Выбрать главу

Вялікая Душа перамагла Моцны Дух. Але паражэнне, безнадзейнасць, здараецца, гартуе моцных. А перамога кволіць слабых.

Адзін народ, пераможца, на ўсю сваю Вялікую Душу аплакваў ахвяры і ўпіваўся Перамогаю... Другі ж народ, пераможаны, сцяўшы зубы, захаваўшы што падалей крыўду, пачаў нанова наводзіць ідэальны стэрыльны парадак, хай сабе толькі на сваёй зямлі, у кожным, нават самым маленькім гарадку, у кожнай сям’і. Каб стол быў штодня засцелены крухмальным абрусам, каб хораш апахла нават у прыбіральні, і, галоўнае, каб дзеці, дзеці іх, пераможаных, не страцілі свайго гонару, годнасці, каб і надалей мацавалі, гартавалі яны свой Дух. Ізноў Народ Моцнага Духу зажыў звыклым, багатым, размераным, разлічаным па хвілінах жыццём. Жылі б ды жылі. Але ж вось чуюць, у таго Народа Вялікай Душы, якому яны хацелі ж, хацелі прынесці вызваленне і парадак, зноў усё бязладна. Бяда за бядою.

І тады Народ моцнага Духу ўжо без зброі рушыў да гэтых, іншаг аслова не падбярэш, “недацёпаў”, што гаварылі невядома на якой мове, спявалі невядома якія песні, а пілі, о, пілі яны на святах, хаўтурах, а то і штодня... Што яны пілі, аднаму д’яблу вядома. Не, цяпер Народ Моцнага Духу не вёз з сабою душагубак. Ён добра засвоіў, што нягоды ды страх смерці мацуюць дух, а вось дабрачыннасць, тая кволіць, безнадзейна кволіць душу... Народ Моцнага Духу прывёз і гасцінна расчыніў па ўсіх гарадах і нават вёсках душалоўкі. У гэтых маленькіх крамках на колах было ўсё—цукеркі, жуйкі, яркія часопісы, са старонак якіх самазадаволена ўсміхаліся абсалютна шчаслівыя Людзі Моцнага Духу, былі моцныя напоі для для тых, хто п’е, і таблеткі, каб не радзіліся дзеці для тых, хто займаецца каханнем, было зношанае, але акуратна вымытае і адпрасаванае адзенне, якое кілаграмамі аддавалі амаль за бясплатна.

Ад напоеў у мужчын муціўся розум, слабелі рукі і зусім пераставала балець душа (нехта сцвярджаў, што ў іншых землях гэтыя напоі даюць толькі свінням, каб лепш гадаваліся і не пра што не думалі, калі свінні пра што-небудзь калі-небудзь і думалі, ды хіба ж разбярэш, што там напісана на іхніх каляровых этыкетках!). Ад таблетак жанчынам рабілася мутарна, іх раздражнялі не толькі ўласныя мужы, але і дзеці, ды што там — нават колер шпалераў і фіранак ва ўласнай хаце.

А элегантныя высакалобыя замежныя гандляры, Моцныя духам, багатыя на грошы, гаспадарамі хадзілі па іхнімі дзядамі так і не скоранай зямлі. Яны ахвотна куплялі карціны, каб аздобіць свае добраўпарадкаваныя дамкі на радзіме, яны запрашалі, везлі з сабою зусім збяднелых мясцовых мастакоў і акцёраў, бо сапраўды навошта Народу Вялікай Душы шчэ мастакі і акцёры, анвошта расчульваць, куды ж больш гадаваць яе, гэтую Душу? Яна ж і так гняце, прыгінае да зямлі... Хіба можна лётаць з такімі вялікімі, важкімі крыламі?

Вось у гэты, спрыяльны для моцных Духам час, жадаючы крыху падзарабіць, а болей усё ж дзеля цікавасці, дзеля спазнання неспазнанага (у Моцных Духам боль жыцця ніколі не глушыў цікавасці да жыцця) адзін з Моцных Духам, малады шчэ, назавем яго пан Н., адчыніў краму (чытай, душалоўку) у далёкай палесскай вёсцы. Чаму менавіта там? .. Гэта было і засталося ягонай таямніцай. Казалі, быццам бы ягоны дзед калісьці добра-такі тут патаптаўся, і нават ці не загінуў. Але може гэта ўсё былі фантазіі тутэйшых людзей. Ад акропленае моцным напоем Вялікае Душы ого як працуе фантазія...

На полі, з вакна крамы было відаць, абсыпаўся немаведама дзеля чаго пасеяны авёс, а людзі стаялі ў чарзе, за немалыя грошы куплялі ў пана Н. Прывезеныя з ягонай далёкай краіны аўсянку, гарох. Муку, мясныя кансервы, маргарын і раз ці два на месяц ( каму ўжо зусім не маглося, то й часцей) моцны, зафарбаваны нечым да прыкрасці салодкім напой у зялёных бутэльках. Яны навучыліся, ці проста ўспомнілі, як звяртацца і дзякаваць гаспадару на мове моцных Духам, хоць ён даўно засвоіў і разумеў тутэйшую гаворку.

Пажыўшы сярод тых, у каго ледзь не штовечар шчымела, балела Душа, Чалавек Моцны Духам нічога не мог з сабою зрабіць, пачаў нудзіцца, сумаваць па сваёй сям’і, па жонцы і двух малых шчэ зусім сынах... Асабліва нясцерпнымі ставаліся вечары і раніцы. Па вечарах, калі зачыняў ён краму, даводзілася вяртацца да гаспадыні, пажылой адзінокай кабеты, якая. Узяўшы чарку, сядала вышываць навалачкі і да паўночы ледзь чутна спявала балесным, тоненькім галаском. А зраніцы, калі прачынаўся і бачыў абадраны ці пагрызены мышамі шматок шпалераў, рабілася нясцерпна ад усведамлення, што ён не дома. Ні разумныя кнігі. Ні шторанішняя гімнастыка ды халоднае абліванне не дапамагалі... А тут яшчэ хлапчук — бялявы, засыпаны рабаціннем кірпаносы падлетак, што гадзінамі стаяў пры дзвярах ягонае крамы, зачаравана разглядаючы рэчы, выстаўленыя на продаж. Ён так прагна ўслухоўваўся ва ўсе ягоныя словы, імгненна лавіў, схопліваў кожны ягоны пагляд, усмешку, знак... Пан Н. Частаваў хлапчука жуйкамі ці шакаладам і той са словамі ўдзячнасці пакідаў гэткі па-сабачы верны задумлівы пагляд чысцюткіх сваіх вачэй, што не было моцы ўстояць, хацелася прыгарнуць, пачасаць у таго за вухам, павесці за сабою... Праз колькі часу пан Н. ужо ведаў, што маці хлапчука памерла пры родах, бабка з дзедам, якія гадавалі яго, зусім старыя і нямогля, а бацька п’е не прасыхае, і вырашыў узнагародзіць малога за вернасць і адданасць. Ён узяў яго з сабою дамоў, у Краіну Моцных Духам. Пакуль што толькі ў госці.