Выбрать главу

На першым жа пасяджэнні камісіі, у якой бралі ўдзел Геласій — рэктар Менскай духоўнай семінарыі, Жукоўскі — былы рэктар Архангельскай гімназіі, а таксама чыноўнікі Маладзееў, Гласко, Масальскі, Я. Тышкевіч правёў сярод іх своеасаблівы археаграфічны «лікбез». Пры такой сітуацыі Я. Тышкевіч стаў «як бы галоўным рэдактарам выдання»{12}.

Аднак было б несправядліва выключаць з гэтага «гурту» імя менскага губернатара А. В. Сямёнава, які разумеў каштоўнасць выдання, сам любіў корпацца ў архіве, дзе не раз трапляліся яму цікавыя знаходкі. Пры яго садзейнічанні ажыццяўляўся аналагічны выпуск грамат і актаў у Вільні, калі ён там займаў пасаду губернатара.

Што гэта быў за чалавек, які ішоў на супрацоўніцтва з маладым вучоным Тышкевічам?

Аляксей Васільевіч Сямёнаў вучыўся ў Маскоўскім універсітэце. Калі пачалася вайна 1812 года, стаў апалчэнцам. Так ён звязаў свой лёс з ваеннай службай, але не цураўся і грамадскіх праблем. У маладыя гады востра рэагаваў на сацыяльныя праблемы Расеі і нават хінуўся да дзекабрыстаў. Ішоў час, і Сямёнаў апынуўся ў Беларусі. Відавочна, яго перавялі сюды ў сувязі з царскай акцыяй, скіраванай на расправу з паўстанцамі 1830–1831 гадоў. Тут ён паступова набіраў «апінію» ў вярхоўных улад — у кастрычніку 1840 года стаў цывільным віленскім губернатарам. Горад зрабіў на яго вялікае ўражанне сваёй старажытнай культурай. Губернатару захацелася спазнаць таямніцы гісторыі краю. Ён чытаў рэдкія кнігі, архіўныя манускрыпты і прыйшоў да высновы пра неабходнасць выдання зборнікаў дакументаў. Пад яго эгідай выйшаў у свет двухтомны «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Вільні, Коўна, Трок» (1843). Далучыліся да гэтай справы ўраджэнец Радашковіч выдавец Антон Марціноўскі і памочнік трыбунальнага архіварыуса В. Нарбут. Гэта А. В. Сямёнаў знайшоў у бібліятэцы Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі верш Яна Пашкевіча «Полска квитнет лациною» (1621 год){13}, які зараз шырока вядомы нашаму літаратуразнаўству. Шмат добрых спраў А. В. Сямёнаў зрабіў і ў Менску пад час свайго новага губернатарства (1844–1850). Ён арганізаваў выданне «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў Менскай губерні» (1848), паспрыяў адкрыццю ў Менску публічнай бібліятэкі, рэформе гарадскога тэатра. Зразумела, што ўсяго гэтага не мог не заўважыць Я. Тышкевіч. Ён вучыўся ў свайго мэтра арганізацыі справы, што яму асабліва прыдалося пры стварэнні Віленскага музея старажытнасцей.

Цікава, што мірскі археаграфічны зборнік па назве і па фармаце быў аналагічным віленскаму. Вось толькі тышкевічаўскі фаліянт саступаў папярэдняму каштоўнасцю саміх дакументаў, змешчаных у ім. Гэта і не дзіва, бо Менск да самай рэвалюцыі ніколі не выконваў вядучай ролі ў культурным жыцці Беларусі, а значыць, тут захоўваліся дакументы тэрытарыяльна не далей Менскай губерні. Нікім не засведчана, каб тут хто-небудзь мэтанакіравана вёў збор рукапісаў. У гэтай справе прыарытэт належаў Вільні.

Шырокая натура Яўстаха Тышкевіча імкнулася да многага: ён вёў археалагічныя раскопкі, запісваў фальклор, збіраў экспанаты для будучага музея, у тым ліку гістарычныя дакументы, старажытныя рукапісы, даследаваў этнаграфію, спрыяў ажыўленню культуры і асветы краю. Спагадлівы да чужога гора, Я. Тышкевіч заступаецца за выпускніка Харкаўскага ўніверсітэта Эмілія Паўлікоўскага, потым за невядомага нам Фелікса Магнушэўскага{14}, магчыма, пляменніка знакамітага аднафамільца — ксяндза, настаўніка Паўлюка Багрыма. Да сярэдзіны XIX стагоддзя Я. Тышкевіч сфармаваўся ў даволі вядомага дзеяча навукі і культуры. Асаблівае значэнне ён надаваў праблеме адкрыцця музея. Шмат дапамагаў яму яго старэйшы брат Канстанцін.

Як часта тады бывала ў беларускіх сем'ях, называючы сябе «ліцьвінамі», браты Тышкевічы разумелі пад гэтым сваю прыналежнасць да цэнтральнай і заходняй часткі Беларусі, якая фігуравала ў іх як «Літва» або «Руская Літва», і толькі Магілеўшчыну і ўсходнюю Віцебшчыну ды большую частку Смаленшчыны яны называлі Беларуссю, а жыхароў — беларусамі. Зразумела, яны, як і іх сучаснік У. Сыракомля, таксама «ліцьвін», не ведалі той мовы, якую мы ў канцы XX стагоддзя чуем у сучаснай Летуве. Ніколі нашы папярэднікі не чулі і назву Вільнюс, бо гэта для іх гучала б вельмі ненатуральна. Для той пары натуральнымі былі Вільня або Вільна. Братам Тышкевічам гэты горад бачыўся цэнтрам блізкага і роднага ім старажытнага крывіцкага племя, фактычна Беларусі. Напэўна, так гэта разумелі і ў Пецярбургу. Бо пасля звароту ў 1852 годзе братоў Тышкевічаў у паўночную сталіцу, як і меркавалася, імператарская адміністрацыя вызначыла нарэшце месца адкрыцця музея старажытнасцей — Вільню.