Выбрать главу

Я здрыгануўся, бо запалiлася святло. Вiдаць, гэта спрацаваў фотаэлемент. Я ўсё яшчэ нечага чакаў, напружанне ўзнялося да такой ступенi, што ўрэшце я ўжо не мог трываць пустаты за спiнай. Вырашыў перамагчы гэтае адчуванне. Падсунуў крэсла да палiц. Выцягнуў добра знаёмы мне другi том старой манаграфii Х'юза i Эйгеля "Гiсторыя планеты Салярыс" i пачаў яго гартаць, паклаўшы тоўстую кнiгу на калена.

Адкрыццё Салярыс адбылося амаль за сто гадоў да майго нараджэння. Планета круцiцца вакол двух сонцаў - чырвонага i блакiтнага. На працягу сарака гадоў з гакам да яе не наблiзiўся нiводзiн касмiчны карабель. У тыя часы тэорыя Гамава - Шэплi аб немажлiвасцi ўзнiкнення жыцця на планетах двайных зорак лiчылася аксiёмай. Арбiты такiх планет няспынна мяняюцца ў вынiку гравiтацыйных адхiленняў, выклiканых пад час кручэння абодвух сонцаў адносна адно аднаго.

Узнiклыя пертурбацыi папераменна скарачаюць i расцягваюць арбiту планеты, i запачаткаваннi жыцця, калi яны з'яўляюцца, знiшчае то прамянёвая гарачыня, то лядовы холад. Такiя змены адбываюцца на працягу мiльёнаў гадоў, гэта значыць, паводле астранамiчнага альбо бiялагiчнага пункту гледжання, за вельмi кароткi час (бо эвалюцыя патрабуе сотнi мiльёнаў, калi не мiльярды гадоў).

Паводле першасных падлiкаў, праз пяцьсот тысяч гадоў Салярыс мела наблiзiцца да свайго чырвонага сонца на паўпарсека, а яшчэ праз мiльён гадоў упасцi ў распаленую сонечную бездань.

Але ўжо праз некалькi гадоў вучоныя пераканалiся, што траекторыя планеты зусiм не выяўляе чаканых змен i з'яўляецца пастаяннай, такой жа пастаяннай, як траекторыi планет нашай Сонечнай сiстэмы.

Былi паўтораны, на гэты раз з максiмальнай дакладнасцю, назiраннi i разлiкi, якiя пацвердзiлi толькi тое, што было ўжо вядома: Салярыс мае непастаянную арбiту.

Да гэтай пары Салярыс была адной з соцень штогод адкрываемых планет, пра якiя ў вялiкiх стотысячных таблiцах маецца ўсяго некалькi радкоў асноўных звестак пра iх рух. Цяпер Салярыс перайшла ў ранг нябесных цел, якiя варты асаблiвай увагi.

Праз чатыры гады пасля гэтага адкрыцця планету абляцела экспедыцыя Атэншэльда, якi даследаваў Салярыс з "Лаакаона" ў суправаджэннi двух дапаможных касмiчных караблёў. Тая экспедыцыя насiла характар рэкагнасцыроўкi, iмправiзаванага доследу, тым больш што яна не магла зрабiць пасадку. Яна толькi вывела на экватарыяльныя i палярныя арбiты значную колькасць аўтаматычных спадарожнiкаў-назiральнiкаў, галоўнай задачай якiх з'яўлялiся замеры гравiтацыйных патэнцыялаў. Акрамя таго, была даследавана паверхня планеты, якую амаль цалкам пакрываў Акiян, i толькi невялiкiя ўзгор'i ўзвышалiся над яго ўзроўнем. Iх агульная плошча не раўнялася тэрыторыi Эўропы, хоць дыяметр Салярыс быў на дваццаць адсоткаў большы, чым Зямлi. Гэтыя бязладна параскiданыя астраўкi скалiстай i пустыннай сушы тоўпiлiся галоўным чынам у паўднёвым паўшар'i. Быў вывучаны таксама састаў атмасферы, пазбаўленай кiслароду, i надзвычай пiльна замерана шчыльнасць планеты, а таксама яе асветленасць i iншыя астранамiчныя характарыстыкi. Як i чакалася, не ўдалося знайсцi нiякiх слядоў жыцця нi на сушы, нi ў Акiяне.

На працягу наступных дзесяцi гадоў Салярыс, якая ўжо знаходзiлася ў цэнтры ўвагi ўсiх абсерваторый гэтага рэгiёна, выяўляла настойлiвую тэндэнцыю да захавання сваёй, без усялякага сумнення, гравiтацыйна нетрывалай арбiты. Праз нейкi час справа запахла скандалам, калi вiну за гэтыя вынiкi назiранняў паспрабавалi звалiць (у клопаце пра навуку) то на пэўных людзей, то на вылiчальныя машыны, якiмi гэтыя людзi карысталiся.

З-за адсутнасцi сродкаў навуковая салярыстычная экспедыцыя затрымалася яшчэ на тры гады, аж да таго часу, пакуль Шанаган, скамплектаваўшы экiпаж, не атрымаў ад Iнстытута тры караблi танажу С, касмадромнага класа. За паўтара года да з'яўлення экспедыцыi, якая стартавала ў раёне Альфы Вадалея, другi даследчы флот вывеў, па даручэннi Iнстытута, на ваколсалярысную арбiту аўтаматычны Сатэлоiд - Месяц 247. Гэты Сатэлоiд пасля трох чарговых рэканструкцый, якiя падзялялi дзесяцiгоддзi, працуе да сённяшняга дня. Звесткi, якiя ён сабраў, канчаткова пацвердзiлi назiраннi экспедыцый Атэншэльда пра актыўны характар руху Акiяна.

Адзiн карабель Шанагана застаўся на высокай арбiце, а два iншыя пасля папярэдняй падрыхтоўкi зрабiлi пасадку на скалiстым ускрайку сушы, якi займаў каля шасцiсот квадратных мiль, ля паўднёвага полюса Салярыс. Праца экспедыцыi скончылася праз васемнаццаць месяцаў i была ў цэлым паспяховая, калi не лiчыць аднаго няшчаснага выпадку з-за непаладкаў апаратуры. Аднак у стане навукоўцаў, што ўваходзiлi ў экспедыцыю, адбыўся падзел на два варожыя лагеры. Прадметам спрэчкi стаў Акiян. На падставе аналiзу яго палiчылi арганiчным утварэннем (назваць яго жывым тады яшчэ нiхто не пасмеў). Аднак калi бiёлагi бачылi ў iм прымiтыўнае ўтварэнне - нешта накшталт вялiзнага суклецця, а дакладней, адну, дзiвосна выраслую вадкую клетку (яны называлi гэта "дабiялагiчнай фармацыяй"), што абгортвала ўсю планету сцюдзянiстым покрывам, якое дзе-нiдзе дасягала некалькi мiль, - то астраномы i фiзiкi сцвярджалi, што гэта павiнна быць надзвычай высокаарганiзаваная структура; па складанасцi будовы яна, магчыма, пераўзыходзiла зямныя арганiзмы, бо магла актыўна ўплываць на фармаванне планетнай арбiты. Нiякай iншай прычыны паводзiн Салярыс знайсцi не ўдалося, акрамя таго, планетолагi выявiлi сувязь памiж некаторымi працэсамi ў плазматычным Акiяне i мясцовым гравiтацыйным патэнцыялам, якi мяняўся ў залежнасцi ад акiяннага "абмену рэчываў".

Так фiзiкi, а не бiёлагi, прапанавалi парадаксальную фармулёўку "плазматычная машына", разумеючы пад гэтым утварэнне ў нашым значэннi, магчыма, i не жывое, але здольнае да мэтанакiраваных дзеянняў - адразу дадамо - у астранамiчным маштабе.

У гэтай спрэчцы, якая за некалькi тыдняў, як вiр, уцягнула ўсе сама знакамiтыя аўтарытэты, упершыню за восемдзесят гадоў захiсталася дактрына Гамава - Шэплi.

Нейкi час яе спрабавалi яшчэ баранiць, даказваючы, што Акiян не мае нiчога агульнага з жывой матэрыяй, што ён з'яўляецца нават не "па-за" або "дабiялагiчным" утварэннем, а толькi геалагiчнай фармацыяй, вядома, нязвыклай, але здольнай стабiлiзаваць арбiту Салярыс з дапамогай змены сiл прыцягнення; абаронцы спасылалiся пры гэтым на прынцып Ле-Шатэлье.

Насуперак гэтай кансерватыўнай думцы з'яўлялiся гiпотэзы, якiя абвяшчалi адна з найбольш распрацаваных гiпотэза Чывiта - Вiта, - што Акiян уяўляе прадукт дыялектычнага развiцця: ад сваёй першапачатковай формы - ад праакiяна, раствору лянiва рэагуючых хiмiчных рэчываў, ён здолеў пад нацiскам неспрыяльных умоў (гэта значыць пагрозлiвых для яго iснавання змяненняў арбiты) перайсцi, iгнаруючы ўсе зямныя ступенi развiцця - з'яўленне адна- i шматклеткавых арганiзмаў, раслiнную i жывёльную эвалюцыi, iгнаруючы ўтварэнне нервовай сiстэмы i мозгу - адразу пераскочыць у стадыю "гомеастатычнага Акiяна". Iнакш кажучы, у адрозненне ад зямных арганiзмаў, якiя сотнi мiльёнаў гадоў прыстасоўвалiся да навакольнага асяроддзя i толькi ў канцы гэтага працяглага перыяду запачаткавалi разумныя iстоты, Акiян адразу ж запанаваў над навакольнымi ўмовамi.

Усё гэта было вельмi арыгiнальна, толькi нiхто па-ранейшаму не ведаў, якiм чынам сцюдзянiсты сiроп можа стабiлiзаваць арбiту нябеснага цела. Амаль спрадвеку былi вядомы механiзмы, якiя стваралi штучнае сiлавое i гравiтацыйнае поле - гравiтатары, - але нiхто нават не думаў, што аморфная жыжка можа даваць эфект, якi ўяўляе - у гравiтатарах - вынiк складаных ядзерных рэакцый i высокiх тэмператур. У газетах, захлiснутых дзеля забавы чытачоў i дзеля страху вучоных сама брыдкiмi выдумкамi на тэму "тайна планеты Салярыс", сустракалiся нават такiя сцвярджэннi, што планетны Акiян з'яўляецца... далёкiм родзiчам зямных электрычных вугроў.

Калi хоць у нейкай ступенi ўдавалася вырашыць адну праблему, высвятлялася, як гэта пасля неаднаразова было з Салярыс, што замест адной загадкi ўзнiкала другая, яшчэ больш неверагодная.

Даследаваннi паказалi, што Акiян не дзейнiчае па прынцыпу нашых гравiтатараў (гэта было б, зрэшты, немажлiва), а валодае здольнасцю непасрэдна мадэляваць метрыку часу-прасторы, што вядзе, мiж iншым, да адхiленняў у вымярэннi часу на адным i тым жа мерыдыяне Салярыс. Такiм чынам Акiян не толькi ў пэўным сэнсе ведае тэорыi Эйнштэйна - Бевi, але нават здолеў iх скарыстаць (што не скажаш пра нас).