Выбрать главу

Я быў толькi ў плаўках i сеткаватай майцы. Скiнуў i iх, шпурнуў на падлогу, як анучы, i стаў пад душ. Адразу адчуў прыемнасць. Я круцiўся пад пругкiмi гарачымi струменямi, масiраваў цела, пырскаўся так старанна, нiбы хацеў змыць з сябе тую незразумелую, атраўленую падазрэннямi няпэўнасць, што перапаўняла Станцыю.

Я знайшоў у шафе лёгкi трэнiровачны касцюм, якi можна насiць i пад скафандрам, пераклаў у кiшэнi ўвесь мой скупы набытак; памiж старонкамi запiсной кнiжкi я адчуў штосьцi цвёрдае, гэта быў ключ ад маёй зямной кватэры, але я не ведаў, як ён трапiў туды. З хвiлiну я круцiў яго ў пальцах, не ведаючы, што з iм рабiць. Нарэшце паклаў на стол. Пасля прыйшло ў галаву, што, магчыма, мне спатрэбiцца якая-небудзь зброя. Унiверсальны сцiзорык, вядома, не зброя, але нiчога iншага я не меў. Аднак я не быў яшчэ ў такiм стане, каб шукаць прамянёвую зброю альбо што-небудзь iншае. Я ўсеўся ў металiчнае крэсла пасярод вызваленай ад рэчаў плошчы, далей ад розных прадметаў. Хацелася пабыць аднаму. Я з задавальненнем адзначыў, што ў мяне ёсць яшчэ больш чым паўгадзiны часу; нiчога не парадзiш, у маёй натуры скрупулёзнасць ва ўсiм - цi то ў важным, цi то ў дробязях. Стрэлкi на дваццацiчатырохгадзiнным цыферблаце стаялi на сямi. Сонца заходзiла. Сёмая гадзiна мясцовага часу азначала дваццаць гадзiн бартавога часу на "Праметэi". На экранах Модарда Салярыс, вiдаць, ужо зрабiлася малюсенькай iскаркай i нiчым не адрознiвалася ад зорак. Але якiя стасункi са мной мог мець "Праметэй"? Я заплюшчыў вочы. Панавала абсалютная цiшыня, калi не лiчыць раўнамернага мяўкання труб. У душавой вада капала на парцэляну.

Гiбарыяна няма сярод жывых. Калi я добра зразумеў, што казаў Снаўт, то з моманту яго смерцi мiнула ўсяго некалькi гадзiн. Што зрабiлi з целам? Пахавалi? Праўда, на такой планеце зрабiць гэта было немажлiва. Я доўга разважаў над гэтым, нiбыта лёс мёртвага быў сама важнай праблемай; пасля я ўсвядомiў марнасць гэтых разважанняў, устаў i пачаў хадзiць з кута ў кут, чапляючыся нагой за бязладна параскiданыя кнiжкi, за нейкi малы i пусты планшэт; я нахiлiўся i падняў яго. Ён быў не пусты. Там ляжала бутэлька з цёмнага шкла, такая лёгкая, быццам зробленая з паперы. Я паглядзеў праз яе ў акно, на панура-чырвоны, затуманены бруднай iмглой заход сонца. Што гэта са мной? Навошта звяртаю ўвагу на ўсялякую брыдоту, на любую дробязь, што трапляе ў рукi?

Я здрыгануўся, бо запалiлася святло. Вiдаць, гэта спрацаваў фотаэлемент. Я ўсё яшчэ нечага чакаў, напружанне ўзнялося да такой ступенi, што ўрэшце я ўжо не мог трываць пустаты за спiнай. Вырашыў перамагчы гэтае адчуванне. Падсунуў крэсла да палiц. Выцягнуў добра знаёмы мне другi том старой манаграфii Х'юза i Эйгеля "Гiсторыя планеты Салярыс" i пачаў яго гартаць, паклаўшы тоўстую кнiгу на калена.

Адкрыццё Салярыс адбылося амаль за сто гадоў да майго нараджэння. Планета круцiцца вакол двух сонцаў - чырвонага i блакiтнага. На працягу сарака гадоў з гакам да яе не наблiзiўся нiводзiн касмiчны карабель. У тыя часы тэорыя Гамава - Шэплi аб немажлiвасцi ўзнiкнення жыцця на планетах двайных зорак лiчылася аксiёмай. Арбiты такiх планет няспынна мяняюцца ў вынiку гравiтацыйных адхiленняў, выклiканых пад час кручэння абодвух сонцаў адносна адно аднаго.

Узнiклыя пертурбацыi папераменна скарачаюць i расцягваюць арбiту планеты, i запачаткаваннi жыцця, калi яны з'яўляюцца, знiшчае то прамянёвая гарачыня, то лядовы холад. Такiя змены адбываюцца на працягу мiльёнаў гадоў, гэта значыць, паводле астранамiчнага альбо бiялагiчнага пункту гледжання, за вельмi кароткi час (бо эвалюцыя патрабуе сотнi мiльёнаў, калi не мiльярды гадоў).

Паводле першасных падлiкаў, праз пяцьсот тысяч гадоў Салярыс мела наблiзiцца да свайго чырвонага сонца на паўпарсека, а яшчэ праз мiльён гадоў упасцi ў распаленую сонечную бездань.

Але ўжо праз некалькi гадоў вучоныя пераканалiся, што траекторыя планеты зусiм не выяўляе чаканых змен i з'яўляецца пастаяннай, такой жа пастаяннай, як траекторыi планет нашай Сонечнай сiстэмы.

Былi паўтораны, на гэты раз з максiмальнай дакладнасцю, назiраннi i разлiкi, якiя пацвердзiлi толькi тое, што было ўжо вядома: Салярыс мае непастаянную арбiту.

Да гэтай пары Салярыс была адной з соцень штогод адкрываемых планет, пра якiя ў вялiкiх стотысячных таблiцах маецца ўсяго некалькi радкоў асноўных звестак пра iх рух. Цяпер Салярыс перайшла ў ранг нябесных цел, якiя варты асаблiвай увагi.