Выбрать главу

Абрам Iзрайлевiч iдзе па праходзе, трымаючыся за сэрца, i на хаду кiдае завучу загадкавыя фразы: "Ну хоць бы чэмпiянат вобласцi, ну рэспублiкi... Але СССР..."

Напiўшыся нейкiх пiгулак, дырэктар выходзiць на сцэну. Ягоны заўсёдны iнстытуцкi ромбiк на мышыным гарнiтуры ад хвалявання перакасiўся. У руках у Абрама Iзрайлевiча скручаная ў трубку вялiкая паперына. На высокiм дырэктаравым iлбе, якi неўпрыкмет пераходзiць у шыкоўны плех, застылi тры глыбокiя зморшчыны, падобныя да трох чаек, што ўзлятаюць дакладна адна над адною.

- У мяне няма слоў, - пасля трагiчна цяглай пярэрвы пачынае дырэктар.

Луiза Сцяпанаўна папраўляе фрызуру, торгае Рыбу за рукаў, i той няўцямна лыпае вачыма, як выцягнуты з дупла на сонца пугач.

- Слухай, зараза! - гучна шэпча iнспектарка.

- У мяне няма слоў, - паўтарае Абрам Iзрайлевiч.

Але словы ў яго ўсё ж знаходзяцца.

- Сёння ноччу мiлiцыя арыштавала вучня нашай школы Рыбчынскага, грасуючы, гаворыць дырэктар. - Яго ўзялi на месцы злачынства. Справа набывае палiтычную афарбоўку.

Абрам Iзрайлевiч падымае таямнiчую папяровую трубку да сiняга выгаленага падбароддзя i паволi разгортвае яе. Заля замiрае. Чайкi на дырэктаравым iлбе журботна апускаюць крылы.

- Ну i што тут такога? - чуецца ў вусцiшы здзiўлены галасок прымадонны школьнага драматычнага гуртка Нiнкi Мароз.

Колькi наступных хвiлiнаў заля калоцiцца ад дзiкага рогату. Настаўнiк фiзкультуры Мiхаiл Карпавiч Эпштэйн за вуха цягне да выхаду Валодзю Паповiча. У дзвярах вырастае школьны вартаўнiк Харытонавiч, што за сталiнскiм часам працаваў кiроўцам на "варанку" i, кажуць, аднойчы назаўсёды завёз у НКВД уласнага бацьку.

На сцэне ўзвышаецца дырэктар. Цяпер ён нечым нагадвае бачаных па тэлевiзары мурынаў-пiкетчыкаў, якiя за нешта змагаюцца каля Белага дома. У руках у Абрама Iзрайлевiча аб'ява:

ЧЕМПИОНАТ СССР ПО АКАДЕМИЧЕСКОЙ ГРЕБЛЕ

На месцы лiтар "Г" i "Р" у апошнiм слове - вакенца, адкуль выглядае дырэктараў iнстытуцкi ромбiк.

Прымадонну Нiнку, што выконвала на школьнай сцэне ролю Улi Громавай, доўга даводзiлi пытаннем, цi ўдзельнiчала яна ў чэмпiянаце СССР па гэтым самым акадэмiчным вiдзе спорту. Можна толькi здагадвацца, наколькi пакутлiва было чуць такое мацiцова-ружовым вушкам са смарагдавымi кропелькамi завушнiцаў.

Гэта яна, Нiнка, была аўтаркаю славутага выслоўя: "Я буду належаць толькi свайму мужу".

Магчыма, на Нiнчына маральнае аблiчча наклала адбiтак тое, што яна даводзiлася дачкою начальнiку гарадскога аддзела мiлiцыi. Таму самаму, што вынайшаў задзвiнскiя расстрэлы п'янiцаў.

Вынаходка была да генiяльнага простая. Падабраных на вулiцах i ў парку жлуктаў адразу сартавалi. Ляжачых везлi ў выцвярэзнiк, а хадзячых збiралi на ўнутраным мiлiцэйскiм падворку побач з клеткамi службовых сабак. Да п'янiцаў выходзiў Нiнчын бацька.

- Што будзем рабiць, таварыш палкоўнiк? - кiваючы на п'яны кантынгент, сурова пытаўся дзяжурны па аддзеле. - Можа, сабак спусцiм?

Службовыя сабакi заходзiлiся пры гэтых словах жудасным брэхам, а п'янюгi прыкметна цверазелi.

- Адставiць сабак!

На двары западала маўчанне, i ў iм цiхiя стамлёныя словы начальнiка мiлiцыi гучалi, быццам пiсталетныя стрэлы.

- Расстраляць усiх на х..., каб не псавалi наш сацыялiстычны горад.

Пасля гэтага небаракаў запiхвалi ў машыны, адвозiлi на дзесятак кiламетраў ад горада i "расстрэльвалi" на лясной галявiне з пiсталетаў халастымi патронамi. Мiлiцыя ад'язджала, а "расстраляныя", некаторыя з мокрымi штанамi, усю ноч валаклiся па шашы дамоў. Скардзiцца на Мароза баялiся, але гiсторыя неяк выплыла на свет, i Нiнчынага бацьку адправiлi вучыцца ў Маскву ў мiлiцэйскую акадэмiю.

"Я буду належаць толькi свайму мужу", - чуў ад Нiнкi кожны, хто асмельваўся нават на самыя бяскрыўдныя прапановы. Аднойчы ў дзесятым класе я, натхнiўшыся яе даўгiмi смуглявымi ножкамi, што раслi, здаецца, ад самых вушэй, i дзiвоснай аксамiтава-брунатнай радзiмкаю памерам з капеечную манету на левай шчацэ, адолеў сваю прыродную сарамяжлiвасць, падышоў да Нiнкi на перапынку i з усмешкаю закаханага блазна выцiснуў з сябе некалькi пакутлiвых слоў, каб таксама пачуць пазбаўленае нават намёку на ўзаемнасць "Я буду належаць...". Можна падумаць, быццам я прапаноўваў ёй аддацца мне проста на школьнай парце цi ў гардэробе пасля заняткаў, а не схадзiць на вечаровы сеанс у кiнатэатр "Космас", дзе я, паводле свайго адчайнага плана, меўся ўсяго толькi пакласцi руку на яе нясцерпна круглае калена.

Памятаю, маё юначае пачуццё настолькi пахiснулася, што я паабяцаў гаспадынi цудоўных ножак напiсаць на сцяне ейнага дома "Тут жыве Нiнка, якая будзе належаць толькi свайму будучаму мужу", а ўнiзе дадаць: "Але гэта мы яшчэ паглядзiм".

Такi самы мемарыяльны надпiс можна было зрабiць i на нашым менскiм студэнцкiм iнтэрнаце, бо там жыла Вера Кропелька. Апрача акуратных канспектаў, раскошнай касы, што спускалася да таго месца, дзе Верына спiна губляла сваё гордае найменне, i процьмы iншых станоўчых якасцяў у Веры таксама быў пункцiк наконт таго, каму яна будзе належаць, прычым фармулёўка слова ў слова паўтарала Нiнчыну, што давала падставы падазраваць абедзвюх у плагiяце.

Што сталася з жаночым credo Нiны Мароз, я скажу трохi пазней. А Вера Кропелька, дзякуючы яшчэ аднаму насельнiку нашага iнтэрната, трапiла ў неафiцыйную гiсторыю роднага факультэта.

Гэтага насельнiка звалi Юлiк Канапацкi, i да чацвёртага курса ён пад дабратворным уплывам суседзяў па пакоi са стараннага студэнта, што глядзеў на выкладчыкаў, ловячы ротам мух, ператварыўся ў сваю процiлегласць i почасту, уладкаваўшыся на самым версе аўдыторнага амфiтэатра, проста на лекцыi высмоктваў праз саломiнку пляшку, а то i дзве некалекцыйнага вiна.