Выбрать главу

Самай лепшай парой чалавечага жыцця, гадамі «чысціні і надзеі», гадамі «парыванняў і мрой» назваў Рыгор Барадулін маладосць. I гэта ні адзін філосаф не стане аспрэчваць. Магутны размах крылаў магчымы толькі ў маладосці.

Большасць высакародных, духоўна прыцягальных герояў беларускай літаратуры — маладыя. Гэта купалаўскія Бандароўна, Якім Сарока, Паўлінка, Янка Здольнік, коласаўскія Лабановіч, Сымон-музыка, быкаўскія Сотнікаў, Фішар, Свіст, Зося Нарэйка, дудараўскія радавыя. Розныя ў іх лёсы, але ўсе яны ўвасабляюць лепшыя чаларечыя якасці. На шляху ўсіх гэтых герояў былі «каменні тыя, што губяць сілы маладыя». Асабліва трагічным быў лёс маладых, якія зведалі вайну.

Было ў салдата два полі: поле, дзе кветкі ірваў, бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён паміраў, — так вобразна і лаканічна перадаў трагедыю той маладосці А. Вярцінскі.

Трагічным быў лёс равеснікаў В. Быкава — юнакоў 1924 г. нараджэння. На долю гэтага пакалення, якое амаль усё згарэла ў пекле вайны, выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. I бацькі Быкава, як многія бацькі салдат, у ліхую гадзіну атрымалі пахавальную, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10.01.44 г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікія Севярынкі Кіраваградскай вобласці. На шчасце, гэта была памылка. Да яго, цяжка параненага, лёс, мноства разоў вытрымаўшы на трываласць, аказаўся літасцівы. Лёс усё ж літасцівы і да нашага народа, калі, правёўшы праз пякельны агонь вайны, збярог нам такіх прарокаў, як В. Быкаў, каб мы слухалі іх.

Існуе легенда, быццам анёл смерці, які спускаецца з нябёсаў, каб разлучыць душу чалавека з целам, спрэс пакрыты… вачыма. Аказваецца, гэтыя вочы прызначаны не яму. Бо, здараецца, анёл, прыляцеўшы па чыюсьці душу, разумев, што паспяшаўся, што яшчэ не прыйшла пара чалавеку развітвацца з жыццём. I тады ён не чапае ягоную душу, а надзяляе яе ўладальніка яшчэ адной парай вачэй. Пасля гэтага чалавек пачынае бачыць не толькі тое, што і ўсе астатнія, але і тое, што даступна толькі іншаму сусвету, іншаму, вышэйшаму вымярэнню і існаванню. Для звычайных жа людзей ягоныя ўяўленні здаюцца выдумкай, фантазіяй, нават галюцынацыяй… Людзі маюць звычайны, абмежаваны зрок і на заклік відушчых прарокаў могуць адказаць пытаннем з верша Янкі Купалы «Прарок»:

Па колькі нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?

Многа беларускіх страцім-лебедзяў загінула ў час «патопаў», калі «схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць, каб багата адароны мілы край наш зваяваць». Гінулі страцімлебедзі, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў:

Ад усіх цяпер патомкі ёсць, Ды няма адных — Страцімавых.

(М. Багдановіч).

Многія творы беларускай літаратуры пераканальна даводзяць, што нават у мірны час найцяжэй усё-такі маладым. Як ні парадаксальна, але менавіта самыя дужыя аказваюцца бяссільнымі і бяззбройнымі перад здрадай, двухаблічнасцю, перад жорсткасцю і вар'яцтвам гэтага свету.

Р. Барадулін прывілею маладых бачыць у тым, што для іх «воз роспачы сцішана едзе, і радасць сядае на кут». На жаль, у наш час нават для маладых воз роспачы едзе не сцішана, а шалёна нясецца, растрасаючы камяні на дарозе маладых. I тыя камяні даводзіцца збіраць зноў жа найперш маладым.

У вобразе Славіка Шыковіча з рамана «Сэрца на далоні» ўвасоблена пісьменніцкая думка пра тое, як нялёгка быць маладым. Нялёгка, нават калі твае бацькі сапраўды самавітыя і сумленныя людзі. А што ўжо казаць пра сіроцтва пры жывых бацьках! I. Шамякін пераканальна паказаў, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае і складанае ў гэтым свеце — расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае каштоўнасці. Пісьменнік паказаў свайго героя ў эвалюцыі, паказаў усе тыя фактары, якія спрыялі адраджэнню яго душы.

Вядома ж, праца, годнае акружэнне таксама паўплывалі на Славіка. Гэта пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці ў Славіка, як даводзіць пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як падкрэслівае пісьменнік, што «ўсе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны кодэкс». Але ж у юнака заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці паміж тым, што чуў і што бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а юначы максімалізм і цынізм — ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрад ці словы, якія пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць па-новаму».

Прычыну масавага разбэшчання моладзі П. Панчанка якраз і бачыць у пустазвонстве, двурушнасці, двайных стандартах. У вершы «Ратуйце нашы душы» ён піша:

Распрадалі наркотыкі аптэкі… Ад пустаслоўя Ўся зямля дрыжыць. Каму ім верыць? Як далей ім жыць? Ад заклікаў паветра зноў трасецца…

Ніл Гілевіч лічыць «дармаедства» асноўнай прычынай вынішчэння духоўнасці і дэградацыі моладзі:

Ад дармаедства ўся распуста: Нішто не нішчыць душу так, Як незаробленая луста, Якой харчуецца лайдак.

Безумоўна, нерэалізаваныя сілы — трагедыя і для чалавека, і для грамадства, бо нерэалізаваныя сілы абавязкова ператвараюцца ў зло. I тым больш небяспечныя яны для людской супольнасці.

Маладосць адначасова і самая шчаслівая, і самая «апаслівая пара» жыцця чалавека, як пра тое словамі свайго героя — дзеда Яхімамудра папярэдзіў усіх нас М. Гарэцкі. Кожнаму чалавеку, а маладому асабліва, намнога лягчэй вытрымаць выпрабаванне нягодамі, чым спакусамі і «балотнай вадой».

У Евангеллі сказана: «Гора свету ад спакусаў… гора таму чалавеку, праз якога спакусы праходзяць». У Евангеллі ёсць і парада, як ратаваць сваю душу ад «агню вечнага»: «Калі ж рука твая ці нага твая спакушаюць цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі ці без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць зрынутаму ў агонь вечны». Метафарычнасць евангельскіх вобразаў дапамагае ўсвядоміць, што неабходна перамагчы сябе і адмовіцца ад спакушальнага, якое нішчыць душу.

Незвычайнай духоўнай сілай валодае той, хто прайшоў каля спакусаў і вытрымаў выпрабаванне імі — не падцаўся ім. На такое здольны нямногія.

Ян Баршчэўскі ў кнізе «Шляхціц Завальня…» з вялікай мастацкай сілай паказаў цянёты і путы, якія рыхтуе зло для сваіх ахвяр. I ахвярамі зла найчасцей становяцца менавіта маладыя. «Ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічаму, бо калі пахіснешся сэрцам або духам — будзеш нешчаслівым; не пускай у душу такія пачуцці», — вучыць Сямёна незнаемы чалавек, адпраўляючы яго на Лысую гару да Вужынага караля. Яшчэ больш прывабна для маладых гучаць такія словы і такі заклік: «Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсе павінны служыць табе». Далека не кожны здольны распазнаць для сябе пастку і ў такім дэвізе: «Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём. Што будзе пасля, навошта думаць цяпер».

I варта толькі зрабіць гэтыя словы і ўсё, што за імі стаіць, здабыткам сваёй душы — душа вынішчаецца. I не ўсе, асабліва маладыя, што знаходзяцца «ў той апаслівай пары», калі хочацца зведаць вострых адчуванняў і шчасця, усіх даброт і выгод зараз жа (а пра цану за ўсё гэта навошта думаць цяпер!), здольны ўстаяць перад такой спакусай. Не ўсе разумеюць, што ёсць страх як выяўленне рабскай псіхалогіі і ёсць іншы страх — як ахоўная рэакцыя арганізма ад фізічнага і духоўнага вынішчэння. Адсутнасць такога страху — сведчанне, што не спрацоўвае інстынкт самазахавання, што ўключаецца праграма на самавынішчэнне. Пакуль ёсць такі страх, ёсць надзея, што не ўсё страчана, бо менавіта страх надае сілы і… смеласці спыніцца, адумацца, уратаваць сваю душу і ўсё, што вакол яе. Прыгадаем пачуццё страху, уласцівае лірычнаму герою верша М. Багдановіча «Пагоня»: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…» Такі жах — сведчанне жывой душы. Толькі неразумны і здрадлівы чалавек не пахіснецца, не засумняваецца: а можа, не так жыў, не тое рабіў, «не тудой дарога» пралягла да Храма?