Выбрать главу

І пасля выхаду «Апісання Барысаўскага павета» Я. Тышкевіч працягваў займацца беларускім фальклорам і этнаграфіяй. Яго падборка прыказак і прымавак з каментарыямі з'явілася ў 1850 годзе ў «Bibliotece Warszawskiej». Праўда, тут змешчаны творы, якія ён ужо і раней друкаваў, як, напрыклад, вершаваная прымаўка пра караля Саса і некаторыя іншыя. Аднак знаходзім і новыя: «Варт Пац палаца, а палац Паца», «Пісаў на Бердычаў», «Дажылі палякі, ні хлеба ні табакі», «Кажды дудак мае свой чубак» і іншыя. Глыбіня і кваліфікаванасць каментарыяў да падборкі прыказак і прымавак сведчылі аб сталасці збіральніка як вучонага-фалькларыста.

Апошнія гады жыцця. Што ў нашай памяці

Паўстанне 1863–1864 гадоў закранула душу амаль кожнага беларускага інтэлігента, грамадскага дзеяча. Я. Тышкевіч прамога дачынення да гэтай гістарычнай падзеі не меў, ён толькі спачуваў яе ўдзельнікам. І толькі па гэтай прычыне мог апынуцца ў ліку рэпрэсіраваных. Ва ўсякім выпадку, калі Вільня апусцела ад удзельнікаў руху: хто загінуў, каго саслалі за Ўральскі хрыбет, хто эмігрыраваў — наш грамадскі дзеяч сам пакінуў гэты культурны цэнтр і пасяліўся ў глухім мястэчку Біржы, на поўначы Жамойці.

Спачатку Я. Тышкевіч адчуваў сябе адлучаным ад сяброў, калег, ад навукі. Толькі паступова да вопытнага вучонага зноў вярталася жаданне працаваць. Ён бярэцца за даследаванне Біржаў. Праўда, яго захаплення гэтым мястэчкам хапіла толькі на адну публікацыю. Напэўна, ён адчуў далёкасць гэтага матэрыялу ад тых, якія замалада былі яму бліжэйшыя. Усё ж Я. Тышкевіч натхніў сваяка Язэпа Тышкевіча на стварэнне ў Біржах хатняй калекцыі старажытнасцей і дапамагаў яму ў вызначэнні прадметаў археалогіі{43}. Некалькі пазней прыклад Я. Тышкевіча будзе скарыстаны ў новым Тышкевічавым музеі ў Паланзе[5].

У Біржах Я. Тышкевіч закончыў немалую работу над кнігай-альбомам пра свой лагойскі радавод, якую падрыхтаваў да друку. Адначасова ён імкнуўся наладзіць сувязь з навуковымі цэнтрамі Варшавы і Кракава. Вучоны пастаянна сачыў за навінкамі археалагічнай літаратуры. З улікам навейшых адкрыццяў і дасягненняў эўрапейскай навукі ён спрабуе пераасэнсаваць і дапоўніць раней напісанае. У 1872 годзе выйшла яго кніга «Археалогія на Літве». Гэтая кніжка была па сутнасці творчым завяршэннем той напружанай, амаль 40-гадовай працы даследчыка. Сімвалічна тое, што Я. Тышкевіч пачынаў свой творчы шлях з археалогіі і ёю завяршыў жыццёвы кругабег.

Не толькі ў археалогіі пераасэнсоўвае свае канцэпцыі вопытны даследчык. Напрыклад, працу «Узоры хатняга сумеснага жыцця ў Літве», якая выйшла раней (1844), ён цяпер перапісвае і ў Варшаве яна выходзіць ужо ў новым варыянце. У ёй аўтар выкладае свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагоддзяў, што жыла на тэрыторыі гістарычнай Літвы. Яўстах Тышкевіч не забыўся расказаць і пра духоўнае жыццё гэтага слоя грамадства. Ілюструе яго трапнымі беларускімі прыказкамі, прымаўкамі, а таксама змястоўнымі легендамі і паданнямі{44}. Апісаны ўзоры абрадаў, якіх прытрымлівалася шляхта. А вось у кнізе «Нашы старонкі»{45} Я. Тышкевіч нібы дзеля «аб'яднання» самых розных станаў грамадства роднай Барысаўшчыны з аднолькавай павагай піша пра жыццё селяніна, лекара, шляхціца і магната Радзівіла.

З часам сітуацыя ў краі некалькі змянілася, і Я. Тышкевіч зноў перабіраецца з Біржаў у любімую Вільню. Наладжвае новыя і падтрымлівае старыя сувязі з вучонымі Кіева, Масквы, Пецярбурга і сваімі беларускімі калегамі. І яго вопыт, яго веды спатрэбіліся. Так, Кракаўскае навуковае таварыства прапанавала яму, а таксама А.Кіркору і маладзейшаму В. Каратынскаму скласці слоўнік старажытнасцей краю. Але гэтая работа, на жаль, не была закончана.

Цяжкай стратай была для нашага героя смерць у 1868 годзе старэйшага брата Канстанціна, блізкага чалавека не толькі па крыві, але і па духу. Тыя, хто ведаў братоў бліжэй, заўважалі ў іх дзейнасці як вялікае падабенства, так і адрозненні. Калі ў старэйшага Тышкевіча спалучаліся агонь творчага парыву з развагай дапытлівага вучонага, то ў малодшага брата жыло пастаяннае, але спакойнае жаданне дзеянняў. Няспешнасць Яўстаха Тышкевіча некаторыя калегі прымалі за непаваротлівасць. Усё гэта чыстая ўмоўнасць. Як і Канстанцін, ён быў аддадзены навуцы, але што зробіш, калі навука «капрызная пані» і патрабуе шмат намаганняў, каб распазнаць яе таямніцы. Усё ж у іх жыцці і дзейнасці было шмат супольнага, блізкага, роднаснага.