Настаўнік
Трафім Дзянісавіч Ігнаценка вучыў мяне маляваць. Святло, цень, паўцень, блік, рэфлекс, прапорцыі, маса, абрыс... Ён прамаўляў словы адрывіста і ясна, як медыцынскія тэрміны. Строгі немалады мужчына, здаецца, з 1916 года, педантычны, размоў, якія не тычыліся малявання, не падтрымліваў. Памятаю яго так дакладна, быццам бачу, як ён сядзіць на табурэце перад маім мальбертам і параўноўвае выяву на паперы з ярка асветленым гіпсавым акантам. Памятаю яго рукі з вузлаватымі хуткімі пальцамі... Памятаю гадзіннік на шырокім карычневым раменьчыку (цяпер такія не носяць). Гадзіннік называўся «Победа». Аднойчы настаўнік зняў гадзіннік і паклаў на мальберт. На бледным запясці левай рукі цямнела татуіроўка — пяць бэзавых лічбаў. Другая ад пачатку — сямёрка. Апошняя — пяцёрка. Спрабую ўспомніць усю лічбу. Мне здаецца, што гэта мае вялікі і пакуль незразумелы сэнс. Амаль рэлігійны...
Настаўнікі
Настаўнікаў згадваеш не тады, калі ўсё добра і ты едзеш, а тады, калі падаеш і баліць... Мяне навучыў ездзіць на ровары бацька. Настаўнікі паміраюць, але я еду. Яны нябачныя, падтрымліваюць мяне... Дапамагаюць падняцца і перакінуць нагу з пабітым каленам праз раму. І ціха штурхаюць у спіну: «Ну, не бойся, усё атрымаецца». І гэтыя галасы прымушаюць налягаць на педалі і ехаць.
А куды я прыеду — яны не сказалі, я ж не спытаў...
Цуд
Пісьменнікі, мастакі, акцёры, кампазітары — ілгуць, калі кажуць, што лепшая кніга, карціна, роля, сімфонія — яшчэ ненапісаная, яшчэ наперадзе. І мружаць у камеру па-старэчы бясколерныя вочы, і паперкі ў аслабелых руках калоцяцца. Мне амаль шэсцьдзясят і я ведаю, што лепшага ў будучыні не будзе, і сябе падманваць не збіраюся, і чытачоў-гледачоў абнадзейваць.
Але цуды здараюцца.
Анатам
Пластычную анатомію ў тэатральна-мастацкім інстытуце выкладаў прафесар Амврос’еў Аляксей Пятровіч. Ён хоць і быў прафесарам, але навучыць маляваць не мог. Мужчына эксцэнтрычны, вясёлы, акуратны, рухавы. Маляваў на дошцы крэйдай кепска, хаця лічыў, што малюе добра. Аднойчы я з ім заспрачаўся, што ведаць анатамічныя тэрміны мастаку неабавязкова. Ён раззлаваўся. Выклікаў мяне да дошкі. Я ўзяў крэйду і намаляваў чалавека без скуры. Малюнак атрымаўся выразны і ў нечым жудасны... Прафесар узяў маю залікоўку і паставіў свой подпіс.
Больш ён у нашай групе на дошцы не маляваў.
Але самае дзіўнае, мяне гэта і сёння ўражвае да дрыжыкаў. Прафесар тэстамент склаў, юрыдычна аформіў, каб яго труп стаў экспанатам у анатамічным тэатры, каб студэнты вывучалі па ім анатомію.
Стравы
Баба Паліна, ці па-вясковаму, па мужу-нябожчыку — Якіміха, дажыла да глыбокай старасці. Апошнія гады правяла ў хаце ўнучкі. У нядзелю замовіла Якіміха сабе на полудзень — клёцак. Страву прыгатавалі, паклалі ў талерку і падалі старой у ложак. Якіміха добра паела, падзякавала і заснула.
«Так і памерла ў сне — шчаслівая і задаволеная», — казалі сваякі вяскоўцам... А праз дзень ізноў давялося драць бульбу, круціць мяса, бо клёцкі на Віцебшчыне страва, без якой не абыходзяцца хаўтуры, а жалобны стол лічыцца бедным.
Спісы
Згадвалі з жонкай сваякоў — кожны сваіх. Мае з Гомельшчыны, а яе з Віцебшчыны. Спісы імёнаў атрымаліся доўгія. Высвятлялі, колькі на вайне загінула, а колькі савецкая ўлада знішчыла. Аказалася, што прыкладна пароўну.
Сумна... І так, відаць, ва усіх беларускіх сем’ях... Ад многіх і фотаздымкаў не засталося.
Ад прадзедаў спакон...
Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталіся яблыні.
З беларускіх яблыкаў найсмачнейшыя і найпрыгажэйшыя — штрыфель і антонаўка. Штрыфель рос у дзедавым садзе на Гомельшчыне, а васковая антонаўка на Віцебшчыне, у садзе жончынага дзеда Петрака.
Іншыя яблыкі — забаўка, сапраўднай асалоды не даюць.
Зорка
Мне тады было гадоў пяць, да шасці заставалася пару тыдняў, і я жыў у дзеда з бабай. Студзень. Ноч. Я прачнуўся, бо дзед тупаў па хаце, апрануты і ўсхваляваны. На яго валёнках быў снег. Баба завязвала хустку і надзявала ватоўку. Яны збіраліся ісці ў хлеў. Я пачаў прасіцца, каб і мяне ўзялі. Пакуль баба выцягвала з печы вялізны чыгун з гарачай вадой, дзед мяне апрануў.
Мы ішлі праз двор. Дзед з газнічкай, я і баба. У двары было снежна і сінесіне, на небе зіхацелі зоры. Дзед адчыніў вароты ў хлеў і прыўзняў газнічку. Наша вялізная карова ляжала на баку, а за ёй, на жоўтай саломе мокрае даўгавухае цяля. На сценах чорныя цені: дзедаў, бабін і мой.