Выбрать главу

Не дакарай, калi замоўкнем з ёй. У люстра глянь. Аблiчча ўбачыш там, Якое надзвычайнай пекнатой Вышэй таго, што я даваў цi дам.

Вялiкi грэх прыняў бы на душу, Сваёй хвалой заблоцiўшы красу. Я вобраз твой не ў вершы запiшу, Я лепш яго у сэрцы пранясу.

Папраўдзе, люстра больш табе дае, Чым творы могуць перадаць мае.

104

Ты для мяне старэйшаю не станеш, I ў першы дзень, i сёння - ты адна, Хоць тры зiмы зрывалi з дрэў убраннi, Якiя iм прыносiла вясна,

Хоць тры вясны змянiлiся на леты, За летам восень жоўтая iшла, Быў тройчы красавiк вясной сагрэты, А ты - ўсё, як i ў першы дзень, была.

На жаль, краса знiкае пакрыёма, Як нiкне цень ад сонечных гадзiн. Прывабнасць, што здаецца нерухомай, Нябачны вокам мае рух адзiн.

Пакуль яшчэ ты не была на свеце, Быў росквiт i заход у кожным леце.

105

Любоў мая не iдалапаклонства, А мой каханы iдалам не ёсць, Хоць пра яго, яму пяю бясконца, Ягоную ўслаўляю прыгажосць.

Сягоння, заўтра, ён усё прыгожы, Ён будзе вечна ў харастве такiм. Таму i верш мой без яго не можа, Пяе пра аднаго, жыве адным.

Краса, Прыязнасць, Цнота мне так любы, Красу, Прыязнасць, Цноту слаўлю я. Яны - як кола, у якiм я ўсюды I у якiм уся любоў мая.

Красу, Прыязнасць, Цноту - ўсе тры сiлы Жыццё шчаслiва ў iм адным злучыла.

106

Калi у хронiках старых часоў Чытаю я пра рыцараў i лэдзi, Якiя зналi хараство, любоў, Жылi, змагалiся, ўмiралi недзе,

Тады здаецца, што у спробах тых Сказаць пра рукi, ўсмешкi вуснаў, вочы Найлепшы кожны з песняроў старых Намаляваць твой дзiўны вобраз хоча.

Ты - надзвычайны хараства узор. У творах iх - твой цень адлюстраваны: Цябе не бачыўшы, хто даў бы ў твор Твой чараўнiчы вобраз незраўнаны?

А мы, сучаснiкi, хоць бачыць можам, Сказаць не можам добра аб прыгожым.

107

Нi прадчуваннi, нi прарочы дух, Што адкрывае дзень наступны свету, Не ведаюць, не скажуць, цi дайду З табой, любоў, да вызначанай мэты.

Як месяц пройдзе праз зацьменнi ўсе, З сваiх прароцтваў Аўгур сам смяецца. Наступны дзень зямлi ўсёй мiр нясе Пад засенню алiвавага вецця.

Так i любоў мая: ў вянку надзей У вечнасць пройдзе цераз верш сардэчны. Смерць страшнай можа быць для тых людзей, Якiя з цемры не выходзяць вечна.

Мой горды, непакорны, шчыры верш, Ты дэспатаў усiх перажывеш!

108

Што б я ў памяцi людской знайшоў Не скарыстанае табе на хвалу? Што новае сказаў бы пра любоў, Каб i цябе найлепей праслаўляла?

Нiчога, пэўна! Як у днях былых, Калi мы толькi стрэлiся з табою, "Любi-мая" - гучыць з радкоў маiх На новы лад малiтваю старою.

Любоў адвечную i новую прытым Не скрыўдзiць час i не закрые пылам, Лiстом паперы стане ён рудым, Каб запiсы на iм свае рабiла.

Што нам любоў дала у першы раз, Жыць будзе вечна, нават i без нас.

109

Ты не кажы, што сэрца ў паняверцы, Хоць зменшыўся агонь, напэўна, ў iм. Мая душа ў тваiм бытуе сэрцы, З iм разлучыцца - як з сабой самiм.

Кахання дом! Пасля ўсiх вандраванняў Такiм, як быў, страчаюся з табой, Каб ганьбы след пры першым жа спатканнi Адмыць сваёй гарачаю слязой.

Хоць, як усе, i я з крывi i плоцi, Але не вер нiколi тым усiм, Што мог бы я сваё сумленне зблоцiць I не вярнуцца да цябе зусiм.

На свеце радасць мне адна ты, цвеце? Што без цябе мне ў тым прасторным свеце?

110

На жаль вялiкi, гэта не мана! Блукаў я скрозь, дзе варта i не варта I стала мне, як блазнюку, цана, Сама любоў мне стала нiбы жартам.

Папраўдзе, так: я крыва, ўперакос Глядзеў на ўсё, што добрага бывае. Ды лёс мяне праз хiбы ўсе пранёс, Ты зноў мне любай стала, дарагая.

Я нi грахоў, нi праўды не таю, Няхай спакуса сэрца не трывожыць. Сябе навек табе я аддаю, А бог кахання хай мне дапаможа,

Каб прытулiла да сваiх грудзей, Каб неба стала для мяне блiжэй.

111

Я згодзен з тым, што доля мне не мацi. Яна на мне паставiла пячаць: Прымусiла цяжкой штодзённай працай Для iснавання сродкi зарабляць.

Як фарбавальшчык сам афарбаваны, Таксама я адзначан рамяством. Каму пашана, а каму загана Адным i тым жа выбiта кляймом.

Ты памажы пазбыцца мне хваробы. Я воцат вып'ю, ўсё, што скажаш ты. Я не адмоўлюся, абы дапамагло бы, Ад самай найгарчэйшай гаркаты.

Мая любiмая! Найлепшай рады Я дачакаўся б ад тваёй спагады!

112

Твая спагада i замiлаванне Прыкрыюць след ганебнага кляйма. Мне абыякавым цкаванне стане, Пакуль са мною будзеш ты сама.

Твае пахвалы цi твае дакоры Мне прынясуць патолю або жаль. Ты для мяне адна ва ўсiм прасторы, Я пры табе, як закаваны ў сталь.

Я ад сябе адкiнуў так далёка Ўсё, што лiслiвасць цi хлусня вядзе, Каб iх i следу не было навокал, Каб iх не бачыць, не пачуць нiдзе.

Пануеш ты адна ў мяне на сэрцы, Мне без цябе ўсё нежывым здаецца.

113

Пасля разлукi - зрок мой стаў у сэрцы, А вочы быццам як чужыя мне. I ўсё, што можа мне цяпер сустрэцца, Мяне нераспазнаным абмiне.

Нiбы вiдушчы i сляпы нiбыта, Глядзiць на свет збянтэжаны пагляд, Забыты кветкi, птушкi ўсе забыты, А ува ўсiм твой вобраз вiнават.

Якiя б дзе я рэчы нi пабачыў, Усё з тваёй нiтуюцца красой. Варона крача, галубок заплача, Застогне мора - ўсюды вобраз твой!

Табою поўны, я не здольны цямiць Таго, што звыш мая прыносiць памяць.

114

Няўжо, хвалой тваёю увянчаны, Атруты царскай - лёстак - выпiў я? Цi чараўнiцтва талент надзвычайны Дала на долю мне любоў мая?

Дакуль сягнуць яго праменне можа, Стварае ён узоры пекнаты. З iстот пачварных ангелаў прыгожых Стварыць ён можа - гэтакiх, як ты.

Праўдзiва першая прычына - лёсткi, I розум прагна трунак гэты п'е. А вочы келiх налiваюць порстка Яму да смаку i самiм сабе.

Калi атрута - лёс даруе грэх iм, Пакаштаваць - iм давялося першым.

115

Хлусiў я у сваiх ранейшых песнях, Што нельга мне цябе любiць мацней. Не ведаў я, што полымя прадвеснi Магло пасля гарэць яшчэ зырчэй.

Калi гляджу я на падзеi часу, Дык бачу, што выпадкаў мiлiён Разлучыць тых, хто б век не разлучаўся, Нязломны самы выкраслiць закон.

На жаль, спалохаўшыся тых здарэнняў, Я не сказаў тады як мае быць: Сумненне мне не прынясе збавення, А я люблю, як нельга больш любiць.

Любоў - дзiця. Дадаць бы варта тое: Яна расце, як i усё жывое.

116

Не будзем шкодзiць злуцы сэрцаў двух; Любоў любоўю звацца не павiнна, Калi яна мяняецца ад скрух Або ў якую чорную гадзiну.

Любоў - маяк у часе навальнiц, Яна, як зорка, з цёмнай хмары гляне I караблю з грымот i блiскавiц Пакажа шлях надзейны ў акiяне.

Любоў не мерыцца на тыднi, днi, Яна бясконца, як жыццё на свеце, Хоць можа час ружовыя агнi Згасiць на ёй, як на ружовым цвеце.

Як хто б няпраўду слоў маiх давёў, Дык не iснуе, значыцца, й любоў.

117

Абвiнаваць мяне ва ўсiх грахах, Калi такое маеш ты жаданне, Што станавiўся на ганебны шлях, Не праслаўляў я нашага кахання;

Што далучаўся да такiх сяброў, Якiя з добрым словам незнаёмы, I што па волi чатырох вятроў На ветразях усiх iшоў ад дому.

Каб грэх мой цяжкi стаў яшчэ цяжэй, Маю сваволю кiнь на тыя шалi. Глянь строгiм поглядам тваiх вачэй, Абы на смерць мяне не пакаралi.

Пераканацца толькi меў на мэце, Якую моц каханне мае ў свеце.

118

Мы ужываем вострыя прысмакi, Каб апетыт узняўся да яды. Мы зелле п'ём ад лiхаты ўсялякай, Каб асяродак чыстым быў заўжды.

Вось так i я, з твайго замiлавання На сэрцы меў лагоду i спакой. Калi хварэў, дык праз сваё жаданне Змагацца з выдуманай лiхатой.

I захварэў урэшце не на жарты, Лякарствы горкiя адважна п'ю. А што было ва мне пашаны варта, Пакiне з лекамi душу маю.

Уцямiў я: атрутай стануць лекi, Калi любоў пакiне чалавека.

119

Пiтвом з сiрэнiных пякельных слёз Я упiваўся, мабыць, неаднойчы. На страты мне журбу прыносiў лёс, Над выйгрышам з арбiты лезлi вочы.

Якiх памылак не было ў той час, Калi я чуў сябе ў вяршынi шчасця: То, як у трасцы, жар апошнi гас, То зноў палаў агнём шалёнай страсцi.

Дабра ў благiм тады я не знайшоў: Нядоля робiць добрае найлепшым. Калi з разлукi вернецца любоў, Яна намнога стане трывалейшай.

Так пасля страты зноў знаходзiў я Сваё багацце большым утрая.

120

Твае пакуты нас iзноў з'ядналi. Ад гора сам я гнуўся у дугу, Бо нерваў мне са сталi не кавалi, Iх раўнаваць да медзi не магу.