А можа, рукі нашы гаспадары?
Інтымнае
Ёсць у мяне відэлец і лыжка — нямецкія, трафейныя, з арлом.
Па-дызайнерску дасканалыя рэчы. Ёмкія, зручныя, але есці — ні відэльцам тым, ні лыжкай фашыстоўскай — не магу. Дзіўна.
А вось штых-нажом нямецкім карыстаўся доўга, нават, падабалася.
Вось яно як
Адзін мужчына штораніцы глядзіць навіны «Euronews».
Другі — «Вести» РТР.
Абодва працуюць у мехкалоне Смаргонскага ДРБУ.
Народныя песні
Гэтую гісторыю ад жончынага дзеда Сцяпана чуў двойчы. У другі раз запісаў яе ў маленькі нататнік. Дзед сядзеў у вялікім пакоі, пры круглым стале. Свяціла сонца: на чыстую падлогу, на сцены, зіхацела ў белай кафлі грубкі, а мы з жонкай сядзелі насупраць і слухалі.
Ён расказваў, як з другімі палоннымі працаваў на сталеліцейным заводзе ў горадзе Максюта. Так і казаў — Максюта. Насамрэч, той невялікі гарадок у Баварыі называецца Maxhutte-Haidhof. Працавалі там доўга, шмат і цяжка. Потым завод разбамбілі. Напрыканцы зімы 1945 года ўсіх рабочых перавезлі з завода ў лагер, які і вызвалілі амерыканцы.
Тады Сцяпан Ляйчонак упершыню ўбачыў чарнаскурых вайскоўцаў. Салдаты былі дужыя, высокія. Расказаў і такі жарт пра першыя сустрэчы з вызваліцелямі, што калі хто пераадолее гідлівасць і пацалуе чорнага салдата, то атрымае ў падарунак залаты пярсцёнак. Г аварылася гэта весела, з усмешкай. А потым дзед спахмурнеў, падціснуў вусны, прыгладзіў сівыя валасы і доўга маўчаў, перш чым пачаць гаварыць.
Праз некалькі дзён, калі амерыканцы склалі спісы і ўсё ўдакладнілі, калі хворых і нядужых паклалі ў шпіталі, астатніх сабралі ў двары, пастроілі і афіцэр праз перакладчыка растлумачыў, што хутка ўсіх перададуць рускім. Але, калі хто не жадае вяртацца ў Савецкі Саюз, то можа паехаць у Амерыку, каб жыць і працаваць там. Хто згодны ехаць у далёкую Амерыку, той павінен зрабіць тры крокі наперад. Некалькі разоў перакладчык паўтарыў пра тры крокі. Афіцэр, са спісамі палонных, стаяў, глядзеў, чакаў. «Некалькі нашых выйшлі, а я застаўся стаяць. Мог бы, канешне, і я пайсці. Не прапаў бы ў той Амерыцы. Але застаўся на месцы. Дома ж дзве дачкі, бацькі, брат малодшы.» — казаў дзед з разгубленай усмешкай.
Потым быў фільтрацыйны лагер, а пасля некалькі месяцаў вайны.
У пакой свяціла сонца, і дзед мружыўся, вочы слязіліся.
Вера і сіні квіток
У маім жыцці мноства фактаў, якія з’яўляюцца сведчаннем існавання Бога.
Гэтыя факты-падзеі нічым іншым вытлумачыць не магу. Іх, сапраўды, шмат!
Але мне дастаткова і таго, што гадоў у шэсць, першымі вераснёўскімі днямі, на плошчы побач з клубам ён даў мне марозіва-эскімо на палачцы — коштам адзінаццаць капеек (смачнейшага ніколі не каштаваў). Каб жа толькі марозіва, а яшчэ сіні квіток на дзённы сеанс, на фільм пра Сіндбада-вандроўніка.
Часам здаецца, што гэта было ўчора. Я не запомніў ні твару, ні паставы, ні абставін, пры якіх марозіва і квіток аказаліся ў маіх руках.
Думаю, што ў кожнага ёсць такія доказы.
Ягадны сон
Перадалі днямі з Ушаччыны гасцінец — вядро брусніц. Селі з жонкай перабіраць. Чырвоныя, ружовыя, барвовыя, мяккія, цвёрдзенькія, дробныя і буйныя ягады. Цэлы вечар сядзелі і выбіралі лісцікі, сасновыя і яловыя голкі, траву. Душэўна пра дзяцінства гаварылі, розныя гісторыя і ягадныя мясціны згадвалі. Рукі пахлі лесам. Смачна неверагодна. Жывым і сапраўдным лесам.
А калі спаць лёг, то ягады не сніліся, хоць і наглядзеўся на іх за мітуслівай працай да болю ў вачах. Дзіўна? Грыбы, ягады, рыба сняцца заўсёды. Паплавок — дае нырца, грыб — з-пад куста вызірае, ягады — россыпам чырвоным на зялёнай траве. І толькі сёння пад вечар зразумеў, чаму яны ў мой сон не прыйшлі.
Не сам збіраў, не гнуўся за кожнай ягадзінай, вось і не прысніў.
Любоў
У майго знаёмага была выдатная бібліятэка, вялікая кватэра, машына і ўспаміны пра вандроўкі па свеце. Патолагаанатам сказаў, што мой знаёмы ў свае семдзесят два, здаравейшы за саракагадовых. Жыць бы мог бесклапотна з такім здаровым арганізмам гадоў пятнаццаць, бо, нават зубы добрыя, ніводнай дзірачкі незалечанай. А чалавек не захацеў жыць. Скончыў жыццё самагубствам сярод любімых рэчаў, якія збіраў, пра валоданне якімі марыў, на якія працаваў нястомна. Не ўтрымала любоў да рэчаў чалавека на гэтым свеце. І не магла ўтрымаць. І любоў да Радзімы не ўтрымала ад жахлівага кроку... Не стала сына, не стала сабакі, не стала жонкі.