Яна падняла галаву і паглядзела на мяне ўважліва, а па твары Стасіка толькі слізганула позіркам. Стасік сказаў, што баба Домна ведае будучыню і можа расказаць, што з кім здарыцца. Мы прыйшлі спытаць, ці будзе заўтра дождж, бо збіраліся пайсці на Цагельню, а гэта далекавата.
У старой празрысты позірк. Яна сказала, каб мы не хадзілі на Цагельню, а ішлі ў свой лес. Нахіліла галаву і зноў узялася церабіць парасткі і абіраць бульбу. Мы пастаялі трохі і пайшлі ў сад па ападкі. Нічога такога дзіўнага я не заўважыў і сказаў Стасіку, што вядзьмарка — звычайная баба, такая ж, як мая.
Наступнай раніцай Стасік і два яго старэйшыя браты пайшлі на Цагельню, а мяне не ўзялі. Я ўгаварыў свайго стрыечнага брата пайсці ў наш, у блізкі лес. З Цагельні грыбнікі вярнуліся з пустымі кошыкамі, а мы з братам нарэзалі баравікоў поўны кош.
Было і яшчэ тры сустрэчы з вядзьмаркай Домнай, але і тады яна абірала ў сенцах бульбу.
Дачка вядзьмаркі Домны
Дачка вядзьмаркі Домны — кульгавая Нінка. Яна едзе на ровары па дарозе ўздоўж нерухомага вялікага лесу. Едзе хутка. На ёй цёмны мужчынскі пінжак і рабая сукенка, на шыі цёмная хустка, валасы растрапаныя. На карычневых нагах сандалі. Нінка круціць педалі і крычыць ці смяецца, а можа, галосіць. Да рамы прывязана рыдлёўка.
Дачка вядзьмаркі едзе да матчынай хаты. Гадоў пяць хата стаіць пустая, нават на хлеў, нават на дровы хату з выбітымі вокнамі ніхто не хоча купіць.
Карцінка ўрэзалася ў памяць. Цёмны восеньскі лес, светлая дарога і жанчына на ровары, якая галосіць, а можа, смяецца. Яна і не знікае, і не набліжаецца.
Курган
Сёстры-блізняты Светка і Алка сядзелі за адной партай, а потым за адным сталом. Настаўнікі Светку з Алкай блыталі, а мы адрознівалі. Як тое рабілі — не памятаю, але лёгка.
У сёмым праходзілі «Курган» Янкі Купалы. Задалі вучыць урыўкі. Праз тыдзень адказваем. Дайшла чарга да Светкі. Стала яна каля дошкі, вочкамі сінімі палыпала і гучна пачала:
«Стол ты ўставіў ядой, гасцей шмат пад сталом, —
Гэта госці бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным віном, —
Гэта слёзы нядолі сірочай.»
Дачытаць урывак не далі. Клас зайшоўся смехам. Настаўніца паправіла сказала, што не «гасцей», а «касцей шмат пад сталом.»
Светка падумала і сказала: «Паспрабаваў бы хто у нас дома косці пад стол кідаць, мамка б яму галаву адарвала».
Начное жыццё
Шмат разоў раніцай знаходзіў у лесе маленькія баравічкі. Такія малыя, што шкадаваў зразаць. Прыкмячаў месца. Прыходзіў надвячоркам, а грыб той, як быў маленькім, так маленькім і застаўся. Ніколькі за дзень не падрос. Зноў пакідаў.
А вось наступнай раніцай мой баравічок было не пазнаць. Спраўны такі грыб-прыгажун пад кустом сядзіць. Я чырык яго ножыкам — і ў кошык.
Тады я і зразумеў, што грыбы растуць толькі ноччу. Няхітрае адкрыццё.
Скажу болей. І шчэць, як тыя грыбы, удзень — не расце. Сто разоў спраўджваў.
Шчэць расце ноччу. Тады навошта я галюся не раніцай, а перад ноччу?
Адкрыццё
Сорак пяць гадоў пражыў у Мінску.
А толькі сёння зрабіў адкрыццё.
Безліч разоў заходзіў у гастраном на рагу вуліц Леніна з Інтэрнацыянальнай. Побач з гатэлем «Еўропа». Цяпер там рэстаран сушы, а раней месціўся гастраном, дзе можна было кавы выпіць, а пры жаданні партвейна пляшку набыць і парожняй на стойцы пакінуць. Гастраном называлі — «Пярцоўка».
Дык вось, не таму гастраном «Пярцоўка», што ў ім перцам гандлявалі, і не таму, што «пярцоўку» прадавалі, як я раней думаў. А таму, што жыў у гэтым доме акадэмік Перцаў Уладзімір Мікалаевіч. Тысячы разоў на шэрую мемарыяльную дошку глядзеў, а прачытаў уважліва толькі сёння.
Можна смяяцца.
Безвыходнасць
Старая прахапілася пасярод ночы...
Яна стаіць у кухні з пасткай у руках і глядзіць на забітую, расціснутую бліскучай рамкай мыш, а ў рукамыйнік капае вада.
Бом-бом-бом...
«Усё табе! Смачнае было пячэнне? Гэх ты...» — шэпча старая з радасцю, і шкадаваннем.
І яшчэ доўга стаіць і не ведае, што рабіць далей.
Дзікае паляванне
Самы звычайны шэры дваровы кот спрытна і высока падскочыў, у паветры схапіў вераб’я.
Шкада пташку.
Але за такі спрыт і майстэрства сэрца маё было на баку дваровага бадзягі.
Статыстыка
Мама палічыла, што дома, ад таго часу як выйшла замуж, было чатыры чайнікі. Пералічыла і расказала пра кожны. За шэсцьдзясят гадоў усяго чатыры. Думае купіць пяты — маленькі, каб лягчэйшы...