Выбрать главу

Вясна

Вось гісторыя, якую пачуў ад сябра-доктара.

У яго ёсць пацыентка, якой гадоў шэсцьдзясят. Актыўная цётка. Тры гады таму пахавала мужа. Мужчына быў смяротна хворы, шанцаў на папраўку нуль, жыць заставалася не больш за месяц. Але памёр не ў ложку — збіла машына побач з домам. Яна сама і выправіла яго ў двор, каб пасядзеў на лаве, пагрэўся пад летнім сонейкам... Жанчына і сёння свята ўпэўненая, што каб яе муж не загінуў пад машынай, то ён бы абавязкова паправіўся.

Прыкладна так думаю пра некаторыя свае справы і я.

Бойка

Масюкоўшчына. Тралейбусны прыпынак. Палова на шостую, але гэта неістотна...

Кампанія: непрэзентабельная дзявуля ў скуранцы і кепцы, трое мужыкоў, такога ж замесу. У руках дзявулі пачатая пляшка з віном. Яна робіць глыток. Адзін з трох нешта кажа ёй ціха. І раптам дзявуля пачынае яго біць. Зло, агрэсіўна... Яе адштурхоўваць, спрабуюць хапаць за рукі, а яна вылузваецца і кідаецца зноў.

Мужык не ўтрымліваецца на нагах і падае. Дзявуля ж не дае яму падняцца і працягвае біць нагамі ў твар. Кроў, мацюкі, крык. Пры гэтым яна трымае ў правай руцэ пачатую бутэльку. Ні адна кропля не выліваецца. Скрываўленая галава матляецца, як кавун у сетцы. Двое мужыкоў бягуць праз дарогу і моўчкі заскокваюць у мой тралейбус. Дзявуля працягвае мясіць нагамі галаву нерухомага мужыка на пустым прыпынку. Не ведаю, ні хто яны, ні за што — мне іх не шкада...

Праз бруднае шкло кепска відаць, чым там скончылася, але гэта і неістотна.

Вясна

Наталля — выкладчыцы французскай мовы. Ёй — сорак сем... Андрэю, электрыку — дваццаць сем. Ён жыве на трэцім паверсе з бацькамі. Яна жыве паверхам вышэй. Наталля замужам другі раз, але дзяцей няма ні ад першага шлюбу, ні ад другога. Калі Андрэю трэба грошы — ён ідзе да суседкі Наталлі. Глядзіць на яе вільготнымі вачамі, шчаку няголеную шкрабе, трохдзённай шчэццю пстрыкае. Яна пазычае нават ноччу. А ён ведае сваю ўладу над жанчынай і ўсмешліва абяцае забегчы днямі. Але адно абяцае. Яшчэ і час спытае, калі жанчыне зручней. Якімі вачамі Наталля глядзіць на Андрэя. Яна б яго на шматкі падрала, такая пажаднасць і жарсць у нафарбаваных вачах. Потым жанчына доўга не можа заснуць, паліць пад выцяжкай і п’е кроплі... Грошы Андрэй звычайна аддае сівавалосаму прафесару, мужу Наталлі, які па вечарах выгульвае спаніэля. Сустракае ў двары і просіць перадаць для Наталлі Міхайлаўны. Аднойчы і кола дапамог прафесару на машыне замяніць.

Дзіцячая біблія

Мне тады было шэсць з паловай.

Вясковыя дзеці змрочную цётку Таццяну слухаць не хацелі, а я слухаў. «А Бога салдаты схапілі і прыбілі да высокага крыжа цвікамі, а ён не плакаў і цярпеў за ўсіх нас, хоць кроў цурком бегла», — узбуджана тыцкала ўказальным пальцам у сваю далонь набожная цётка Таццяна, калі пераказвала знакаміты сюжэт.

У тое, што Бог не плакаў і цярпеў боль, я не веру, але маўчу... Бо добра памятаю, як мінулым летам прабіў нагу іржавым цвіком. Тут, каля іхняй хаты. Дзядзька Пятро майстраваў новы плот, стары штакетнік валяўся ў траве. Я наступіў на дошку — дзюбка цвіка выскачыла над пальцамі... Як тады цётка Таццяна сварылася на мужа за тое, што той не прыбраў старыя дошкі. Якімі словамі... «Паскуда» і «злыдзень» былі наймякчэйшымі.

А кроў і сапраўды цурком бегла.

Непрыемнасці

Поўня... На згустак бела-бліскучага святла можна глядзець доўга. Спрабаваць убачыць твар, профіль, вочы і рот... Але я не гляджу доўга. Зірну — і вочы долу. Калі быў малым, то аднойчы стаяў на ганку дзедавай хаты і дзівіўся на руды і вялізны дыск, які зіхцеў над брамай. Хоць і зябка, але пайсці ў хату не было моцы. Здавалася, што ногі мае каменныя, а вочы шкляныя. Не было страху, але і радасці не было. За спінай адчыніліся дзверы, на ганак выйшла баба.

«Не глядзі на яе, чуеш?» — загадала скрушным шэптам і павяла мяне ў хату. Я спытаў, а чаму на месяц глядзець нельга? Але тады баба не патлумачыла, а толькі пазашморгвала фіранкі і загадала спаць. Амаль кожны раз, калі поўня, са мной здараюцца непрыемнасці. Самыя розныя: то згублю якую рэч, то спазнюся, то захварэю, то пасваруся, аднойчы зуб зламаў, моцна парэзаў руку — не пералічыць... Раней, калі выпіваў, то непрыемнасці здараліся абавязкова. Поўня — чакаю кепскіх навін, хоць і ведаю, што гэта ўсё забабоны і лухта... І бела-бліскучы згустак прахалоднага святла, які ўчора бачыў над рэзідэнцыяй, не пры чым. Ці не?

Хайку

Да аперацыі — тыдзень. Ён крыху памаўчаў, а потым пажартаваў: «Святло без ценяў... Наперад нагамі выйду... Проста ў лістапад».

Пасмяяліся.