Выбрать главу

Адметнасць творчай манеры М. Зарэцкага ў тым, што ён адкрыта не выяўляе, як, да прыкладу, Іван Мележ, адносін да сваіх герояў: хай чытач разважае і ацэньвае сам. I ўдумлівы чытач не можа не заўважыць той акалічнасці, што галоўны герой рамана «Вязьмо» Сымон Карызна, будучы дырэктарам мясцовай сямігодкі, не працуе, не вучыць дзяцей, не рыхтуецца да ўрокаў. Толькі арганізуе сходы, толькі выступае, толькі ваюе і ненавідзіць. Усведамляючы сябе тым, хто здольны ўсіх ашчаслівіць, усіх сляпых зрабіць відушчымі, ён адмаўляецца дапамагчы самым блізкім людзям, якія папрасілі ў яго парады, падтрымкі, паратунку. Да пары яму і яго каханая — «рамантычная асоба» Вера Засуліч, дзеля якой ён разбурыў сям'ю. Але як толькі змяніліся абставіны, Вера пераступіла цераз Карызну, як ён пераступіў цераз родных. Толькі зрабіла гэта «чысценька і прыгожанька», яшчэ і парадавалася, «што ўсё скончылася для яе найлепшым чынам».

I гераіня Коласа Вольга Віктараўна Андросава настолькі захапілася рэвалюцыяй, што зусім закінула школу: «Ну яе к чорту!» Яна толькі «збірала дарослых і чытала ім усялякую нелегальшчыну». У страшэнным запусценні былі і школа, і кватэра папярэдніка Лабановіча, з якім некалі вучыліся ў семінарыі. Стрэтун-Сурчык такую разруху растлумачыў рэвалюцыяй, на што Лабановіч адказаў: «Рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінна быць гразь і бруд». Хто не хоча працаваць, заўсёды знойдзе і апраўданне сабе, і прычыну, каб не працаваць. Намнога прасцей закапаць свой талент, чым пашукаць спосаб яго памнажэння.

Той памножыў талент, атрыманы ад строгага гаспадара, хто дасягнуў у сваёй справе прафесіяналізму і здольны, як шамякінскі доктар Яраш, трымаць сэрца на далонях. Усе прывабныя, высакародныя героі беларускай літаратуры — прафесіяналы сваёй справы: настаўнікі Лабановіч і Мароз Алесь Іванавіч, доктар Яраш і журналіст Шыковіч, хлебаробы Васіль Дзяцел і Хведар Роўба, рэфарматар Алесь Загорскі і старшыня валвыканкома Апейка. У розныя часы яны жылі і ў розных абставінах дзейнічалі, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно: яны добра рабілі сваю справу, умелі і любілі працаваць. Любілі людзей і зямлю, на якой жылі. У іхніх справах — іхні і талент, і розум, і пачуцці, і сумленне, і адносіны да іншых людзей, да грамадства, да будучыні…

Рамантычнымі сродкамі славіць Пімен Панчанка Чалавека і яго Справу ў вершы «Сэрца і крыж»:

Жыў доктар у нашай мясціне — Няма ўжо такіх дактароў: Паставіць ён банкі ці п 'яўкі — I заутра ты жыў і здароў.

Катэгарычнае сцверджанне «няма ўжо такіх дактароў» — мастацкі прыём, гіпербала з мэтай узвысіць героя, узняць яго на п'едэстал, каб кожны змог убачыць прыгажосць сапраўдную. Адвеку нашым народам усведамлялася працавіт тасць як самая вызначальная якасць чалавека, як сведчанне яго жыццястойкасці і выключнага таленту. А талентамі наша зямля вядома ўсяму свету. «Зямля бацькоўская, святая» не збяднела на таленты. Яны ёсць, пра іх складаюць легенды, на іх трымаецца наша зямля, за іх «людзі просяць Бога».

Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца каштоўнаснымі арыенцірамі і шляхам, якім яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці.

Беларускі шлях — праца, нястомная праца, часам нечалавечыя высілкі — і ўсё ў імя жыцця на зямлі-карміцельцы, якая адна «не зменіць і не здрадзіць», і «дзяцей тваіх не кіне». I кожнаму, хто мае такое ўсведамленне, дадзена будзе.

«I пасля кожнага свайго падзення, я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца» (У. Караткевіч)

…I шчыра рупіцца пра тое, каб жыць ціха, рабіць сваю справу і працаваць сваімі ўласнымі рукамі.

З Першага паслання святога апостала Паўла да Фесалонікійцаў.

Любая справа чалавека, «душы і мускулаў работа» добраславёна, калі яна «людзям на карысць». Выбраная справа дае адчуванне паўнаты жыцця. Яно становіцца важкім, каштоўным, важным, сур'ёзным. Чалавек адчувае сябе дужым, здольным валодаць часам, кіраваць сваім лёсам, быць адказным за свой выбар. Такі чалавек цікавы, прыгожы, ён многае можа.

Раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта гімн чалавеку справы — Працаўніку. Алесь Загорскі не чакае паўстання, а дзейнічае. Пакуль яно рыхтуецца, вырашае зрабіць сваіх мужыкоў вольнымі цяпер. Пасля трагічнай гібелі бацькі і шэрага іншых напасцяў Алесь ратуецца працай: «Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку. Усё адразу! Усё на гэтым тыдні…Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія». Для караткевічаўскага героя няма абставін, над якімі нельга было б узвысіцца пагардай, якім нельга было б кінуць выклік. Ён цвёрда перакананы, што толькі працай, добра зробленай справай можна супрацьстаяць абуральным, абсурдным абставінам.

Алесь працаваў да знясілення. Афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках, паабяцаў праз год адмяніць прыгон, «і не так, як у праектах, а з зямлёй». Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга: вырашыў перабудаваць цукроўні, каб былі каменныя, застрахаваў усе будынкі; паклалі рад з аршанскімі вапнавымі капальнямі і залажылі яшчэ шэсць лайбаў… Арыстакраты Караткевіча — не абібокі, не абломавы, а соль зямлі і краса жыцця. Караткевіч марыў «адрадзіць арыстакратызм, элітарнасць у ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве», як пісаў У. Калеснік.

Ад падрабязнага апісання канкрэтных спраў свайго любімага героя У. Караткевіч падымаецца да філасофскага абагульнення, што чалавек па сваёй прыродзе прагне справы. Настойліва даводзіць пісьменнік-філосаф, што ў справе чалавек рэалізуе сябе, свой прыродны талент і стварае ўмовы для годнага жыцця, што справа, і толькі справа выратуе душу чалавека ад злому і вынішчэння ў самыя крытычныя моманты: «Капаць, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць маеты, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, — іначай не варта і жыць».

Прыгадаем, як псіхалагічна пераканальна паказаў свайго героя ў самы крытычны момант яго жыцця I. Мележ. Калі Васіль стаяў перад выбарам, калі мітушэнне ў яго душы давяло да такога стану, што ён стаў абыякавым да ўсяго, нават не мог і не хацеў працаваць (а такі стан заўсёды пачатак канца), то ён пайшоў параіцца да свайго поля. I зразумеў мову свайго поля, паслухаўся яго. «Як перамяніўся чалавек. Ён адчуў, што нязбытны цяжар спадае, што вяртаюцца даўно не знаныя дужасць і яснасць. Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! З імі толькі і жыць яму!» Дадому ішоў ён ужо хутка. Зайшоў у гумно. Да самых поцемкаў, не адпачываючы, біў і біў цэпам. «I цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся».

Няма нічога больш трагічнага для чалавека справы, як убачыць гэтую справу зруйнаванай. Злоснікі, зайздроснікі і ненавіснікі ведаюць: каб знішчыць чалавека, трэба забраць у яго справу, у якую ўкладзена «душы і мускулаў работа», — забраць усё, пазбавіць грунту. I гэта пераканальна даводзіцца ў лепшых творах нашай нацыянальнай літаратуры. Зруйнавалі справу, зааралі рунь на полі, засеяным мележаўскім Васілём. Убачыць разбуранае гняздо і зведаць адпаведныя пачуцці давялося быкаўскаму Хведару Роўбу, пасля чаго ўжо смерць у Багавізне была не такой і страшнай, а нават ціхай: «Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці». Зруйнаваная справа ледзь не каштавала жыцця Алесю Загорскаму. Узрушэнне было такім моцным, што ён таксама, як і мележаўскі Васіль, стаў абыякавым да ўсяго і захварэў явай, або мрояй. Так бязмерна ўражлівы чалавек «несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету».