Выбрать главу

Коні шыбка паімчалі. Снег закурэў вакол і белым пухам пыліў у вочы. Здавалася тады яму, маленькаму хлопчыку, што ў паветры носіцца.

Сьшон скончыў выццё і выпрастаўся.

Пан Вашамірскі ачнуўся, спрыяюча зірнуў на Сымона.

— Лоўка! А што яшчэ ўмееш?

— Усё ўмею, яснавяльможны пане…

— Ён умее свістаць салаўём, гэты блазан, яснавяльможны пане! — дадаў аканом.

— Папрабуй!

Сымон засвістаў…

Пяшчотныя, зычныя трэлі салаўя запоўнілі пакой. Пан разявіў рот і глытаў гэтыя трэлі, як пітво.

Спачатку гукі былі рэдкія, нясмелыя, потым пачалі гусцець, перасыпаліся срэбрам, журчэлі непрытомна, горача, ажна кроў зайграла ў пана.

Ён успомніў адну вясну… Яму было ўсяго шаснаццаць гадоў. Ён любіў. На балі ў іх маёнтку была яна, панна Ядзя. Падобна да Джаконды на малюнку Леанарда да Вінчы.

Спяваў тады салоўка. Густы парк. Белая, як анёл, панна Ядзя мігацела між дрэвамі, па роснай пахучай траве. Ён у жарт гнаўся за ёю. Яна ўцякала. Потым…

Сымон змоўк.

— Брава, брава! — запляскаў пан у далоні, як у парыжскім тэатры — біс!

Слова «біс» ні для каго не было зразумелым.

— А як жа, яснавяльможны пане, акурат бес! — уставіў слова аканом.

— Маўчы, галган! — крыкнуў пан.

— Ану, што яшчэ ўмееш? — пытаўся пан з захапленнем ды ласкай у вачах.

— Усё ўмею, яснавяльможны пане, — спакойна адказаў Сымон. — Умею быць панам.

— Ён вельмі лоўка падрабляе галасы, яснавяльможны пане, — замармытаў аканом, — акурат бес!

— Ану, падрабі мой голас! — казаў пан з усмешкай. — Пакажы, як ты ўмееш быць панам!

Сымон скоса зірнуў на свайго заядлага ворага гайдука Макара, крыкнуў панскім голасам, зрабіў панскі гэст і паказаў на Макара:

— Усыпаць таму галгану дваццаць бізуноў, але гарачых, каб аж іскры ляцелі!

— Го-го-го! — зарагатаў пан. — Го-го-го! — і браўся за бокі.

Рогат — нервовы, істэрычны трос яго, да слёз мучыў.

— Го-го-го! — сыпаў ён шчырым смехам ва ўсе бакі.

— Го-го-го! — паўтаралі за ім услужлівы аканом і гайдукі.

Толькі Макару было не да смеху. Ён маўчаў як вады ў рот набраўшы.

— Пане аканоме, — урачыста сказаў пан Вашамірскі, — зараз жа няхай Сымон памыецца, выдаць яму вопратку і адправіць у студыю! А тэму галгану (пан паказаў рукой на Макара) усыпаць дваццаць бізуноў.

— Слухаюся, яснавяльможны пане, — сказаў аканом і нізка пакланіўся.

8. Мастацтва чыстае, як неба

Надышла восень.

Поле зрабілася шэрае, нуднае. Паветра глушылі вароны. Панскі парк азалаціўся. Каменныя львы на тэрасе сфінксамі глядзелі ў неба. Хмары розных колераў, розных выглядаў шпарка плылі, нібы хтосьці сцёбаў іх пугай. Некаторыя з іх былі падобны да сівых асілкаў, калматых, доўгабародых, якія ішлі вялікай працэсіяй у вандроўку. Іншыя напаміналі стада аграмадных белых сланоў з адрэзанымі хобатамі. А месцамі яны выглядалі выраем нязнаных велічэзных птахаў. Пад імі на розныя галасы выў вецер. Насіўся, як вар'ят, па парку. Выскачыць на волю ў чыстае поле, схваціць з парка цэлую кучу жоўтых лісцяў, падкіне іх уверх, рассыпле іх па баках дажджом залатых дукатаў, зноў збярэ ў кучу, яшчэ вышэй падкіне, пакруціць на адным месцы, нібы густую саранчу, і панясе далей — у лес…

Каменныя львы драмалі. Застылая ўсмешка не сыходзіла з іх белых вачэй. Праз разяўленыя ляпы свісцеў вецер. Здавалася, што кіпцюры на лапах львоў во-во распусцяцца, львы зараз выпрастаюцца, вочы бліснуць празрыстым золатам, ляпы разявяцца шырэй, стуль задыміць пара, львы скокнуць праз парк і пусцяцца ў поле з рыканнем.

Часта хлюпаў дождж. Яго ценькія ніткі цягнуліся ад хмар да самай зямлі, упіваліся ў глебу, як п'яўкі. Ад палёў пахла свежасцю, аддавала непрытулам пастаптанага ржышча.

Часам дождж імжыў — дробненькі, нібы машкара, вільготным пылам лез пад каўнер. Сляпіў вочы. Сцёбаў па твары. Калоў сцюдзёнымі і вострымі голкамі.

Зямля вохкала пад нагамі, стагнала, бухала. У каляінах стаяла вада, чорная, бы дзёгаць.

А па начах дзікія гусі крычалі. Квола і трывожна стагналі яны, носячыся нізка над зямлёй незвычайнымі сцяжынамі, тулячыся, як зладзейкі, да змроку. Гусі шасталі крыллем, нібы панны шаўковымі вопраткамі.

Сымон працаваў у студыі. Яго ахрысцілі новым імем: «Салавей».

Са студыі не выпускалі нікуды. Трымалі, як у астрозе.

Трэба было спяшыць, каб да Каляд падрыхтаваць прадстаўленне. Адукацыя вялася пад бізунамі. Студыйцы вельмі памізарнелі. Нібы з іх высмакталі кроў.

Пан Вашамірскі паспеў ужо прыстасаваць для «свайго здароўя» ўсіх дзяўчат студыі.