Нічога выпадковага на свеце не бывае, усё мае свае вытокі, моцная незвычайная асоба можа з'явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» мноства старонак прысвячаецца «выйсцю крыніц» — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы.
У. Караткевіч падрабязна апісвае сям`ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям'і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям'і.
Сям'я, даводзіць У. Караткевіч сюжэтам рамана, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзячыў усёй сям'і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне дастойных чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне («выміраем, Алеська, выміраем!») атрымаў падлетак ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў для разняволення народа (Вежа быў за адмену прыгону, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць, на што дзед з горыччу і нянавісцю сказаў: «Ваські Вашчылы на іх няма!»). Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэтую зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адабраць.
Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць, што добрае вырастае толькі на добрай глебе, калі жывіцца гаючай вадой. Такой глебай для чалавека з'яўляецца сям'я, а жывой вадой — «навука й прыклад» бацькоў.
«Дзяды — вытокі кожнага народа» (А… Лойка)
Жыў беларус — і будзе жыць!
Янка Купала.
Бо як ёсць у народа такія —
Не загіне давеку народ.
У. Караткевіч.
Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака — вытокам, а чалавек — сваімі продкамі, сваімі дзядамі і створанай імі маёмасцю. На змену дубам-дзядулям уздымаюцца «ценькія дубочкі», магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця, — такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці кожнага народа.
Першая ўмова закону вечнасці — каб унукі ведалі, «хто такія іх дзяды», каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну маёмасць.
Дзед Яхім, герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне», перадае Архіпу (а праз яго і нам) сакрэты вечнасці і неўміручасці, сакрэты памнажэння скарбу, пакінутага нам дзядамі, і таленту, дадзенаму строгім гаспадаром кожнаму з нас.
Першы, самы галоўны і вызначальны сакрэт, без якога «і навука ніякая не дапаможа, а зможа», калі «карэння нашага роднага» не мець у сабе. Каб «карэнне роднае» не страціць і «ведаць, што рабіць трэба», даводзіць захавальнік вечнасці дзед Яхім, трэба «ў кніжках і ў разумных людзей» пытацца, «як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі».
Мудрасць тоесная мудрасці шляхціца Завальні: «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння».
Запаветы дзеда Яхіма не дэкларатыўныя. На яркіх, запамінальных і ўражальных прыкладах ён даводзіць неабвержнасць вечных ісцін, так трапна, мудра і хораша ім сфармуляваных: «Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне».
З люстра мінуўшчыны глянуць на нас вочы святой нябеснай заступніцы нашай Еўфрасінні Полацкай.
Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Сам Усяслаў Чарадзей княжыў 57 гадоў, і за гэты час Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю Полацкую». «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім».
Заслуга яе перад нашай нацыяй не толькі ў мецэнацтве і перапісванні кніг, не толькі ў садзеянні будаўніцтву Спасаўскага сабора, распісанага унікальнымі фрэскамі. З яе імем звязана і стварэнне ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам паводле яе заказу нацыянальнай рэліквіі — крыжа. Гэта сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства — старажытнага правобраза Беларусі.
«Свет нас прымаў за народ па адной палачанцы…» I не толькі. У галерэі партрэтаў нашых слынных дзядоў, па якіх нас прымае свет, — Францыск Скарына. «I Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», — з гордасцю пісаў П. Панчанка ў вершы «Мы з тых беларусаў…».
У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным.
Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак… Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык.
Слаўны «сын з Полацка» атрымаў выдатную адукацыю ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця. Ён «ізбрал оставіті в науце і в кнігах вечную славу і память свою». Яго кнігі на роднай мове, створаныя «людем посполітымъ» «к доброму научению», былі і «Богу ко чти», і народу нашаму паходняй. У кнізе ён рэалізаваў свой дар: уславіў Бога і наш народ на векі вечныя.
Духоўная «маёмасць», якую пакінуў нам Ф. Скарына, вучыць нас, як жыць сёння, папярэджвае, што «законы прирожении», законы вечнасці не дадзена абысці нікому:
Надзённа гучыць Скарынаў напамін усім нам, што светам валадарыць любоў, бо яна самая дасканалая з усіх даброт і каштоўнасцей, без якой марна ўсё ў свеце.
«Многія народы Еўропы з удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор» — так пра Міколу Гусоўскага і яго геніяльную паэму «Песня пра зубра» сказаў адзін з яе перакладчыкаў на нямецкую мову. Дзякуючы таму што напісана яна была не на беларускай, а на лацінскай мове, упершыню ў гісторыі сваёй культуры Беларусь вуснамі свайго сына напрамую гаварыла з іншымі народамі пра сваё жыццё, сваю гісторыю.
Цэнтральнай праблемай твора з'яўляецца праблема дзяржаўнасці і суверэнітэту. Ад чаго залежыць росквіт і моц дзяржавы? На думку Гусоўскага — ад дзяржаўцы. Якім павінен быць дзяржаўца, каб краіна квітнела і была недасягальнай для ворагаў, была незалежнай? Што павінна быць прыярытэтным у палітыцы такога дзяржаўцы? Вобразам князя Вітаўта паэт даў адказ на вечнае і надзённае пытанне. Свой ідэал дзяржаўцы паэт-філосаф знайшоў у мінулым, у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, калі княжанне Вітаўта для нашай дзяржавы было залатым векам.
Нельга не захапляцца мудрасцю нашага слыннага земляка, які паўтысячагоддзя таму нагадаў нам пра галоўны закон вечнасці, «закон прирожений», — не хлебам адзіным жыве чалавек. А калі толькі хлебам, то не будзе і яго…. Афарыстычна, вобразна сфармуляваў ён гэты закон, папярэдзіўшы нас пра бяду, калі той закон парушым: