Выбрать главу

Але Сашка не падкажа — памёр. Ведаю, у каго спытаць!

Але не ведаю, навошта мне прозвішча таго героя?

Успамін

На чатырох вялікіх менскіх краявідах было намалявана толькі тры чалавечкі.

— Такое ўражанне, што нейтронная бомба выбухнула... — кіраўнік дыплома глядзеў на мае гарадскія краявіды і незадаволена пахістваўся.

Ён прадчуваў цяжкасці абароны.

— Дзе бомба выбухнула? — шчыра, ці амаль шчыра, перапытаў я.

— У галаве тваёй! — мастак-прафесар адвярнуўся ад палотнаў. Ён разумеў, гаварыць далей — бессэнсоўна.

Яму хацелася, як лепш.

Вяскоўцы ўпэўненыя, што калі горад, то там людзей, як тых мурашак — на кожным кроку...

І мне хацелася, як лепш.

Зіма

А палове на адзінаццатую тэлефаную на мабільны сябру. Даведваюся, што абанент часова недаступны... Паўтараю спробу праз гадзіну, потым яшчэ праз паўгадзіны, а потым не выпускаю трубку з рукі. Пад самы вечар, калі перадумаў і перабраў самыя розныя варыянты, ад зусім кепскіх да больш мякчэйшых і бяспечных, сябар адказвае на маё тэлефанаванне. Высвятляецца, што ён спяшаўся, калі сыходзіў на працу, а таму і забыўся ўзяць са стала свой мабільны. Тэлефончык цэлы дзень праляжаў дома... Як жа ўсё проста і банальна... а колькі кепскіх думак паспела нарадзіцца ў маёй галаве...

Няўжо гэта толькі я такі, і калі што, найперш думаю пра кепскае?

Каляднае

П’яны мужчына вываліўся з дзвярэй аўтобуса на канцавым прыпынку. Шапка пакацілася пад бардзюр, сумка з пляча звалілася. Ляжыць. Звычайна, калі праезду транспарту ляжачы чалавек не замінае, то ніхто яго не чапае. Гэты не замінаў... Але і я, і цётка ў каптуры з брыльком, і пенсіянер, з пакрышкай аўтамабільнай, кінуліся на дапамогу. Паднялі, на ногі паставілі, шапку надзелі, сумку праз шыю перакінулі. А чаму спагада і спачуванне ва ўсіх нас такіх чэрствых прачнулася? Чаму мы такімі добрымі-пяшчотнымі раптам зрабіліся? Ды колькі не думайце — не здагадацца вам. Я на сябрах спраўджваў. А ўсё проста. Упаў п’яны мужчына, а ялінку, белым шнурам апярэзаную, не кінуў, з рук — не выпусціў. За ялінку невялічкую, а не за што іншае кінуліся п’янага чалавека на ногі ставіць, накірунак паказваць.

Хто ж з нас не чакаў, калі бацька дамоў прыйдзе, ялінку прынясе? Хто? Няма такіх!

Кава і кніжкі

У навамоднай кавярні непрывабная бармэнка чытае і «капучына» з «амерыкана» па папяровых кубачках налівае. Замовіш каву, яна кніжку разгорнутую, вокладкай дагары, адкладзе. Каву ў машыну засыпле, і пакуль напой згатуецца, зацурчыць, паспявае дзяўчына яшчэ абзац-другі прачытаць. І кава атрымліваецца смачная, і месца зручнае, але каб не тая кніга...

Класны пісьменнік Камю. І раман яго «Чума» — кніга выдатная.

Новы год

І быў я вельмі прыгожым хлопчыкам...

Бо меў валёначкі і чорна-бліскучыя галёшы.

І рукавічкі на матузках былі. Галёшы і рукавічкі губляліся, а валёначкі ніколі.

Вось так.