Выбрать главу

Асабліва пашанцавала Я. Тышкевічу на сустрэчы ў сталіцы Даніі. Спачатку беларускі краязнавец пабываў у музеі мастака А. Торвальдсена, пазнаёміўся з яго творамі. Ён вёў зацікаўленыя гутаркі з дацкімі археолагамі, у прыватнасці з П. Бецкам, які праводзіў даследаванні ў рэчышчы знакамітай «тэорыі трох эпох» Х. Томсена. Больш таго, Я. Тышкевіч пазнаёміўся з прынцыпамі пабудовы экспазіцыі нацыянальнага музея старажытнасцей, зрабіў замалёўкі розных геральдычных знакаў, склаў спісы дакументальных знаходак, а ў музейнай бібліятэцы занатаваў важныя звесткі з рэдкіх кніг розных часоў. Я. Тышкевіч выявіў невядомыя дагэтуль падрабязнасці пра ваенны паход караля Карла XII па Беларусі, дзе фігуравалі знаёмыя геаграфічныя назвы: Горадня, Пінск, Клецак, Нясвіж, Слуцак, Наваградак, Менск, Смілавічы, Крэва, Смаргонь, Суботнікі, Трабы, Гальшаны, Маладэчна, Радашковічы, Ігумен, Бялынічы, Галоўчын, Магілеў, Лясная. Гэта быў выдатны матэрыял для даследчыка гісторыі вайны. Вынікам той паездкі за мяжу стала своеасаблівая «справаздачная» кніга «Лісты пра Швецыю»{10}.

Клопаты аб спадчыне

Паездка па эўрапейскіх краінах вельмі шмат дала Я. Тышкевічу. Ён яшчэ больш захапіўся ідэяй адкрыцця агульнадаступнага музея ў Беларусі — своеасаблівага цэнтра археалагічнай і гістарычнай навукі. Перш за ўсё ён вырашае: у якім горадзе быць такому музею — Вільні ці Менску? Правінцыйны Лагойск ды і іншыя гарады Беларусі тут не канкурэнты.

Пакуль што браты Тышкевічы рупяцца перад саноўным начальствам Пецярбурга за музей у Менску ці Вільні і чакаюць ад яго вырашальнага слова. А каб зрабіць уражанне на Пецярбург і паказаць, што музей ствараецца не на пустым месцы, Яўстах спяшаецца арганізаваць краязнаўчую выстаўку, якую меркаваў адчыніць у доме віленскага сваяка Рафала Тышкевіча. Сюды прасцей запрасіць мясцовую інтэлігенцыю, ды і мецэнатаў тут лягчэй схіліць да дабрачыннай дзейнасці.

Першы крок удаўся. Я. Тышкевіч арандуе «палацык» і ў 1845 годзе перавозіць сюды частку сваёй калекцыі, якая стала пачаткам прыватнага музея. Дакладней, гэта яшчэ і не музей, а невялікая выстаўка, якая стала ў руках энтузіяста сродкам папулярызацыі высакароднай справы. Сапраўды, да гэтага «агменю» культуры і асветы пацягнуліся знаёмыя, сябры, абменьваліся думкамі пра стварэнне навуковага таварыства, выказваліся за адраджэнне ў Вільні ўніверсітэта, зачыненага ў сувязі з вядомымі падзеямі 1830–1831 гадоў. Сябры-аднадумцы не толькі на словах падтрымлівалі калегу, але і ўносілі свой уклад у папаўненне яго антыкварнай калекцыі. Траплялі сюды і экспанаты са скасаваных кляштараў{11}. З усіх гэтых паступленняў паступова фармаваўся музейны фонд. Сам жа Я. Тышкевіч не чакаў гатовых ахвяраванняў і з надыходам вясны выязджаў на археалагічныя раскопкі ў розныя месцы, пераважна Цэнтральнай Беларусі, каб будучы музей стаў сапраўдным асяродкам навукі і культуры.

Трэба прызнаць, што ў Вільні яшчэ музея не было. І тышкевічаўская выстаўка не магла яго замяніць. Ды і адкуль у вучонага магла быць упэўненасць, што ўрадавыя колы дазволяць адкрыць музей якраз у гэтым горадзе. Улічваючы такую няпэўнасць і нават раздвоенасць, знаходкі са сваіх экспедыцый археолаг адпраўляў у дом бацькі — у Лагойск.

Вядома, што ў 1848 годзе маладога графа выбралі куратарам Менскай гімназіі, той самай гімназіі, дзе некалі вучыўся і ён сам, дзе вучыліся браты Бенядзікт і Ўладыслаў Дыбоўскія, вядомыя вучоныя, а таксама кампазітар Станіслаў Манюшка, астраном Міхаіл Грушневіч, антраполаг Феафіл Худзінскі, гісторык Тадэвуш Корзун і іншыя[3].

Ды і цяпер у Менску жылі і працавалі цікавыя інтэлігентныя людзі — Ваньковічы, Кабылінскія, Кастравіцкія, аматары-калекцыянеры Люцыян Неслухоўскі і Міхаіл Гаўсман, а таксама тэатрал В. Дунін-Марцінкевіч. Словам, тут квітнела і набірала сілу новае і перспектыўнае на далейшы рост культурнае асяроддзе.

У 1845 годзе, калі Я. Тышкевіч дэманстраваў свае калекцыі ў «палацыку» сваяка Р. Тышкевіча, менскі губернатар А. В. Сямёнаў уключыў дасведчанага лагайчаніна ў склад часовай археаграфічнай камісіі па зборы і публікацыі даўніх актаў і прывілеяў, якія захоўваліся ў розных архівах і кляштарах Цэнтральнай Беларусі і мелі пэўнае навукова-гістарычнае значэнне. У гэтую рабочую групу ўвайшлі людзі, якія не мелі ніякага вопыту ў археаграфіі, далёкія ад навукі, а таму самым спрактыкаваным чалавекам сярод іх аказаўся Я. Тышкевіч.