Выбрать главу

- Я - Станцыя Салярыс. Нуль-нуль. Пасадка закончана. Канец, - пачуў я нежывы голас робата.

Абедзвюма рукамi (я адчуваў незразумелы цiск на грудзi, у жываце быў непрыемны цяжар) пацягнуў на сябе ручкi, што знаходзiлiся на ўзроўнi плячэй, i разлучыў кантакты. Засвяцiўся зялёны надпiс "ЗЯМЛЯ", i сцяна капсулы адчынiлася; пнеўматычнае ложа штурханула мяне ў спiну так, што я мусiў зрабiць крок наперад, каб не ўпасцi.

З цiхiм сыкам, падобным на самотны ўздых, паветра выйшла са скафандра. Я быў вольны.

Я стаяў пад высокай, як скляпеннi храма, серабрыстай лейкай. Па сценах вiлiся пукi каляровых труб, што знiкалi ў круглых калодзежах. Я павярнуўся. Гулi вентылятары, усмоктваючы рэшткi атрутнай планетнай атмасферы, якая пранiкла сюды пад час пасадкi. Пустая, як трэснуты кокан, сiгара капсулы стаяла на дне круглай чашы стальнога ўзвышэння. Яе вонкавая абшыўка абсмалiлася i мела брудна-барвовы колер. Я спусцiўся па невялiкiм схiле. Далей на метале быў навараны слой шурпатага пластыку. Там, дзе звычайна кацiлiся каляскi пад'ёмнiкаў ракет, пластык быў працёрты аж да сталi. Раптам вентылятары сцiхлi, i ўсталявалася глыбокая цiшыня. Я бездапаможна азiраўся, чакаючы з'яўлення якога-небудзь чалавека, але нiхто не падыходзiў. Толькi свяцiлася неонавая стрэлка, паказваючы на бясшумны эскалатар. Я ступiў на яго стужку. Парабалiчныя скляпеннi залы паступова пераходзiлi ў цылiндрычны тунель. У яго нiшах ляжала мноства балонаў са сцiснутым газам, кантэйнераў, парашутаў, скрынак. Гэта мяне таксама здзiвiла. Эскалатар заканчваўся ля круглай пляцоўкi тунеля. Тут панаваў яшчэ большы кавардак. З-пад кучы бляшанак расплылася алейная лужына. Непрыемны, рэзкi пах стаяў у паветры. У розныя бакi разыходзiлiся сляды ад ботаў, выразна адцiснутыя ў гэтай лiпучай цечы. Памiж бляшанкамi, быццам вынесеныя з кабiн, валялiся скруткi белых тэлеграфных стужак, шматкi паперы, смецце. I зноў засвяцiўся зялёны паказальнiк, скiроўваючы мяне да сярэдзiны дзвярэй. За iмi быў такi вузкi калiдор, што два чалавекi наўрад цi здолелi б тут размiнуцца. Святло трапляла сюды праз высокiя, з падвойна выпуклымi шыбамi, iлюмiнатары, нацэленыя ў неба. Яшчэ адны дзверы, размаляваныя бела-зялёнымi клеткамi, былi прачынены. Я ўвайшоў усярэдзiну. Паўкруглая кабiна мела адно вялiкае панарамнае акно; у iм палымнела затуманенае неба. Унiзе бясшумна хiсталiся чарнаватыя грабянi хваляў. У сценах было шмат адчыненых шкапчыкаў. У iх ляжалi iнструменты, кнiгi, брудныя шклянкi, запыленыя тэрмасы. На бруднай падлозе стаяла пяць цi шэсць механiчных самаходных столiкаў, памiж iмi некалькi панiклых надзiманых крэслаў - паветра з iх было часткова выпушчана. Толькi адно, з адхiленай унiз спiнкай, было запоўнена. На iм сядзеў малы хударлявы чалавек з абпаленым на сонцы тварам. Скура палосамi злазiла з яго носа i скулаў. Гэта быў Снаўт, намеснiк Гiбарыяна, кiбернетык. Калiсьцi ён надрукаваў у "Салярыстычным альманаху" некалькi надзвычай арыгiнальных артыкулаў. Я нiколi раней не бачыў Снаўта. Ён быў у сеткаватай кашулi, праз вочкi якой вытыркалiся асобныя валасiны, што кусцiлiся на запалых грудзях, i калiсьцi белых зрэбных штанах, з плямамi на каленях i прапаленых рэактывамi, з мноствам кiшэняў, як у мантажнiка. У руках ён трымаў пластыкавую грушу, такую, з якiх наталяюць смагу на караблях, пазбаўленых штучнай гравiтацыi. Снаўт пазiраў на мяне як аслеплены яркiм святлом. З растапыраных пальцаў выпала груша i, нiбы мяч, некалькi разоў падскочыла. З яе вылiлiся рэшткi празрыстай вадкасцi. Паступова ўся кроў адхлынула ад твару Снаўта. Я быў надта разгублены, каб прамовiць хоць слова, i гэтая маўклiвая сцэна доўжылася да таго часу, пакуль яго страх нейкiм незразумелым чынам не перадаўся i мне. Я ступiў наперад. Ён скурчыўся ў крэсле.

- Снаўт... - шапнуў я.

Ён здрыгануўся як ад удару. Пазiраючы на мяне з невыказнай агiдай, ён прахрыпеў:

- Я не ведаю цябе, я не ведаю цябе, што ты хочаш?..

Разлiтая вадкасць хутка выпарылася. Запахла алкаголем. Снаўт пiў. Ён быў п'яны? Але чаго ён так баiцца? Я па-ранейшаму стаяў пасярод кабiны. Каленi мае дрыжалi, а вушы былi нiбы заткнутыя ватай. Падлога хiсталася пад нагамi. За выпуклай шыбай акна мерна калыхаўся Акiян. Снаўт не спускаў з мяне налiтых крывёю вачэй. Страх знiкаў з яго твару, але не знiкала неверагодная агiда да мяне.

- Што з табой?.. - спытаўся я цiха. - Ты хворы?

- Ты турбуешся?.. - глуха сказаў ён. - Ага. Ты будзеш турбавацца, праўда? Але чаму пра мяне? Я не ведаю цябе.

- Дзе Гiбарыян? - спытаўся я.

На секунду ён перастаў дыхаць, яго вочы зноўку сталi шклянымi, штосьцi ў iх успыхнула i патухла.

- Гi... Гiба... - выцiснуў ён. - Не! Не!!!

Снаўт затросся ад бязгучнага, iдыёцкага смеху, якi раптоўна ж i спынiўся.

- Ты прыйшоў да Гiбарыяна?.. - прамовiў ён амаль спакойна. - Да Гiбарыяна? Што ты хочаш з iм зрабiць?

Ён пазiраў на мяне так, нiбы я адразу перастаў уяўляць для яго небяспеку; у яго словах, а хутчэй у iх тоне гучала невыносная агiда.

- Што ты кажаш... - выцiснуў я, аглушаны. - Дзе ён?

Снаўт аслупянеў.

- Ты не ведаеш?..

Ён п'яны, падумаў я. П'яны да непрытомнасцi. Я раззлаваўся. Вядома, я мусiў бы пайсцi, але маё цярпенне лопнула.

- Апамятайся! - выгукнуў я. - Адкуль я магу ведаць, дзе ён, калi я толькi што прыляцеў! Што з табой робiцца, Снаўт!!!

У яго адвiсла скiвiца. На хвiлiну ён зноў перастаў дыхаць, але неяк iнакш, чым першы раз, раптоўны бляск з'явiўся ў яго ў вачах. Дрыготкiмi рукамi ён схапiўся за поручнi крэсла i ўстаў з такой цяжкасцю, што аж затрашчалi суставы.

- Што? - прамовiў ён амаль цвяроза. - Прыляцеў? Адкуль прыляцеў?

- З Зямлi, - адказаў я са злосцю. - Ты мо чуў пра яе? Але мне здаецца, што не чуў!

- З Зя... о, неба... Дык ты - Кельвiн?!

- Ага. Чаго ты так пазiраеш? Што тут дзiўнага?

- Нiчога, - прамовiў ён, часта плюскаючы вачыма. - Нiчога.

Снаўт пачухаў лоб.

- Прабач, Кельвiн, гэта так, ведаеш, проста туман нейкi. Я не чакаў...

- Як не чакаў? Вы ж атрымалi паведамленне некалькi месяцаў таму, а Модард тэлеграфаваў яшчэ i сёння, з борта "Праметэя"...

- Так. Так... вядома, толькi бачыш, тут пануе гэткi расхэйдус.

- Бадай што так, - адказаў я суха. - Цяжка гэтага не заўважыць.

Снаўт абышоў вакол мяне, быццам правяраў, як выглядае мой скафандр, сама звычайны на свеце скафандр - са шлангамi i правадамi на грудзях. Некалькi разоў кашлянуў. Даткнуўся да вострага носа.

- Мо хочаш памыцца?.. Гэта цябе ўзбадзёрыць. Блакiтныя дзверы на супрацьлеглым баку.