Выбрать главу

Правёўшы свайго любімага героя Лабановіча праз многія выпрабаванні, Якуб Колас выпрабаваў яго яшчэ і спакусамі, «смуродам местачковага балота». I трэба зазначыць, што тое выпрабаванне было самым цяжкім на шляху Лабановіча, бо ён нават «укачаўся» ў бруд гэтага балота: прайграў і праматаў за адну ноч усе заробленыя нялёгкай працай за год грошы. А грошы тыя ён вёз маці і дзядзьку Марціну, якія марылі купіць зямлю. Аднак гэтым пісьменнік паказаў зусім не слабасць Лабановіча, а сілу «балота», калі яно здольна было хоць на нейкі момант прыцягнуць (не ўцягнуць, не!) нават такіх моцных духам і розумам, як Лабановіч. Лабановіч здолеў «адчуць смурод местачковага балота» і вырвацца з яго, спаўна заплаціўшы за адзін з галоўных урокаў у сваім жыцці. «Самае галоўнае — не страціць усведамлення ўласных памылак» — вось галоўны вынік таго ўрока, афарыстычна і дакладна сфармуляваны самім Лабановічам.

Гэта коласаўская мудрасць і яго ўрок усім нам. Гэта папярэджанне, што лепш балота абысці, бо не ўсе мы такія моцныя і стойкія, як Лабановіч, не ўсе здольны адразу адчуць «смурод балота», а калі і адчуем, то можа быць позна — засмокча, праглыне. Філасофія пісьменніка і тая мастацкая сіла, з якой яна рэалізавана, вельмі актуальныя сёння, калі спакусаў і «балот» на шляху маладых намнога больш, чым на шляху Лабановіча. З кім павядзешся — ад таго набярэшся. У Панямонь лепш не завітваць, балота — абысці!

Сцвярджаючы, што «моладзь — наш народ, яны — не госці», праклінаючы раўнадушша, Пімен Панчанка заклікае: «Хутчэй ратуйце маладыя душы!»

Сёння заклікі, нават заклікі прарокаў, на жаль, мала хто чуе. Маладых уратуе іх уласнае ўсведамленне яшчэ адной прывілеі, якой таксама пазбаўлена старасць, — прывілеі вучыцца. Навука духоўнасці засведчана і ў мудрых кнігах таксама, таму і трэба, як вучыць герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне» захавальнік вечнасці дзед Яхім, «у кніжках і ў разумных людзей пытацца» — і будзеш «ведаць, што рабіць трэба». Нават бесчалавечныя абставіны, што правакуюць людзей на нялюдскае, не здымаюць адказнасці чалавека за сваё жыццё і свае ўчынкі. Бо ў нас ёсць прарокі, якіх нам належыць слухаць. I гэта дапаможа нам уратаваць нашы душы.

«Шануем мы бацькоў імёны, навука й прыклад нам яны» (У. Жылка)

Вось у трэці раз я гатовы ісці да вас, і не буду абцяжарваць вас і замінаць вам, бо я шукаю не вашага, а вас. Не дзеці павінны збіраць маёмасць для бацькоў, але бацькі для дзяцей…

З Другога паслання святога апостала Паўла да Карынфянаў.

З дзесяці законаў вечнасці, загадаў-запаведзяў Божых толькі адна, як на тое звяртае ўвагу апостал Павел у Пасланні да Ефесянаў, абяцаная Богам: «Шануй бацькоў сваіх» — гэта першая запаведзь з абяцаннем. Толькі за выкананне яе абяцаецца ўзнагарода: шануй бацькоў сваіх — і дзеці твае будуць шанаваць цябе.

Калі б маладосць ведала, а старасць магла! Але, на жаль, старасць не можа ўжо нічога перайначыць у перажытым, а маладосць не ведае, што галоўным яе клопатам павінен быць клопат пра сваю… старасць.

Старасць не можа быць шчаслівай, але яна можа і павінна быць годнай, спакойнай і дагледжанай. Такая старасць і клопат пра будучыню — дзяцей — даўно сталі галоўнай меркай гармоніі і дабрабыту ў цывілізаваным грамадстве. А калі ж «ходзяць беспрытульна па дарозе мільёны нашых страчаных дзяцей», калі яны сіроты пры жывых бацьках, а старасць жабрацкая і адрынутая, то будучыня такога грамадства і такой краіны вельмі незайздросная.

«Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» — так усведамляе багушэвічаўскі лірычны герой сутнасць сапраўднага чалавека. Сапраўдны чалавек, на думку паэта, гэта найперш дбайны сем'янін, верны муж сваёй жонцы, добры бацька сваім дзецям, для якіх ён — прыклад: толькі пры такой умове яны будуць яму «у слуху».

I сапраўды, няхай будзе ў чалавека ўсё, чаго душа пажадае, няхай будзе слава і пашана за добра зробленую справу, няхай будзе здароўе і раскоша, а не будзе толькі аднаго — павагі і паслушэнства ўласных дзяцей, і рай чалавеку стане пеклам. Прахам пойдуць багацце і раскоша. Пашана свету нішто перад непашанай і знявагай ад уласнага дзіцяці.

Вечнасць жыцця забяспечваецца трывалай сувяззю паміж пакаленнямі. А сувязь гэтая мацуецца найперш прыкладам бацькоў і дзядоў. Пакуль бацькі для дзяцей з'яўляюцца прыкладам і аўтарытэтам, а дзеці бацькам — «у слуху», — сувязь трывалая і надзейная.

За ўсю гісторыю свайго існавання чалавецтва не прыдумала іншай супольнасці людзей, дзе ўмовы выхавання дзяцей былі б больш спрыяльныя, чым у добрай сям'і.

Многія раздзелы паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» прысвячаюцца дзецям і ўслаўляюць яшчэ адну нацыянальную якасць беларуса. Спрадвечную якасць, дзякуючы якой «жыў беларус — і будзе жыць!», — клопат пра будучыню сваю, бо дзеці і ёсць будучыня нацыі і кожнага асобнага чалавека. Такая пільная і кранальная пісьменніцкая ўвага да дзяцей у паэме тлумачыцца мудрасцю песняра, які нагадвае, што вытокі ўсяго — у сям'і. Свой ідэал сямейных адносін паэт выявіў на прыкладзе сям'і Міхала і Ганны, у якой панавалі любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат кожнага пра кожнага. У паэме выдатна паказаны не толькі прынцыпы векавой народнай маралі, але і прынцыпы народнай педагогікі. Прыклад і сумленнасць бацькоў, іх чалавечныя ўзаемаадносіны, любоў да дзяцей, працавітасць і строгасць — вось асноўныя прынцыпы гэтай педагогікі.

Любоў да дзяцей не выключав, а, наадварот, уключае і строгасць. Добрых дзяцей вучыць граза, а не лаза, сцвярджае народная мудрасць. Пра папружку Міхал больш нагадвае дзецям, чым пускае яе ў ход (толькі аднойчы, ды і то калі Алесь не ацаніў тактоўнасці і далікатнасці бацькоў і не скарыстаў шанс самому выправіць сваю памылку): «Калі пайдзе навука туга — паходзіць бацькава папруга!», «Цыц, не смець казаць мянушку, а то здыму на вас папружку!».

«Пачуццё справядлівасці, годнасці ўласнай, мабыць, разам з жыццём нам прырода дае», — разважае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Гавары са мной ласкава». Даецца з жыццём, але выхоўваецца, фарміруецца зноў жа' толькі ў сям'і. «Сын Буры таксама будзе Бурай», — пераканальна даводзіцца гэтая ісціна ў апавяданні Яна Баршчэўскага «Сын Буры». Рабская псіхалогія бацькоў, на жаль, робіцца здабыткам іх дзяцей. «Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці маёй, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакай няшчасця на чале» — так гаворыць пра вытокі сваёй трагедыі герой кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…».

Зусім іншы ўплыў аказалі на сваіх дзяцей коласаўскія Міхал і Ганна. Яны былі для дзяцей прыкладам, узорам таго, як трэба клапаціцца пра свой гонар і годнасць, каб быць свабоднымі. Свабодны толькі той чалавек, ва ўяўленні Коласа, хто не абмяжоўвае свабоды бліжняга свайго, не замахваецца на яе. Доказ таму — братэрскія адносіны Міхала да Антося і павага да жонкі, маці сваіх дзяцей. Мы захапляемся мудрасцю, годнасцю і свабодай Ганны, а каму яна абавязана сваёй свабодай? Нічога ідэальнага на свеце не бывае, але сям'я Міхала і Ганны, узаемаадносіны паміж імі — выключэнне з гэтага правіла. Павага, з якой ставіцца Міхал да людзей, а найперш да жонкі, не могуць не захапляць. I самы галоўны бацькоўскі клопат Міхала — каб дзеці ніколі не былі рабамі, таму і да яго строгасці, а часам і суровасці ў адносінах да сыноў мы ставімся з разуменнем і павагай. Уражваюць сямейныя сцэны, калі Міхал па-дзіцячы адчайваецца з-за някемлівасці і хітрасці аднаго, няздатнасці да вучобы другога сына. Затое якой радасцю поўніцца яго бацькоўскае сэрца, калі бачыць у сваіх дзецях тое добрае, што якраз і дае надзею на іх вольнае і людскае жыццё ў будучым, калі ён ужо не зможа пра іх паклапаціцца. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — гэтую жыццёвую выснову Міхал імкнецца перадаць сваім дзецям.

Маёмасцю, якую бацькі, паводле мудрасці апостала Паўла, павінны збіраць для сваіх дзяцей, з'яўляюцца не толькі і не столькі цукроўні, капальні, плантацыі, маенткі, а найперш — скарбы душы. Скарбы вечныя, якія «ніколі і ніхто ад нас адняць не зможа», як слушна сцвярджае сваёй публіцыстычнай творчасцю Цётка. Без скарбаў духоўных матэрыяльныя «пры першым жа няшчасці счэзнуць дазвання».