Думаю, што калі б у майго знаёмага быў плаксівы ўнук, няхай і не ў Мінску, то ўсё склалася б інакш.
Чалавек
У аднаго майго знаёмага — сабака, а ў другога — кот. У трэцяга — выдатная амерыканская машына. У чацвёртага — шыкоўнае лецішча і машына. У пятага знаёмага — сабака, кот, машына, лецішча і каханка. Ён — самы няшчасны, прынамсі, так кажа пры кожнай выпадковай сустрэчы.
Ван Гог
На балконе шостага паверха, высока па-над дваром і дрэвамі, растуць тры вялікія сланечнікі. Я падумаў, як гэтыя кветкі глядзяцца ў раме акна, з кватэры. На сінім, ці шэрым небе — радасна і святочна, як на карціне. Сланечнікі паварочваюць свае залатыя галовы, у адрозненне ад намаляваных, за сонцам.
Гэта прыгажэй за феерверк.
Салют, Вінсент Ван Гог!
Прыгажосць
Сёння згадаў любімую японскую пісьменніцу Сэй Сёнагон і яе бессмяротнае назіранне, што адваротны бок прыгожай вышыўкі заўжды выклікае агіду. Зайшоў у двор па вуліцы «Карламарла». З вуліцы — столікі, сурвэткі, парасоны. Публіка прыстойная харчуецца, каву п’е, ласуецца прысмакамі рознымі, па мабілках размаўляе, на ноўтбуках піша. Карацей, прыгажосць і гламур.
У двары ж — кухары ў брудных хвартухах афіцыянтак ціскаюць, паляць, ядуць з аднаразовых талерачак пальцамі, матам лаюцца. І смурод з кухні яшчэ той. На асфальце недапалкі, смецце, скрыні драныя з недаедкамі. Вось такая вышыўка.
А кава там — смачная.
Неба
Кручкі нямецкія. Жылка японская. Паплавок ангельскі. Вудзільна кітайскае. Катушка шведская. Сумка галандская. Сцізорык швейцарскі. Тэрмас нямецкі. Кава бразільская. Запальнічка кітайская. Цыгарэты амерыканскія. Ліхтарык іспанскі.
А што беларускае?
Чарвякі, рака ды рыба!!!
Му-му
Каб пра абарону Брэсцкай крэпасці напісаў сляпы Гамэр, то...
Хто б ведаў студэнта Раскольнікава, каб не Дастаеўскі?
Хто б ведаў падлеткаў: Рамэа, Джульету, прынца Гамлета?
Хто б ведаў Хрыста, каб не апосталы-пісьменнікі?
Пералік можа быць доўгім-доўгім, як жыццё чалавецтва.
Толькі тое, да чаго дакранаецца мастак, і застаецца.
Астатняе гіне, ператвараецца ў лічбы, факты. (малацікавыя і малазмястоўныя).
Травень
У першым і другім класах я хадзіў у школу ў першую змену, а ў трэцім — у другую. Уся першая палова дня ў мяне была вольная. Я залазіў на спінку канапы пры акне. Ставіў ногі на радыятар, а на шырокім падаконні раскладаў сваё багацце. У мяне была вялікая скрыня з-пад шахмат, а там — пластылін. Не памятаю, хто і з якой нагоды аддаў мне аж некалькі пачкаў пластыліну. На той час прачытаў «Зверабоя» і «Следапыта». Адсюль і сюжэт узнік. Я вырашыў зрабіць правадыра мужных індзейцаў і яго воінаў. Вядома, што мустангі плямістыя, а індзейцы ў баявой расфрбоўцы і пры зброі. Тры дні да школы і пасля я ляпіў індзейцаў. Нікому не паказваў. Нарэшце скончыў. Бацькі не верылі, што я змагу зрабіць нешта вартае ўвагі і здзіўлення. Я зляпіў сямнаццаць чырванаскурых чалавечкаў, упрыгожаных яркімі пёрамі. Пластыліну на сямнаццаць мустангаў не хапіла, а таму пяцёра воінаў здаваліся маленькімі. Я расставіў на белым падаконні сваё індзейскае войска, задаволена агледзеў і пабег на заняткі. Вельмі хацеў, каб бацькі здзівіліся майму майстэрству.
Вярнуўся са школы, а мяне сустрэла сямнаццаць рознакаляровых гурбачак. Маё войска знікла. Я падумаў, што гэта малодшы брат пастараўся, потым.
І колькі тады ні тлумачыў бацька, колькі ні пераконваў, а я так і не паверыў, што гарачае вясновае сонца растапіла пластылін.
Цяпер — веру.
Кантрасты
На Круглай плошчы заквітнелі дрэвы. Народ пад тымі дрэвамі фатаграфуецца. Лезуць паўдуркі пад галіны, бо думаюць, што побач з дрэвамі ў беларужовай квецені і яны будуць выглядаць прыгожа. Не разумеюць таго, што калі жадаеш выглядаць прыгожым — здымайся побач з пачварным... Закон кантрастаў ніхто не адмяняў...
А потым згадаў свой любімы фотаздымак, на якім трымае мяне, пяцімесячнага, мама на руках пад старой яблыняй у квецені...
І мама прыгожая, і я маленькі, як той анёлак...
І прыгажосць дрэва нам не перашкаджае... Эх, законы...
Грошы
Старая касірка, з рукамі настаўніцы-піяністкі, непадробна абурылася, калі я сказаў банальнасць пра тое, што грошы не пахнуць. Яе твар сціснуўся, здзьмуўся, як надзіманы шарык, а пальцы перасталі рухацца. «Што вы такое кажаце. Я два разы ляжала ў бальніцы праз алергію на грошы... Яны смярдзяць, яны могуць атруціць. Я губляла прытомнасць у сховішчы і не магла зразумець ад чаго. Вярталася, садзілася лічыць, прывезеныя інкасатарамі грошы, і мне зноў рабілася кепска...» — казала касірка і складала перахопленыя аптэчнымі гумкамі пачкі банкнотаў.