Добра запомніў вільготнае вока каровы і яе парэпаны васковы рог. Карова глядзела скрозь мяне абыякава і жавала.
Мы ўтрох урачыста вярнуліся ў хату. Першай ішла баба, потым я, апошнім, з газнічкай у левай руцэ — дзед. Я распрануўся і залез у ложак.
«Скора будзе малако», — сказаў дзед.
Скора будзе малако... Мала. Ма...
Цяля назвалі Зоркай. Каляды ж былі...
Школьны настаўнік
Доўга не выходзіла з галавы, а таму запісаў.
Хадзілі з Карпейчыкам, курылі, размаўлялі пра жанчын і дзяцей. Я казаў, што дзіця — частка жанчыны, а таму яна за дзіцяня гатовая памерці і забіць. Я казаў настаўніку біялогіі, што гэта адзін з мацнейшых інстынктаў. Нават жывёлы сваіх дзяцей бароняць. Прыгадаў ваўкоў, тыграў, мядзедзіцу.
Карпейчык спыніўся і жорстка сказаў: «У мінулым годзе маладая жанчына павезла ў калясцы немаўля ў парк. Зіма была. Мінус 12. Сябровак сустрэла. Выпіла, потым яшчэ і яшчэ. На наступны дзень каляску з дзіцянём замерзлым знайшлі ў парку... »
Ад слоў школьнага настаўніка ў мяне трахея сціснулася.
Потым мы пілі каву і гаварылі пра прозу Варлама Шаламава, але мне страшна не было.
Не бачыў...
Да змроку гулялі з жонкай па парку. Глядзелі на дрэвы і амаль не размаўлялі. Я глядзеў на каштаны, на складаны колер восеньскага лісця... Глыбокі і лёгкі. Зразумелы і невытлумачальны. Можна бясконца ўглядацца, мружыцца і шырока расплюшчваць вочы...
Злавіў сябе на думцы, што ў маім г. п. каштанаў процьма. Але я не памятаю іх жоўтымі. Якімі заўгодна, але не восеньскімі, не. У дзяцінстве і юнацтве на восеньскія дрэвы не глядзіш, іх не бачыш. А каштаны? Вядома, збіраў і шпурляў. А дрэў — не бачыў.
Карціны і кнігі
Мяне заўсёды здзіўляла безгустоўнасць пісьменнікаў. Такія гнюсныя карціны ў кватэрах і кабінетах вісяць, што глядзець на сцены сорамна. Тое ж і з кніжкамі ў майстэрнях і кватэрах мастакоў — быццам і бібліятэка ладная, а пачытаць і няма чаго, большасць кніжак — другарадная «лабуда».
Ведаю стаматолага. Выдатная бібліятэка і дзясятка паўтара якасных палотнаў і графічных аркушаў. Навукоўцы трапляюцца дасведчаныя, як у выяўленчым мастацтве, так і ў літаратуры.
Пяць
— Пачак пячэння, — папрасіў салдацік прадавачку.
— І ўсё?
— А можна пяць яек?
— Не, — адказала прадавачка.
Салдацік пачаў разлічвацца, а прадавачка, пад поглядамі пакупнікоў, запакавала ў цэлафанавы мяшэчак пяць белых яек.
Салдацік выпіў іх у двары, заеў пячэннем і спрытна пераскочыў праз бетонны паркан на тэрыторыю штаба.
Пра чароўныя рэчы
Эрнэст Хемінгуэй сядзеў за столікам парыжскай кавярні і пісаў апавяданні пра Мічыган, пра халодную і празрыстую ваду, пра вецер, пра імклівую стронгу.
Пісаў у нататнік звычайным алоўкам. Вастрыў свой аловак — тачылкай. Ёсць у гэтым нешта дзіцячае і непасрэднае. Дужы мужчына, трымае ў моцных пальцах аловак і беражліва паварочвае яго ў маленькай тачылцы. Габлюшка закручваецца ў спружынкі.
«Hotel California» Eagles
Пальцы ў сале пацягнуліся да круцёлкі прыёмніка, які стаяў на падаконні, і графік Ігар Ліберман сказаў: «Ша! Каліфорнія!» І дадаў гучнасці. Гэта было ў снежні 1978 года, у інтэрнацкім пакоі тэатральна-мастацкага інстытута, на другім паверсе, у гадзіну ночы. Я працягваў жаваць сала з цыбуляй, а Ігар падхапіўся, пачаў хадзіць па пакоі і спяваць. Ён ведаў гэтую песню, а я пачуў першы раз. Ігар так разышоўся, што паставіў на стол бутэльку малдаўскага віна, якое хацеў зберагчы да святаў. Выпілі. Ігар усё спяваў, размахваў скальпелем, мружыў вочы і шчасліва смяяўся. Ён тады маляваў ілюстрацыі да Бабеля, а я пісаў алейнымі фарбамі Камароўку. Цёткі, гарбузы, яблыкі, бульба і чорнае неба...
Каліфорнія запомнілася.
Вядзьмарка Домна
Мне хоць і было сем гадоў, але я ведаў, што вядзьмарка жыве ў суседняй вёсцы, амаль у лесе, на самым краі.
Ёй было, як мне здавалася, гадоў сто, а можа, і больш. Старая сядзела ў паўцёмных сенцах ля акна, на ўслончыку. Яна вялікая, у чорнай хустцы, і астатняя адзежа цёмная. Побач стаяў кош з бульбай, бэзавыя парасткі тырчаць, чорны чыгун. У руках чорны нож. Яна абірала бульбу. Светлая лушпініна закручвалася, закручвалася, а потым падала на цёмныя босыя ногі, а бульбіна ў чыгун. Яшчэ ў сенцах віселі венікі з рознай травы і кветак. Пахла сырой зямлёй. Звалі вядзьмарку Домна. Я тады быў упэўнены, што гэта мянушка вясковая.