай атрыбутыкай. У самім жа палацы на сценах красаваліся партрэты некаторых найбольш прыкметных асоб з лагойскай дынастыі. Першая жонка Піуса Тышкевіча — Людвіка з Серакоўскіх — цяжка хварэла і памерла ў маладым веку ў 1803 годзе. Другой жонкай графа стала Аўгуста Плятар (1782–1834), якая паходзіла са знатнага нямецкага роду, што здаўна асеў у Падзвінні, была культурнай свецкай дамай, хавальніцай даўніх традыцый. Прыйшоўшы ў новы дом, яна і тут не страціла добрых манераў цудоўнай маці, жонкі, дарадчыцы. А. Тышкевіч-Плятар нарадзіла трох сыноў: Канстанціна, Фларыяна і Яўстаха, а таксама дачку Паўліну. Ёсць звесткі, што яна прывезла ў Лагойск частку краслаўскага кнігазбору агульным лікам у тры тысячы тамоў на польскай, старабеларускай, французскай, лацінскай і іншых мовах. Яна не забывалася пра радавод Плятараў, ранні продак якіх недзе ў сярэднія вякі перасяліўся сюды ці не з Баварыі. З часам яго нашчадкі засвоілі традыцыі насельнікаў Падзвіння, а ўжо пазней лічылі сябе тутэйшымі. Нягледзячы на клопаты па выхаванні дзяцей, Аўгуста падзяляла мужава, а пазней і сваіх сыноў Кастуся і Яўстаха захапленне мастацтвам, зборам антыкварыяту, рукапісных кніг, дакументаў гісторыі і г.д.