Выбрать главу

Пісьменнікі

А лічыць, што Б — не пісьменнік.

Б лічыць, што А — не пісьменнік.

Калі А і Б сустракаюцца, то лічаць, што В — не пісьменнік.

Калі В сустракаецца з А, то лічаць, што Б — не пісьменнік.

Калі Б сустракаецца з В, то...

Карацей, А, Б, В — сапраўдныя пісьменнікі, якія рухаюць літаратуру.

Начная змена

Мужчына ўмеў размяркоўваць сілы. І будоўлю саракагадовы вартаўнік ведаў, як свае чатыры пальцы. Ён быў упэўнены, што хутка зловіць злодзеяпадлетка. Ён з ім забаўляўся, як кот з пакамечанай мышкай. Пераймаў на лесвіцах, гулкіх памяшканнях, у цёмных калідорах. Выскокваў са сваім доўгім ліхтарыкам, крычаў-палохаў і бег на тупат у цемру. Гэтая дзікаватая гульня цягнулася з паўгадзіны...

Падлетак выскачыў на дах недабудаванага сяміпавярховіка, а больш і не было куды. Далей-вышэй — толькі неба. Літаратура дазваляе свавольства. Можна напісаць, што падлетак паляцеў у начное неба... Адштурхнуўся ад чорнай бітумнай плямы, да якой яшчэ клеіліся падэшвы красовак... І кропелькі зорак пачалі згасаць, паказваючы накірунак павольнага палёту. Вартаўнік спалохана сеў на гурбу цэглы і пачаў церці вочы. Можна.

Але нафіга? Усё адбылося празаічна. Мужчына, які загнаў падлетка на дах, раптам дараваў непаўналетняму злодзею. І душа яго паспакайнела. Ён пакратаў далонь без вялікага пальца, паглядзеў у блізкае зорнае неба. Потым нягучна паклікаў: «Гэй, малы, пабегалі і хопіць, выходзь!» Вартаўнік згадаў войска. І сябе маладога-лысага. Падышоў да краю залітага бітумам даха. Унізе зіхцеў горад. Запаліў цыгарэту. Ізноў прапанаваў уцекачу мір, дараванне і цыгарэту. Падлетак выйшаў нячутна. Штуршок у спіну быў нямоцны. Недапалак вартаўніка не паляцеў за гаспадаром. Цыгарэта зоркай упала на чорны край даху. Падлетак зірнуў на яе і скінуў мыском красоўкі. Ён ніколі не курыў.

Пошта

Вясковая паштарка цётка Ядзя пад’язджала да брамы дзедавай хаты на ровары. Клала газеты ў прыбітую да шулы кірзавую школьную сумку, але гэта, калі дождж, калі гаспадароў няма. Магла і паміж штакецін прэсу запхаць. Вясёлая была жанчына і разгаворлівая... Са мной сябравала, карамелькамі частавала, а аднойчы перавадную карцінку дала. Некалькі дзён я не ведаў, на якую рэч карцінку тую перавесці. На люстэрка і перавёў. Але гэта ў вёсцы... У Касцюкоўцы паштарак, якія пошту на вул. Кастрычніцкай разносілі, я таксама ўсіх ведаў: цёткі Рая і Таццяна, а вось Анжэлу цёткай язык не паварочваецца назваць — маладая. З імі можна было пагаварыць, папрасіць. А што цяпер? Як выглядаюць паштаркі-паштальёны на TUT.BY? На іншых паштовых электронных службах... Не пахне электронная прэса друкарняй, не пахнуць дзявочыя лісты парфумам, не застаецца капэртаў, паштовак і марак. Глядзіш у манітор, ціскаеш клавішы, адкрываеш сваю скрыню, а там — спам. І думаеш, ну якая паштарка згадзілася гэтую лухту ў сумцы несці?...

Імя героя

Гэта ўзрост — калі кожнага аднакласніка хочацца абняць. Кожную кветку ў сасцаным школьным садзе намаляваць... Хоць у маленькі нататнік, няхай і звычайным алоўкам.... А некаторыя дробныя кветачкі засушыць паміж старонкамі... Як шмат успамінаў, і як мала чорна-белых фотакартак... А каляровая — адна. Я на ёй у зялёным швэдары, побач з барвовым сцягам піянерскай дружыны імя-імя ... не магу згадаць прозвішча героя. Зрэшты, гэта не фотакартка... Каб мяне ўбачыць, то трэба падняць няважкі пластыкавы шар і прыпасці вокам да павялічальнага шкельца памерам у капейку, і глядзець на святло. Сфатаграфавалі выдатнікаў нашай школы... Кожнаму далі шар. Гэта не картка — слайд. Чароўны шар выпаў з рук аднакласніка, калі ён разглядаў сцяг за маёй спінай. Шар упаў на падлогу і раскалоўся надвая. Не, Сашка тады быў не п’яны. Мы глядзелі карткі, а гарэлка ляжала ў лядоўні. Сашка мог бы падказаць імя таго героя, у яго выключная памяць на лічбы ды імёны. Ён мог без паперкі перамнажаць вялікія лічбы, сказаць, у якім годзе нарадзіўся Марат, той, якога намаляваў Давід...